website languages:
Навіны
Артыкулы
Літаратура
Відэа/Аўдыё
 
Аб нас
Нашы ініцыятывы
Бясплатны хостынг
Далучыцца
Кантакт
 
Сябры
Нашы банэры
 




Беларускі Мўзэй, Нью Ёорк, ЗША



Маладыя беларусы Амэрыкі землякам на радьзіме Адправіць на e-mail
Tuesday, 16 January 2007
Больш за год у ЗША дзейнічае “Беларускі моладзевы рух Амэрыкі”. Хлопцы й дзяўчаты, якія належаць да згаданага аб’яднаньня, займаюцца захаваньнем беларускіх традыцыяў за акіянам, дапамагаюць беларусам на Радзіме ствараць інтэрнэт на роднай мове ды папулярызуюць ў Амэрыцы веды пра Беларусь.

 

Першыя беларускія эмігранцкія асяродкі паўсталі ў Амэрыцы ў пасьляваенны пэрыяд. Каб не растварыцца ў шматкультурнай краіне, беларускія эмігранты наладжвалі беларускае жыцьцё далёка па-за межамі Бацькаўшчыны, ствараючы беларускія суполкі, будуючы цэрквы й грамадзкія ўстановы, якія цягам камуністычнай акупацыі Беларусі давалі беларусам Амэрыкі пачуцьцё прысутнасьці страчанай Айчыны.

Маладая беларуская эміграцыя, чыя прысутнасьць у Амэрыцы пачала быць адчувальнаю толькі некалькі год таму, паступова зьмяняе старэйшае пакаленьне. Нягледзячы на тое, што часам чутныя галасы непакою пра малую актыўнасьць новай дыяспары, новым амэрыканскім беларусам ўдаецца ня толькі захоўваць даробкі папярэдніх эмігрантаў, але й досыць някепска працаваць над уласнымі ініцыятывамі. Адной з такіх суполак, якая вельмі актыўна працуе на ніве беларускасьці ў Амэрыцы, а нават шмат у чым дапамагае беларусам на бацькаўшчыне, зьяўляецца “Беларускі моладзевы рух Амэрыкі”.

Ён быў створаны ўсяго год таму, але ўжо можа пахваліцца значнымі дасягненьнямі сваёй дзейнасьці. Пачыналася ўсё са стварэньня інтэрнэт-старонак, а паступова геаграфія пашырылася й на іншыя галіны жыцьцядзейнасьці.

Распавядае адзін з сябраў руху – Зьміцер.

Зьміцер: Усё пачалося з таго, што мы сплянавалі весьці беларускую справу ў інтэрнэце. Першымі былі распрацаваныя сайты для партыі БНФ і асабіста Зянона Пазьняка. Пазьней зьявіўся наш сайт. Так мы вырашылі стварыць ініцыятыву распрацоўкі беларускамоўнага інтэрнэту. Зараз мы маем больш за 20 праектаў і вядзем партал www.prauda.org, для якога мы зьбіраем навіны з розных крыніцаў і падаем у электронным выглядзе.

За кароткі час хлапцам удалося стварыць больш за 30 сайтаў рознага характару й для розных арганізацыяў. Гэтым чальцы руху займаюцца ў вольны ад працы час цалкам на грамадзкіх пачатках. Больш таго, усе паслугі, якія яны прапануюць са свайго боку, а гэта прадстаўленьне бясплатнага хостынгу й дапамога ў стварэньні рэсурсу, цалкам бясплатныя. Існуюць дзьве ўмовы: праект мае быць некамэрцыйным і беларускамоўным. Гаворыць адзін са стваральнікаў ідэі Алесь.

Алесь: Мы дапамагаем беларусам у Беларусі зрабіць незалежны інтэрнэт. Кожная арганізацыя, партыя ці рух, могуць да нас зьвярнуцца й атрымаць бясплатны хостынг, які будзе непадкантрольны ўладзе. Могуць атрымаць даменнае імя, якое пажадаюць. Галоўнае, каб праект быў беларускамоўны й некамэрцыйны. Гэтым ужо шмат хто скарыстаўся. Адчыніліся сайты такіх гарадоў, як Маладэчна, Салігорск, Слуцак і іншыя. Дапамагаем ім тэхнічна, а калі-нікалі распрацоўваем самі.

