|
Wednesday, 04 April 2007 |
|
У нядзелю 25 сакавіка ў грамадскай залі Сабора Сьвятога Кірылы Тураўскага, у Брукліне, Беларускі моладзевы рух Амэрыкі зладзіў сьвяточную дыскатэку прысвечаную 89-й гадавіне абвешчаньня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Галоўным госьцем і ді-джэем сьвяточнай праграмы быў dj GOR, які спецыяльна падрыхтаваў новы музычны транс сэт.
Усе, хто застаўся ў грамадскай залі не пашкадавалі ні хвіліны свайго сьвяточнага нядзельнага вечара і з задавальненьнем таньчылі на працягу паўтары гадзіны (і гэта без перапынку!). Нечакана сярод моладзі, якую ўжо звычна бачыць на такога рода мерапрыемствах й імпрэзах, былі і людзі больш дарослыя. Прыемна заўважыць, што таньчылі нягорш за заядлых наведвальнікоў дыскатэк.
Беларускаму Маладзеваму Руху Амерыкі хочацца верыць, што новая культурная акцыя знайшла свой водгук і будзе мець працяг ў нядоўгай будучыні.
Вольга: “Вось такія імпрэзы мне падабаюцца: і патаньчыць можна, і людзей новых пазнаць! Музыка здалася даволі цікавай, лічу, што ді-джэй зрабіў вялікую працу пры падрыхтоўцы да дыскатэкі. Зычу яму творчых посьпехаў! ”
dj GOR: “Я працую ў стылю транс-прагрэсіў-хаўс. На мой погляд, у апошнія гадоў дзесяць гэта адзін з найбольш папулярных і моцных стыляў сярод астатніх у культуры эляктронай дэнс музыкі. Я лічу, менавіта ён можа прынесці больш энергіі на дэнсфлор. Сённешняй дыскатэкай я больш чым задаволены, пляную працягваць сваю працу і веру, што гэта не апошняя дэнс-вечарына.”
Увага!!! Сачыце за паведамленнямі!!! Наступная вечарына набліжаецца!!!
|