|
Мы, прадстаўнікі новага палітычнага пакалення беларусаў , поўныя цвёрдага жадання рашуча дзейнічаць для абароны суверэнітэту Беларусі, яе дэмакратызацыі і барацьбы за эканамічную самадастатковасць, заклікаем удзельнікаў грамадскіх групаў і супольнасцяў , усіх беларусаў , зацікаўленых у пераменах, да салідарнасці на падставе наступных палітычных прынцыпаў:
Мы выступаем за рэальнае аб'яднанне высілкаў апазіцыйных сілаў не для "кансалідацыі" інтарэсаў і амбіцый лідэраў, а для перамогі над рэжымам А . Лукашэнкі , пры якім Беларусь асуджаная заставацца палітычна і эканамічна неразвітай. Мы прапануем прыхільнікам дзейнага супраціву дыктатуры далучацца да нас , а не дапамагаць імітаваць барацьбу ў "лялечным каралеўстве" апазіцыі. Мы заяўляем, што з'яўляемся сталымі саюзнікамі простых актывістаў - "хрыбта апазіцыі", але не імітацыйных партыйных структур і іх нязменных лідэраў. Мы не бачым сярод кіраўніцтва сілаў старой палітычнай апазіцыі, "закасцянелага ў паразах, выразнікаў нацыянальнай беларускай ідэі, прадстаўнікоў дзеяздольнай палітычнай эліты краіны, якія цвёрда адстойваюць нацыянальныя інтарэсы. Мы пацвярджаем свой няўдзел у дзейнасці кааліцыі "Аб'яднаных Дэмакратычных Сілаў" і не прызнаем вынікі яе Кангрэсу , лічачы, што апазіцыйная кааліцыя па сутнасці імітуе стратэгію і тактыку барацьбы з рэжымам, што і тлумачыць устойліва кан'юктурны характар яе рашэнняў. Кіраўніцтва старой апазіцыі , што патанула ў спрэчках і вызначэннях сваіх канфігурацый і паўнамоцтваў, прыводзіла апазіцыю да пройгрышу штораз у 1996, 2001, 2004, 2006 і 2007 гадах. За ўвесь час свайго існавання яна не наблізіліся да стварэння пазітыўнага парадку дня для Беларусі, стала прапаноўваючы грамадству толькі " лозунгавую " рэальнасць. Мы адмаўляем дыялог з уладай , прапанаваны лідэрамі старой апазіцыі на канферэнцыі ў Вільнюсе(падрабязней тут: Святлана Калiнкiна, Юрый Чавусаў), бо лічым, што працягванне рукі дапамогі рэжыму, які знаходзіцца ў цяжкім і безнадзейным крызісе, падоўжыць яго манаполію на ўладу. Мы ўпэўненыя ў няздольнасці беларускага прэзідэнта да перамоваў. Мы перакананыя, што дыялог з уладай у сучасных умовах падобны сепаратным перамовам з фашысцкім рэжымам А . Гітлера ў лютым - сакавіку 1945 года. Мы лічым, што лідэры апазіцыі , апынуўшыся за адным сталом з людзьмі, якія не без падстаў падазраюцца ў фізічнай ліквідацыі сваіх апанентаў, здрадзяць тым тысячам прыхільнікаў, якія пацярпелі ад дзеянняў уладаў у гэтыя гады, а таксама памяць заўчасна сышоўшых ад нас палітыкаў, журналістаў, бізнэсмэнаў. Мы супраць фактычнай легітымацыі апазіцыяй фальсіфікаваных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2006 года , а таксама прызнання дэ-факта права Лукашэнкі на трэці і наступныя прэзідэнцкія тэрміны. Мы рашуча пратэстуем супраць распальвання надзеяў на наменклатурны пераварот , бо лічым, што сёння - гэта ілюзія, якая сістэматычна падпітваецца ўладамі з мэтай замяніць рэальную палітычную працу на бясконцую канспіралогію . Наменклатурны пераварот - відавочнае зло для Беларусі, бо яго наступствы відавочныя: крымінальная дзяльба народнай уласнасці, палітычная нестабільнасць у краіне, што абрыне Беларусь у працяглы перыяд безуладдзя і анархіі. Мы лічым, што рашэнне праблемы дэмакратызацыі Беларусі магчымае толькі ў выніку з'яўлення новага адказнага пакалення маладых лідэраў Беларусі, не маючых дачынення да “стратэгіі бясконцых паразаў і змагання дзеля змагання”, здольных перамагаць . Гэта пакаленне здолее к ансалідаваць пазіцыi Захаду (ЕС і ЗША) і Расеі па беларускім пытанні. Без гэтага, не маючы моцнай грамадскай сілы ўнутры краіны, Беларусь будзе разглядацца асноўнымі геапалітычнымі гульцамі (ЕС, Расіі і ЗША) толькі ў якасці чарговага геапалітычнага плацдарму для прасоўвання сваіх інтарэсаў. Мы заклікаем усе здаровыя сілы беларускага грамадства , незалежна ад узросту, полу, канфесійных і нацыянальных адрозненняў, падзяліць з намі адказнасць за будучыню нашага народа і краіны. Мы заклікаем прыхільнікаў падзяляемых намі прынцыпаў прыняць актыўны ўдзел у стварэнні эфектыўнай стратэгіі і тактыкі спынення незаконнага кіравання А . Лукашэнкі і аднаўлення ў Беларусі канстытуцыйнага ладу, законнасці і дэмакратычнага парадку. Нашая стратэгія прадугледжвае дыялог не з уладай, але з людзьмі , выпрацоўку агульнай візіі ў адносінах да будучыні нашай краіны , заснаванай перадусім на беларускіх інтарэсах. Аб'яднаўшы нашыя сілы, мы дадзім дарогу маладым людзям, не ангажаваным у партыйны асяродак, да рэальнага ўдзелу ў лёсе нашай краіны і народа . Разам мы створым эфектыўную тактыку агульных дзеянняў. У час V мы будзем здольныя аказаць эфектыўнае, размеркаванае ў часе і прасторы ўздзеянне на аўтарытарную сістэму ўлады ў Беларусі з мэтай яе нейтралізацыі. Каб, пачаўшы руйнавацца, яна не змагла пахаваць пад сваімі абломкамі Беларусь, каб распад не апынуўся знясіленнем народа, каб Беларусь, скінуўшы з сябе паразітаў, здолела акрыяць як эканамічна, так і палітычна. Мы адродзім Беларусь і зробім яе свабоднай , забяспечым пакаранне вінаватых у злачынствах за перыяд 1994-2007 гг. і эфектыўную трансфармацыю ўлады ў адкрытую і адказную перад сваімі грамадзянамі сістэму. Прыйшоў час перамагаць! 09.05.2007 г . Менск Беларуск i Моладзевы Рух Амэрыкі - Бунт - Ініцыятыва - Паветра - Погляд - Трэці Шлях * Маніфест з'яўляецца вынікам шырокай дыскусіі ў асяродку палітычнага і грамадскага актыву, якая ўзнікла на падставе дбайнага аналізу палітычнай сітуацыі на беларускім палітычным полі, што склалася пасля Вільнюскай канферэнцыі беларускай апазіцыі (красавік 2007 г .). |