website languages:
Навіны
Артыкулы
Літаратура
Відэа/Аўдыё
 
Аб нас
Нашы ініцыятывы
Бясплатны хостынг
Далучыцца
Кантакт
 
Сябры
Нашы банэры
 




Беларускі Мўзэй, Нью Ёорк, ЗША



Сьвята Дня Волі ў Амэрыцы Адправіць на e-mail
Monday, 26 March 2012
25 сакавіка ў Нью-Брансуіку, што ў штаце Нью-Джэрсі беларусы Злучаных Штатаў паўдзельнічалі ў мерапрыемствах, прысьвечаных Дню Волі. Каля сотні чалавек розных узростаў адзначылі беларускае сьвята разам.

Сьвяточныя мерапрыемствы, зарганізаваныя Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньнем Нью-Джэрсі, Беларуска-Амэрыканскім Згуртаваньенем "Пагоня", Беларускім музэем у Нью-Ёрку ды Беларускім Моладзевым Рухам Амэрыкі, распачаліся ў суботу 24-га сакавіка. Каля будынку штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку быў праведзены мітынг, які сабраў больш за сем дзесяткаў чалавек.

Праграма працягнулася раніцой у нядзелю багаслужбай, што прайшла ў царкве Жыровіцкай Іконы Маці Божай у Хайлэнд Парку ў Нью-Джэрсі. Сьвятар Беларускай Аўтакефальнай Царквы айцец Зінові адправіў малебен за Беларусь ды ўвесь беларускі народ і павіншаваў людзей нашай краіны з Днём Волі.

У чарговы раз ветліва прыняў беларусаў у гэты сьвяточны дзень гатэль "Hyatt". Ужо які год запар беларусы адзначаюць 25-е сакавіка менавіта ў гэтым месцы.

Зусім нячаста нават у Беларусі ў цяперашнія часы можна пабачыць столькі людзей строях традыцыйных нацыянальных беларускіх колераў, якія рэпрэзэнтавалі розныя рэгіёны Беларусі - ад Палесься да Віцебшчыны.

Працы беларускіх мастакоў Алеся Шатэрніка, Юлі Шатэрнік, Любові Карпавай ды Захара Кудзіна, якія прысутнічалі на сьвяткаваньні, упрыгожвалі залю разам з карцінамі, што былі раней ахвяраваны Алесем Марачкіным, Генадзем Драздовым, Рыгорам Батальёнкам БелМузэю ў Нью-Ёрку. Усьмешкі, добразычлівыя размовы, новыя знаёмствы, сустрэчы з тымі, каго бычыць не даводзілася ўжо багата часу - тое, што складае сьвята!

Афіцыйную частку мерапрыества вітальным словам і малітваю распачаў япіскап Віленскі і Нью-Ёркскі Уладыка Серафім. Коратка і ёміста ён павіншаваў беларусаў з Днём Волі.

Пасьля выкананьня амэрыканскага гімну Воляй Казак прагучалі вітальныя словы ад старшыні Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня Нью-Джэрсі Юркі Азаркі, кангрэсмэна Крыса Сьміта, сэнатараў Франка Лаўтэнбэрга і Робэрта Мэнэндэса ды губэрнатара Крыса Крысьці.

Фрэнк Палонэ

Пэрсанальна павітаў прысутных кангрэсмэн Фрэнк Палонэ, жонка якога родам з Беларусі. Былі зачытаныя вітальныя словы старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы і старшыні КХП-БНФ Зянона Пазьняка. Выступілі старшыня Беларуска-Амэрыкансака Згуртаваньня "Пагоня" Віталь Зайка і каардынатар Беларускага Моладзевага Руху Амэрыкі Дзяніс Талпека.

Вядомыя беларускія творы ў шыкоўным выкананьні канцэртнага трыа у складзе Алеся Казака, Вялянціны Пархоменкі і Волі Казак амаль адразу пусьцілі ў пляс самую лёгкую на пад'ём частку беларусаў. А сьпеў мужа Волі Анлара, які родам з Турцыі, шэрагу кампазыцыяў на беларускай мове, выклікаў павышаныя дэцыбэлы аплядысмэнтаў і воклічаў з залі.

Узрушаныя беларусы былі такім чынам гатовыя да выступу спецыяльна запрошанага з Беларусі на сьвяткаваньне Дня Волі Лявона Вольскага. Распачаўшы з "Зямлі" за наступныя 3-4 пасьні Лявон пасьпеў давесьці залю да стану, калі ці амаль не кожны прысутны ці танчыў, ці падпяваў гэтаму цудоўнаму беларускаму творцу! Пасьля "Паветранага Шару" гледачы ўжо не адыходзілі ад сцэны і усебаковы абмен станоўчымі флюідамі дазволіў нарэшце пабачыць што ж хаваецца ў беларусах за вонкавай прыроднай стрыманасьцю. Праўда, напэўна, усё ж толькі ў некаторых з нас ;)

Гледачы патрабавалі працягу канцэрту Лявона. І самыя ахвотныя і хуткія бо колькасьць жадаючых можа быць значна больнай за колькасьць месцаў у залях,  маюць магчымасьць атрымаць асалоду ад выступу беларускай зоркі музычнай сцэны пад час яго акустычных сьпеваў у Брукліне 28-га сакавіка, Філядэльфіі 30-га і Стронгсвілі, што недалёка да Кліўлэнду ў штаце Агаё 1-га красавіка.

Ударыла настальгіяй па пачуцьцях прысутных мелёдыя "Аксамітнага вечару" Сяржука Сокалава-Воюша.

Скончылася сьвяткаваньне выкананьнем беларускага гімнаў «Магутны Божа» і «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Але чамусьці думаецца, што ў гэты дзень «Паветраны Шар» і «Тры чарапахі» гучалі яшчэ шмат дзе ў розных кутках Нью-Джэрсі, Пэнсільваніі і Нью-Ёрку ўжо ў выкананьні тых, хто колькі часу назад былі простымі слухачамі ;)

З Днём Волі, Беларусы!

===

Больш здымкаў і відэа - у бліжэйшы час!

 
< Папяр.   Наст. >





Бясплатны хостынг