14 красавіка падчас чарговай сустрэчы сяброў Беларуска-Амэрыканскага Згуртаваньня “Пагоня” адбылася дыскусія на тэму “Праца і кар’ера ў ЗША”. Гэта быў лягічны працяг размовы аб адукацыі ў Злучаных Штатах, якая прайшла месяц назад.
Тэкст: Дзяніс Талпека
Беларускі шлях да кар’ернага посьпеху: упэўненасьць у сваіх сілах, вучоба плюс праца над сабою
Экспэртамі ў гэты раз былі ўладальнік кампаніі “GlobalEmergencyVehicles” Віталь Самсонаў ды працаўнікі буйных фінансавых устаноў Віталь Вашкевіч і Стас Змачынскі – адпаведна “Bloomberg”, мультынацыянальнай мас-мэдыйнай карпарацыі, што займаецца пастаўкай фінансавай інфармацыі, ды найбуйнейшай аўдытарскай кампаніі ў сьвеце “PricewaterhouseCoopers”. Кожнаму з трох было што распавесьці і параіць наведвальнікам сустрэчы, таму тыя амаль дзьве гадзіны, што ішла размова, праляцелі неяк зусім хутка, але ж як карысна!
Ад дзіцячай зацікаўленасьці – да ўласнага бізнэсу
Віталь Самсонаў - ўласьнік аўтамабільнай дылерскай, ці, як пра яго сказаў мадэратар дыскусіі Яўген Барысевіч, “сэрыйны прадпрымальнік”. За амаль 14 гадоў, што ён жыве ў Штатах, Віталь пасьпеў кардынальна зьмяніць сфэры прыкладаньня сваіх намаганьняў ужо некалькі разоў. Спачатку адразу пасьля прыезду некалькі гадоў працаваў у сферы харчаваньня, зарабляючы грошы на адукацыю. Затым стаў саўладальнікам невялікай будаўнічай фірмы, валодаў доляй у кампаніі хуткай дапамогі, а зараз ўжо займаецца продажам аўтамабіляў хуткай дапамогі.
Віталь, можна сказаць, пракладваў сярод беларусаў новага пакаленьня шлях па кар’ерных дарогах Амэрыкі адным з першых. Ён прыехаў у ЗША ў 98-м годзе пасьля першага курсу лінгвістычнага ўнівэрсытэту ў 18-гадовым узросьце.
Пра якасьці, якія дазволілі знайсьці працу і пра шлях у бізнэсе
У адрозьненьні ад двух другіх экспэртаў дыскусіі Віталь зараз працуе сам на сябе. Ён прызнаўся, што асабліва ніколі не ўяўляў сябе бізнэсмэнам: падчас вучобы ў DrexelUniversityдумаў, што працаўладкецца, як і шмат хто іншы, у буйныя фінансавыя ўстановы ЗША. Склалася ж па-іншаму. Да цяперашняга бізнэсу Віталя прывяла яго яшчэ юнацкая зацікаўленасьць. Як ён узгадвае, машыны былі аб’ектам яго інтарэсу з самога дзяцінства – з малых гадоў ён цікавіўся гонкамі, глядзеў новую тады для прастораў маладой Беларусі пачатку 90-х “Формулу-1”.
“Прыслухоўвайцеся да сябе – і самі знойдзеце шлях, па якім вам хочацца ісьці”, - такія простыя, але ў той жа час выключна карысныя словы Віталя. Гэта ці не галоўная парада, якая здольная прывесьці да таго, чаму сапраўды будзе жаданьне аддаваць значную частку свайго жыцьця і энэргіі.
На прыкладзе былога менчука Віталя, які дарэчы часта зьяўляецца ўдзельнікам беларускіх мерапрыемстваў, што праводзяцца ў Нью-Ёрку, Нью-Джэрсі альбо ў Філядэльфіі, бачна, што нават на выскоканкурэнтным амэрыканскім рынку можна знаходзіць тыя нішы, дзе патрэбы спажыўцоў задавальняюцца не дастаткова. Менавіта шмат у чым дзякуючы гэтаму, кампанія “GlobalEmergencyVehicles” за апошнія два гады дасягнула такога росту, і зараз у плянах Віталя пашырэньне сфэры дзейнасьці ўжо і на пажарную тэхніку.
Выбар на карысьць будучыні
Спецыяліст па падатках “PricewaterhouseCoopers” берасьцеец Стас Змачынскі быў такім амэрыканскім студэнтам, з якога шмат у чым можна браць прыклад. Працаваўшы, каб зарабляць грошы на жыцьцё ў мякка кажучы ня самым танным горадзе Амэрыкі Нью-Ёрку, ён адначасова яшчэ і выдатна скончыў свой унівэрсітэт – CUNYBrooklynCollege, не заплаціўшы падчас навучаньня за яго аніводнага цэнту! Ён прызнаецца, што асэнсавана зрабіў выбар на карысьць будучыні, шмат у чым абмяжоўваючы сябе ў першыя гады жыцьця ў Амэрыцы.
