|
|
Прэзэнтацыя фільма "Плошча" ў Нью Ёрку |
|
|
Sunday, 18 February 2007 |
|
18 Лютага, у грамадскай залі Сабора Сьвятога Кірылы Тураўскага, у Брукліне, Беларускі моладзевы рух Амэрыкі зладзіў прэзэнтацыю фільма Юрыя Хашчавацкага "Плошча". Перад праглядам фільма быў зачытаны ліст Зьміцера Марчука, удзельніка падзеяў на плошчы Каліноўскага падчас выбараў у сакавіку 2006 года. Пасьля прагляду адбылося абмяркаваньне фільма, а таксама былі бясплатна распаўсюджаны DVD дыскі з фільмам.
Ліст Зьміцера Марчука: Самае моцнае ўражаньне, якое пакінула Плошча Каліноўскага – гэта рашучасьць моладзі стаяць да перамогі! Ужо ў першую ноч з нядзелі 19 на панядзелак 20 сакавіка было зразумела, што людзей нішто не зломіць. Нават выкліканая ўладай завіруха менавіта ў той час, калі ўся плошча стала поўная народу. Бо нягледзячы на мароз і лёгкую вопратку, людзі вырашылі застацца і прабылі на плошчы да самай раніцы. Усю ноч мерзлі, спрабавалі сагрэцца скокамі, забаўляліся сьпевамі, але не сыйшлі. Усіх сагравала прага адстаяць праўду і справядлівасьць, бо большасьць з прысутных ўдзельнічалі ў назіраньні за выбарамі, фіксавалі масавую фальсыфікацыю выбараў, і таму прыйшлі змагацца за праўду, за адмену злачынных вынікаў галасаваньня. Пераважную большасьць складала моладзь, якая любіць Беларусь і хоча жыць ў свабоднай дэмакратычнай заможнай эўрапейскай краіне. Бо моладзь больш летуценная і шчырэйшая за дарослых, якія ўжо стаміліся ад змаганьня з дыктатарскім рэжымам і баяцца згубіць працу. Добра, што я ўзяў тады адпачынак, які правёў на плошчы і ў турме. А студэнты і старшакласьнікі не пабаяліся, што іх павыганяюць з інстытутаў і школаў. Любоў да Радзімы і праўды аказалася мацнейшай за страх. Некаторыя паўсонныя ехалі на вучобу і працу, а затым вярталіся ізноў на ноч. Некаторыя не спалі некалькі суткаў запар. Было шмат вернікаў, якія шмат маліліся за перамогу Царства Хрыста сьвятла і праўды над царствам цемры і хлусьні. Бо толькі Бог дае моц для змаганьня. Асабліва ўразіла малітва перад самым хапуном спэцназаўцамі. Дзяўчына вельмі прасіла Госпада, каб Ён абараніў нас, каб моцна не білі. На працягу ўсіх 4 суткаў ладзіліся ня толькі малітвы за збаўленьне і вызваленьне Беларусі, але і набажэнствы сьвятарамі розных канфэсіяў. Таму з намі Быў Бог! Уражвала і тое, што людзі з усяго гораду і Беларусі прывозілі ежу, коўдры і вопратку, ня гледзячы на ператрус і арышты на падыходзе да лягеру. Усяго было схоплена яшчэ да начнога хапуна каля 400 чалавек. Я так сама некалькі разоў езьдзіў за харчамі, вопраткай і абуткам для слабаапранутых студэнтаў. Нават адчувальна растраціўся, бо жонка ў дэкрэце па дагляду за немаўляцяй. І доўга абыходзіў і шукаў моманты і лазейкі, каб прарвацца праз кардоны розных спэцворганаў. Белчырвонабелае сала было самым смачным харчам. Разам з тым быў вялікі выбар дарагіх вяндліных кілбасаў і кумпячкоў, сладасьцяў і сокаў. Людзі не шкадавалі грошай, бо гэта быў іхні ўклад ў агульную справу змаганьня за свабоду і праўду. Гарэлкі і віна не было нават для сугрэву, бо большасьць запраўды была сапраўднымі вернікамі. Памятаю, каб сагрэцца даводзілася шмат танчыць. Я нават ўзмакрэў ад скокаў, бо станчыў польку запар з некалькімі дзяўчатамі. Каб жонка даведалася – не пусьціла б да хаты. Шмат гучала беларускай музыкі і сьпеваў усе суткі. Спявалі самі і пад узмацняльнае абсталяваньне. Я прыцягнуў самыя любімыя мае беларускія кампактдыскі, але застаўся ні з чым, бо іх разам з абсталяваньнем прысвоілі як трафей “героі рэжыму” - амапаўцы пасьля хапуна. Шкада страчаных дыскаў і адпачынку, але ж трэба ахвяраваць нечым для свабоды. Некаторым нават не вярнулі ноўтбукі, якія засталіся ў намётах, бо ніхто не чакаў такой хуткай разьвязкі, мы плянавалі сядзець у лягеры да перамогі. І ўсё ж такі я адчуваў вялікую радасьць і нават шчасьлівае лікаваньне за тое, што ў мяне шмат аднадумцаў - нерабоў, што мы змаглі перамагчы страх, супроцьстаяць моцнаму і хлусьліваму рэжыму, адчулі смак свабоды і моц стойкасьці за яе і за праўду! Бо мы зрабілі ўнёсак ў слаўную гісторыю Беларусі і даказалі, што беларусы – свабодалюбівая мужная нацыя! Малецеся за нас штодня – і мы пераможам з Божай дапамогай. Зьміцер Марчук 27 чэрвеня ў Інтэрнэце прэзэнтаваная кніга пра падзеі ў Менску 19-25 сакавіка 2006 году. У кнізе змешчана хроніка масавых пратэстаў, калі ў адказ на абвешчаныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у цэнтры Менску паўстаў намётавы лягер. Тысячы маладых і сталых грамадзянаў і гасьцей Беларусі выказвалі нязгоду з палітыкай уладаў, надзею на перамены і веру ў вяртаньне краіны на дэмакратычны шлях. Першую частку кнігі пад назовам «Плошча» складаюць рэпартажы, інтэрвію, апытаньні, званкі слухачоў, якія гучалі ў эфіры і друкаваліся на сайце svaboda.org у дні і ночы існаваньня лягеру. Другая частка кнігі, «Турма», расказвае пра рэпрэсіі супраць удзельнікаў пратэстаў. У кнізе зьмешчаныя каляровыя фотаздымкі зь месца падзеяў. Гэтую кнігу ў фармаце PDF Вы можаце спампаваць тут (PDF, 2,25 MB)    
Беларускі моладзевы рух Амэрыкі 18 лютага, 2007 г. |
|
|