website languages:
News
Articles
Literature
Video/Audio
 
About us
Our initiatives
Free hosting
Join us
Contact
 
Links
Our banners
 




Беларускі Мўзэй, Нью Ёорк, ЗША



Belarusan government doesn't need active young people E-mail
Tuesday, 07 August 2007
Translation is coming soon...

Вы поглядзіце, што робяць улады. Яны выкарыстоўваюць крымінальны пераслед для ўціску на дзяцей, моладзь. Івану Шылу – 16 гадоў, Яраславу Грышчэні – 18, Насце Палажэнцы – 16. У Зміцера Дашкевіча 19 ліпня быў дзень нараджэння, але яму нават не дазволілі сустрэцца з роднымі і толькі па той прычыне, што ён не стаў даваць звестак супраць свайго сябра.

Гэта яшчэ дзеці, моладзь, у іх яшчэ юнацкае адчуванне жыцця. А ўлада іх, папросту кажучы, ператварае ў крымінальнікаў.
За што?! Яны ж нікога не забілі, не абрабавалі, не падманулі. Іх “віна” толькі ў тым, што яны дзейнічаюць ад імя арганізаціі, якую па незразумелых прычынах ДЗЯРЖАЎНЫЯ ЎЛАДЫ НЕ ХОЧУЦЬ рэгістраваць. Дык гэта тады ЯНЫ іх і штурхаюць на такія “злачынствы”.
У чым праблема? Вось “Белую Русь” регістрыруюць без праблем. А з “Маладым Фронтам” у чым справа? Чым ён горшы за іншыя арганізацыі?

Людзі могуць выказваць свае думкі, ствараць грамадскія арганізацыі – гэта іх права. Калі ж не, дык тады гэта ЎЛАДУТРЫМАЮЧЫЯ жывуць НЕ па КАНСТЫТУЦЫІ, а па сваіх, асабiстых, крымінальна-кланавых разуменнях. А ў чым тады вінаваты гэтыя юнакі? Яны не паспелі атрымаць асалоду юнацкага жыцця, не паспелі пабыць студэнтамі, адчуць на сабе цяжар дарослага адказнага жыцця – а на іх заводзяць крымінальную справу, штрафуюць і не грэбуюць больш жорсткімі і падступнымі пакараннямі.
Дык за што? За стварэнне арганізацыі? І гэта злачынства?!
Лепей уважліва паглядзіце, колькі яшчэ ходзіць па нашай зямлі тых, хто забівае, рабуе, падманвае, бярэ хабар. Але іх не чапаюць, яны чамусьці не злодзеі.

Калі ж ты асмеліўся стварыць арганізацыю, не пажаданую для маючых уладу кланавых групоўвак, дык ты самы вялікі злодзей, і цябе трэба ў турму за гэта.

Як можна забараніць пікеты, раздачу ўлётак, стварэнне сайта – гэта законнае права самавыяўлення асобы, не гледзячы нават на тое, што яно не супадае з думкай кіраўніка дзяржавы. Яны ж ні порна сайты стваралі, ні непрыстоўныя ўлёткі раздалі, а ўсяго толькі прыкладалі намаганні, каб абдумаць і зразумець усё, што робіцца ў краіне праз свой юнацкі, яшчэ чысты эталон разумення дабра і зла!
Вялікага розуму не трэба, каб увязніць альбо аштрафаваць на неверагодную суму маладога чалавека, а вось злапаць і арыштаваць сапраўднага злодзея, сапраўдных парушальнікаў закона – тут ужо ў кіраўніцтва праблемы, бо тут думаць трэба і прыкладаць намаганні.