Бесперапынная праца над сабою, шматгадзінны працоўны графік ды інтэнсіўны вучэбны расклад дазволілі яму атрымліваць сэмэстр за сэмэстрам стыпендыі і гранты на навучаньне. Як вынік: ідэальныя адзнакі (аніводнай нават “Aз мінусам”!) ды накоплены падчас вучобы працоўны досьвед – у тым ліку на стажыроўках – дазваляюць яму зараз працаваць у буйнейшай аўдытарскай кампаніі ў сьвеце.
Падрабязна распавядаючы пра свой шлях да цяперашніх пазыцяў, ён грунтоўна апісваў свае думкі ды развагі, а таксама сумневы ды перашкоды, што паўставалі на яго шляху – асабліва ў першы год вучобы ў сваім каледжы.
Зараз жа ён у свае 23 гады – ужо паважаны ды аўтарытэтны ў сваёй сфэры спецыяліст. Стас за год здолеў здаць іспыты ўсіх 4-х узроўняў CPA (сэртыфікаваны аўдытар) з першай спробы. І гэта – чарговая яго “А” (можна быць упэўненым, што далёка не апошняя!), бо дасягаюць такога выніку толькі каля 15% ідучых на гэтыя іспыты.
Што тычыцца магчымага працягу адукацыі, то зараз, па яго словах, Стас папросту не гатовы да вучобы на МВА, бо разумее, што яшчэ адзін такі пэрыяд, калі вельмі працяглы час папросту няма магчымасьці адпачыць, будзе вельмі цяжка вытрымаць і фізычна, і маральна.
Зараз для яго паўстае праблема іншага кшталту – як выкарыстаць уік-эндныя выходныя суботу-нядзелю, якіх у яго ў ЗША ніколі не было дагэтуль. Але, вядома, што ў будучыні ён возьмецца і за МВА. Цудоўным стымулам у гэтым зьяўляецца прапанова кампаніі, дзе ён зараз працуе, цалкам аплаціць гэта навучаньне.
Пра працяг адукацыі - МВА?
“Не бралі на нізкааплочваемую працу – задумаўся пра больш грашовую”
Распрацоўшчык фінанасавага праграмнага забесьпечэньня ў кампаніі “Bloomberg” Віталь Вашкевіч да сваёй працы таксама ішоў праз шмат выпрабаваньняў ды сумневаў. Некалі жыхар сталіцы Беларусі ўзгадваў падчас размовы моманты, калі яго папросту не хацелі браць нават на нізкааплочваемыя працы, дзе амаль ці не адзінае, што патрабавалася - гэта фізычныя сілы. І гэтак працягвалася амаль паўгады – калі трэба былі і грошы на жыцьцё, і шмат часу на вучобу.
Першыя крокі ў адукацыі - выбар унівэрсітэту і спэцыялізацыі
Таму той пэрыяд для беларускага студэнта Гарварду стаў, прызнаецца ён, па сутнасьці самым вырашальным. Не знайшоўшы працы фізычнай, Віталь вырашыў задумацца над сваім становішчам яшчэ раз. І гэтыя наўдачы яго падштурхнулі да больш актыўных крокаў па пошуку працы іншага кшталту. Віталь вырашыў пайсьці ў CareerCenter у сваім унівэрсітэце і ўжо зусім хутка ён атрымаў запрашэньне на інтэрвію ў Harvard Medical School, дзе праз некаторы час пачаў працаваць у справаводстве ў дэпартамэнце грантаў.
Віталь Вашкевіч: праца над рэзюмэ ды стратэгія выбару стажыровак для далейшага пошуку працы
З таго часу са зьяўленьнем і ў працоўнай частцы свайго рэзюмэ гучнага імя “Гарвард”, Віталь прызнаецца, што зацікаўленасьць у магчымых працадаўцаў стала выклікаць значна прасьцей. І свой цяперашні “Bloomberg” ён выбіраў асэнсавана – упэўнены ў сваіх сілах і ведаючы на што здольны.
Парады нашых беларусаў:
-Бадай самая галоўная - ісьці вучыцца. Віталь Вашкевіч, адказваючы на пытаньне Яўгена Барысевіча пра словы, якія паўплывалі на яго найбольш, не задумваючыся адказаў: “Не адкладвай вучобу!”
Уласны бізнэс: адукацыя патрэбна альбо не?