Акрамя праектаў, у сеціве сябры “Беларускага моладзевага руху Амэрыкі” займаюцца папулярызацыяй беларускай культуры ў Амэрыцы. Ня так даўно яны зладзілі выставу беларускага мастацтва ў вядомым у Амэрыцы музэі Глэйзэра.

Алесь: З сакавіка было праведзена шмат беларускіх выставаў. Мы дапамаглі самым вядомым беларускім мастакам прывезьці сюды свае працы, гэта й Аляксей Марачкін, Алесь Шатэрнік, Уладзімер Сулкоўскі й інш. Таксама мы прывезьлі ў Амэрыку выяву Васіля Быкава, якая зьяўляецца першым помнікам класіка ў сьвеце. Пакуль што мы яе ўсталявалі ў царкве. Быў плян усталяваньня яго ў Нью-Ёрскай публічнай бібліятэцы, але пакуль дакладна невядома, ці так яно будзе, бо ў царкве зьбіраюцца беларусы, а хто пабачыць выяву ў бібліятэцы – невядома.

Дарэчы, хлопцы стварылі новы сайт Сабору сьв. Кірылы Тураўскага, які месьціцца ў Брукліне й дзе кожныя выходныя зьбіраюцца на набажэнствы нью-ёрскія беларусы.

Зьміцер: Пасьля таго, як мы атрымалі згоду царкоўнай рады, то адразу распрацавалі сайт. Дызайнам сайту займаўся Яўген Унук. Зараз там лепш падаюцца навіны, больш фота, а неўзабаве зьявяцца й мэдыяфайлы. Таксама ў хуткім часе зьявіцца сайт Беларускага інстытуту навукі й мастацтва. Праца над ім ужо завершана, але нам патрэбна трохі часу для сканаваньня запісаў БІНіМу, якіх каля 30.

Але, акрамя віртуальнай дапамогі царкве, сябры руху прымаюць удзел у аднаўленьні царквы. Працы па рамонце адбываюцца кожную суботу й маладыя беларусы Амэрыкі стараюцца не прапускаць гэтыя дні ды запрашаюць усіх ахвотных далучыцца да аднаўленьня сьвятыні.

Зьміцер: Кожную суботу а 11.00 гадзіне яны могуць прыйсьці й дапамагчы ў аднаўленьні нашай царквы. Там ужо зробленая царкоўная заля й паверх, засталіся дробныя справы, як, напрыклад, абіцьцё вагонкай. Таксама неабходна ўпарадкаваць падвальнае памяшканьне. Магчыма, ўжо праз некалькі месяцаў царква будзе цалкам адбудаваная.

Хлопцы кажуць, што без паўнацэннага культурніцкага жыцьця цяжка ўявіць дзейнасьць нацыянальнай эміграцыі, таму неўзабаве ў Амэрыцы адчыніцца Музэй беларускага мастацтва. Плянуецца, што ўжа ўлетку там змогуць адбыцца першыя выставы.

Алесь: Плянуем павялічыць дапамогу ў інфармацыйнай і электроннай прасторы Беларусі. У сакавіку мы плянуем зарэгістраваць Беларускі музэй мастацтва, можа ўлетку адбудуцца першыя выставы. Ёсьць ужо нават канкрэтныя дамоўленасьці з мастакамі.

Дзейнасьць “Беларускага моладзевага руху Амэрыкі” найбольш сканцэнтраваная на Нью-Ёрку й штаце Нью-Джэрсі, але аб’яднаньне мае ўжа сваіх сябраў у Філадэльфіі, Бостане, Вашынгтоне, а таксама ў Канадзе. Трэба дадаць, што дзейнасьць руху не фінансуецца фэдэральнымі сродкамі, усе выдаткі хлопцы й дзяўчаты пакрываюць з уласнай кішэні.

Дзьмітры Гурневіч, Радыё "Палёнія"

 
< Папяр.





Бясплатны хостынг