Лапайце і саджайце сапраўдных злодзеяў і не чапайце нашых дзетак! Менавіта на барацьбу з крымінальшчынай, карупцыяй павінны ісці нашыя налогі, і менавіта за гэта павінны атрымоўваць сваю зарплату людзі ў пагонах, а не за пакуты тых, хто ацэньвае сітуацыю ў краіне крыху інакш і з’яўляецца цалкам безабаронным маладым чалавекам перад узброеннай да зубоў машынай МУС і КДБ.
Улады нішчаць лёс гэтых падлеткаў толькі таму, што тыя змаглі стварыць арганізацыю. Гэта ж вітаць трэба. Яны не блытаюцца па падваротнях, не співаюцца ў такт дарослым, а займаюцца справай. Хай, нават, калі тая справа і не супадае з меркаваннем і жаданнямі прыўладных царкоў. А тых за апошнія 10 гадоў развялася вялікая колькасць і закон ім не пісаны - яны ж пад “дахам” Прэзідэнта (як ён сам і заявіў на 3-м Усебеларускім сходзе).

Гэтай адказнай моладзі наадварот трэба дапамагаць, а не запаўняць імі турмы і калоніі або з дапамогай іх папаўняць бюджэт, як быццам болей няма каму сядзець у турмах ці няма з каго браць штрафы. І не калечыць ім жыцці трэба, гвалтам адбіраяючы ў іх самае дарагое, што ў іх ёсць – час юнацтва, іх самыя лепшыя маладыя гады, калі яны прыгожыя, здаровыя, актыўныя, упершыню адчуваюць, што гэта такое быць закаханным.

Маладыя людзі не зрабілі нічога супрацьпраўнага. Калі ж прыняты закон, які вось так проста дазваляе губіць сумленных маладых людзей, дык ЯГО трэба мяняць, а не ўзрошчваць у турмах пакаленні, у якіх забралі гады сталеньня толькі таму, што УЛАДЫ баяцца сваіх грамадзян, з-за чаго і прымаюць такія падступныя, бязлітасныя законы.

А куды глядзіць “хвалённае” БРСМ? Гэта ж вашую моладзь, вашых юнакоў садзяць у турмы, адпраўляюць у калоніі, штрафуюць. Чаму не заступаецеся? Або вашай адвагі хапае толькі, каб выйсці на вуліцы з мётламі ў руках на чарговую планавую ўборку ці каб арганізаваць патруль па горадзе. Хопіць нічога не рабіць, ужо час і сумленне мець. Выкарыстайце хоць раз сваю грамадзянскую волю і абараніце такіх жа маладых і таленавітых дзяўчат і юнакоў, як і вы! Што страшна? Канешне, прасьцей і бяспечней поддакваць і выконваць усё, што скажуць зверху. Цяжэй быць асобай і самому вырашаць, што мне сумленне дазваляе, а ў чым я ніколі не саступлю.
Чаму ж вы ні слова не сказалі, калі студэнтаў пазбавілі ільготаў? Гэта ж у вас ільготы АДАБРАЛІ, а вы і радыя таму, бо “мая хата з краю”. Не, не з краю – гэта датычыць менавіта вас. А можа ў шэрагах БРСМа НЯМА ніводнага студэнта, калі так вы з усім мірыцеся?
Не, не ўсё так добра ў той краіне, як імкнуцца ўпэўніць нас салодкагалосыя дзяржаўныя СМІ, калі ў ёй саджаюць у турмы і штрафуюць 16-18-гадовых падлеткаў ТОЛЬКІ з-за іх актыўную грамадзянскую пазыцыю і адвагу сказаць НЕ. Але вы - БРСМаўцы, задаволеныя, бо вам гэта не пагражае. Вас у турмы не пасадзяць, неправамоцны штраф не выпішуць, бо вы беспярэчна выконваеце ўсе загады ўлады. Але памятайце, гэтак рабіў і камсамол, але дзе ён цяпер, хто яго памятае, паважае? Ніхто.

Вы глыбей капніце гісторыю гэтага камсамола (1925-40 гг.), каб зразумець, якія жахі там рабіліся, як ламаліся людскія лёсы ні за што, ні пра што. Спытайце сваіх бабуль, дзядуль – яны гэта яшчэ памятаюць. Хочаце гэта паўтарыць? Тады рызыкуйце. Схавайце як мага далей сваё сумленне ды сваю чалавечую годнасць і выконвайце ўсе адыёзныя загады вашага нязменнага ПРАВАДЫРА. Тады без асаблівых клопатаў вы і па кар’ернай лесвіцы расці будзеце, і працу няпыльную вам дадуць. Толькі, хлопцы і дзяўчаты, не забывайце і пра тых, хто цяпер у такім жа ўзросце пакутуе ў турэмных засценках ці аштрафованы на вялізную суму, хто пазбаўлены сваіх самых светлых і яркіх маладых гадоў. І ведайце яшчэ, што мы застаемся асобай, калі не патураем маўкліва і бяздумна таталітарна-аўтарытарнай сістэме.