Гэта значна пашырыць ваш сьветапогляд. І што больш істотна – амэрыканская сыстэма адукацыі дазволіць шмат у чым раскрыць менавіта вашыя зацікаўленасьці ды таленты.
Нават калі вы не вызначыліся са сваёй галоўнай спэцыялізацыяй – зьбірайце ўсе неабходныя паперы і падавайце ў каледжы альбо ўнівэрсітэты. Амэрыканская сыстэма адукацыі дае шыкоўную магчымасьць паспрабаваць сябе ў розных сфэрах, што сапраўды часта дазваляе знаходзіць менавіта тое, да чаго ў вас ляжыць душа. Ніколі не позна зьмяніць і свой “major”.
На прыкладзе ўсіх трох хлопцаў, што выступілі экспэртамі ў дыскусіі на тэму кар’еры відаць, што кожны з іх шмат вагаўся падчас сваіх першых крокаў. Усе яны (!) зьмянілі накіраваньне сваіх сілаў. Усе распачыналі свой амэрыканскі кар’ерны шлях, не ўяўляючы таго, чым дакладна яны б хацелі займацца. Кожны з хлопцаў нават прызнаўся, што ніколі б не падумалі тады, што будуць працаваць менавіта ў тых сфэрах, дзе яны занятыя зараз.
Першыя крокі падчас вучобы і выбар будучай спэцыялізацыі
Віталь Самсонаў не адразу прыйшоў да цягі да фінансаў і эканомікі і да некаторага моманту зусім не задумваўся пра ўласны бізнэс. Віталь Вашкевіч наогул бачыў сябе філосафам альбо псіхааналітыкам. Стас Змачынскі ад палітычнай навукі ды думак пра кар’еру адваката ў нейкім сэнсе нават выпадкова абраў для вывучэньня бухулік, хутка аднак зразумеўшы, што менавіта да яго ён валодае здольнасьцямі, якія могуць дазволіць дасягнуць прафэсыйнага посьпеху.
- - Таксама вельмі істотна не баяцца ды не недаацэньваць сябе і свае сілы ды знаходзіць новыя стымулы.
Дапамагае на пачатковым этапе і максымальная загрузка свайго раскладу. У далейшым гэта дазволіць нашмат прасьцей і эфэктыўней вырашаць паўстаючыя праблемы.
Праца/вучоба - як сумясьціць і ці перашкадае адно другому?
Трэба матываваць сябе запісвацца на большую колькасьць класаў, удзельнічаць ва ўнівэрсітэцкіх мерапрыемствах – у тым ліку па разьвіцьцю лідэрскіх якасьцяў. Гэта дазволіць разьвіваць уласны і прафэсыйны “тайм-мэнэджмэнт”.
Абодва Віталі расказвалі, што ім больш за 10 разоў адмаўлялі на працах зусім рознага ўзроўню. Калі гэта адбываецца адно за другім, то такое выпрабаваньне вытрымаць вельмі нялёгка. Але трэба проста верыць у сябе ды свае сілы ды не губляць спадзяваньні і не складваць рукі. Сваім досьведам яны паказваюць, што ўсе, хто імкнецца і робіць крокі зрабіць свае мары і жаданьні рэчаіснасьцю, дасягаюць свайго!
- - Трэба прыслухоўвацца да сябе, шукаць сваё “я”! Але ж і кан’юнктуру рынку адчуваць і вувучаць не забывацца! Бо ЗША за апошнія гады значна зьмянілася – зараз ужо далёка не ўсе сфэры могуць прынесці высокі ды стабільны даход.
- - Карыстацца дапамогай аддзелаў унівэрсытэтаў, што займаюцца працаўлядкаваньнем.Абавязкова шукаць стажыроўкі падчас вучобы – гэтак званыя гучныя імёны – залежна ад той сфэры, дзе зьбіраецеся працаваць. Кожная працоўная актыўнасьць ў такіх вядомых кампанях – у фінансавай сфэры гэта GoldmanSachs, Deloitte, JPMorgan– дае свой плён. Праз невялічкі час пабачыце, як потым шэтыя стажыроўкі дапамогуць будучым працадаўцам разабрацца, на што вы ўжо здольныя, а вам самім яшчэ раз упэўніцца ў сваіх сілах. І адно, і другое значна дапаможа аблегчыць працаўладкаваньне ў далейшым.
- - Ваш стажыровачны і любы працоўны досьвед дазволіць зрабіць ваша рэзюмэ больш канкруэнтным на рынку. Пра сваё рэзюмэ трэба задумвацца пры пошуку любой працы – наколькі яна будзе карыснай у вашым далейшым кар’ерным лёсе. Над шліфоўкай непасрэдна самой паперы трэба працаваць заўсёды.