Паглядзіце на еўрапейцаў! Яны перажылі фашызм Другой сусветнай вайны і ВЫНЕСЛI ЎРОК з гэтага страшнага мінулага. Вось чаму яны на першае месца паставілі правы і свабоды чалавека, кожнай асобы, прыраўняўшы перад законам жабрака і чыноўніка, прэзідэнта і простага сапожніка. Вось чаму яны збудавалі дэмакратычнае грамадства, у якім створана такая прававая абарона, што еўрапейскае грамадства болей ніколі не скоціцца ў нялюдскую фашыстоўскую ці прыніжаючую каммуністычную бездаць. Вось чаму яны жывуць ЛЕПЕЙ за нас. Еўропа не хоча паўтарэння таго мінулага. Таму ў іх развіваецца грамадзянская супольнасць, якая, калі ўлада робіць памылкі, тут жа на гэта рэагуе. Еўрапейцы вельмі цэняць мір і свабоду.

А мы ізноў усё паўтараем, нягледзячы на тое, што такая сітуацыя ў нас ужо была, і мы добра памятаем да чаго яна нас прывяла. Так, мы памятаем Другую сусветную вайну, ганарымся мужнасцю нашых бацькоў і дзядоў, праводзім маршы, парады ў гонар Дня Перамогі, але ВЫНЕСЦI ЎРОК з мінулага мы, Беларусы, НЕ СПЯШАЕМСЯ ці не жадаем. Чакаем, калі гісторыя зноў паўторыцца. А яна ўжо паўтараецца!
Меў рацыю амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі Брайан Беннет, які перад ад’ездам сказаў, што цяперашняя Беларусь «гэта свайго роду палітычны мікраскоп Савецкага Саюзу. Гэта краіна з вельмі моцна цэнтралізаванай уладай і вялікім дзяржаўным кантролем над эканомікай. Беларусь спрабуе дасягнуць поспеху ў эканамічнай мадэлі, правал якой мы ўжо назіралі ў СССР… Поспех у эканоміцы будзе большым, калі яна адаптуецца да мадэлі рынкавай эканомікі, а не да састарэлай камандна-адміністратыўнай мадэлі». Можа варта прыслухацца да гэтых словаў.

Калі вярнуцца да тэмы нашай моладзі, дык яшчэ ў Бібліі сказана: “калі не будзеце, як дзеці, не здолееце ўвайсці ў Царства Нябеснае”. Грэх таму, хто гэта забывае і падымае сваю акрываўлянную руку на нашых з вамі детак. Такога не павінна быць!
Я разумею, калі б гэтыя маладыя хлопцы здзейснілі дрэнны ўчынак, падобна тым, якія зрабіла наша ўлада супраць Зміцера Завадскага, Захарэнкі, іншых (хай зямля ім будзе пухам), але не, гэтыя хлопцы і дзяўчаты вінаватыя толькі ў тым, што стварылі арганізацыю, якую сама ўлада НЯ ХОЧА рэгістраваць (альбо баіцца?).
У кім тады праблема? А праблема як раз не ў моладзі, а ва ўладах, у тых, хто пакуль кіруе нашай Бацькаўшчынай. Гэта яны прывыклі пад нашае ціхае маўчанне, бязмоўны “адабрамс”, парушаць ЗАКОН.
Цікава атрымоўваецца: улады парушаюць, а пакаранні чамусьці перападаюць ні ў чым не вінаватай моладзі. А можа настаў час памяняцца месцамі?

Андрэй Якушонак (актывіст дэмакратычнага руху Мядзельскага рэгіёна)
 

Сайт “Наша Зямля” http://nashaziamlia.org/2007/08/06/830/#more-830

 
< Prev   Next >





Бясплатны хостынг