- - Удасканальваць мову штодзень. Хоць у некаторых спецыяльнасьцях, як выказваліся экспэрты, можна дасягнуць добрага ўзроўню і без яе, але валоданьне ангельскай значна пашырае кола прымяненьня сваіх сілаў. Вучоба вельмі дапамагае ў разьвіцьці моўных навыкаў! Ды што там: вядома, што з кожнай дадаткова вывучанай мовай становіцца і цікавей, і прасьцей.
Пра неабходнасьць добрага валоданьня мовай і самапрэзэнтацыю падчас інтэрвію пры ўладкаваньні на працу
Беларусь?
Пра сваё стаўленьне да працы ў Беларусі ўсе нашыя экспэрты выказаліся, мякка кажучы, даволі скептычна. Віталя Самсонава падчас яго першых намаганьняў паспрабаваць стварыць уласны бізнэс у Беларусі амаль усе людзі, з кім ён размаўляў, адгаворвалі ўкладаць свае грошы і энэргію ў магчымыя беларускія праэкты. Гэта рабілі беларусы з зусім розных сфэраў дзейнасьці – у тым ліку і даволі ўплывовыя. Віталю прапаноўвалі лепш пракладваць свой шлях альбо ў Маскву, альбо ў Кіеў, называючы Беларусь занадта рызыкоўным варыянтам.
Гэта бадай такі фактар, які лепш за ўсё дэманструе інвэстыцыйную прыцягальнасьць Беларусі. Прыклад Віталя паказвае, што зацікавіць замежных інвэстараў ды прыцягнуць сур’ёзныя грошы ў Беларусь у цяперашніх эканамічных, ці што, можа, і больш істотна – у палітычных умовах – справа ну вельмі цяжкая. Калі ўжо свае сваіх адгаворваюць, то што ўжо казаць пра замежнікаў...
Стас Змачынскі сказаў, што ў бліжэйшы час аніяк ня бачыць сябе ў сыстэме цяперашняй Беларусі. Размеркавальна-плянава-камандная сыстэма, пабудаваная ў краіне зараз папросту выводзіць Беларусь пакуль з варыянтаў магчымага прыкладаньня сваіх здольнасьцяў.
З апошняга досьведу Стаса ён узгадаў нядаўнюю размову са знаёмай, якая працуе ў зусім нядаўна адчыненым прадстаўніцтве яго кампаніі ў Менску. Адно параўнаньне: 300 даляраў, якія зарабляюць прадстаўнікі “PricewaterhouseCoopers” за месяц працы ў беларускім офісе, кампанія Стаса ў Нью-Ёрку бярэ з кліентаў за адну гадзіну працы Стаса. Камэнтары, як гаворыцца, залішнія...
Гонар за Беларусь і такіх яе прадстаўнікоў!
Прыемна адзначыць, што на штомесячных сустрэчах Беларуска-Амэрыканскага Згуртаваньня “Пагоня” становіцца ўсё больш людзей, якіх запрашаюць знаёмыя ды сябры і якія жывуць у ЗША даволі працяглы час. Так, адным з такіх новых наведвальнікаў стаў салігорац Сяргей, які 6 гадоў назад выйграў грын-карту і ўвесь гэты час працуе распрацоўшчыкам фінансавага софта ў невялічкай прыватнай кампаніі.
Як адзначае адна з наведвальніц дыскусіі Воля, было, канешне, вельмі карысна паслухаць парады і даведацца пра досьвед абодвух Віталёў і Стаса, але ёй захацелася акцэнтаваць увагу крыху на іншым. “Вельмі прыемна пабачыць такіх упэўненых у сваіх сілах людзей, даведацца пра іх досьвед – з шматлікімі выпрабаваньнямі, уздымамі ды падзеньнямі.Я б нават сказала, што падчас сустрэчы ў мяне быў гонар за тое, што гэтыя хлопцы прадстаўляюць зараз у сьвеце нашу Беларусь. Яны рэпрэзэнтуюць па сутнасьці ўсіх нас беларусаў. Па-першае, як прафэсыяналы. Па-другое, проста як адкрытыя ды шчырыя людзі, у якіх ёсьць жаданьне дзяліцца сваім досьведам ды дапамагаць абыходзіць памылкі тым з беларусаў, хто пойдзе па амэрыканскай кар’ернай лесьвіцы ўжо пасьля іх”.
Беларусі такі досьвед дакладна спатрэбіцца. Атрымаць адукацыю, знайсьці сфэру свайго прымяненьня і прымяніць свае веды пасьля ўжо ў вольнай Беларусі на яе шляху да вольнага рынку і дэмакратыі – скажаце мара? Як паказвае прыклад амэрыканскіх беларусаў, калі ставіш перад сабой мэты і робіш усё магчымае для іх дасягненьня – мара робіцца рэчаіснасьцю.