|
У суботу 4-га лютага а 1-й гадзіне каля штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку адбудзецца мітынг у падтрымку Андрэя Саньнікава, Алеся Бяляцкага, Міколы Статкевіча, Зьміцера Бандарэнкі, Мікалая Аўтуховіча і іншых беларускіх палітзьняволеных.
Сёньня ў Беларусі з-за сваіх палітычных меркаваньняў за кратамі знаходзяцца Андрэй Саньнікаў, Мікола Статкевіч, Мікалай Аўтуховіч, Зьміцер Дашкевіч, Павал Севярынец, Алесь Бяляцкі, Сяргей Каваленка, Зьміцер Бандарэнка, Эдуард Лобаў. Таксама сотні людзей па ўсёй краіне штодзень перасьледуюцца рэжымам ды пакутуюць ад зьдзекаў. Штодзень парушаюцца правы соцень тысяч людзей, мільёнаў беларусаў на свабоду слова, свабоду арганізацыяў ды збораў. На працоўных месцах ды ў навучальных установах бесперапынна перасьледуюцца тыя, хто бароніць сябе і спрабуе бараніць правы сваіх блізкіх ці калегаў. Апошні тыдзень наогул прынес жахлівыя навіны. Былы кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў, які зараз знаходзіцца ў Магілёўскай турме, паведаміў на спатканьні са сваімі роднымі, што яго жыцьцё знаходзіцца пад пагрозай. На яго аказваецца ціск пагрозамі жыцьцю яго жонкі вядомай журналісткі Ірыны Халіп і сына Даніка. Істотна пагаршаюцца ўмовы ўтрыманьня ў турме Зьміцера Бандарэнкі. Нягледзячы на тое, што яму крытычна неабходна медыцынская дапамога, яго пазбаўляюць адпачынку і прымушаюць выконваць працы, ня якія арганізм чалавека з такімі праблемамі са здароўем папросту няздольны. Мікалай Статкевіч, якога перавялі ў магілёўскую турму з гэтак званай хіміі, ужо ў першы тыдзень свайго там знаходжаньня быў накіраваны ў карцар.
У той жа час працягваецца перасьлед людзей, якія спрабуюць бараніць правы пацярпелых. Асуджаны на чатыры з паловай гады праваабаронца Алесь Бяляцкі. Перасьледуюцца іншыя праваабаронцы ды адвакаты: іх па ілжывых сьведчаньнях асуджаюць ды пазбаўляюць права займацца прафэсыйнай дзейнасьцю. Прыходзьце падтрымаць Беларусь!
Запрашаем на мітынг беларусаў Нью-Ёркшчыны і навакольля. Людзям, якія зараз знаходзяцца за кратамі і пакутуюць з-за шматмільённага маўклівага дазволу на зьдзек з сябе і сваіх блізкіх, вельмі патрэбная зараз наша падтрымка!
Прыносьце калі ласка з сабою на акцыю раздрукаваныя партрэты палітзьняволеных, беларускія нацыянальныя сьцягі ды запрашайце сяброў ды знаёмых!
Гэтай акцыяй мы ставім мэту распаўсюдзіць інфармацыю пра стан рэчаў у нашай краіне. Падчас акцыі будзе праводзіцца збор подпісаў пад зваротам да прэзыдэнта ЗША Барака Абамы і дзяржсакратара Хілары Клінтан.
Дзе: 760 United Nations Plaza, New York City, NY 10017 (паміж E 42 i E 43 Street на 1 Avenue). Калі: 4 лютага, субота, а 1-й гадзіне дня. Таксама сардэчна просім ўсіх ахвотных падпісаць на адмысловым сайце паштоўку беларускім палітзьняволеным. Ваша падтрымка вельмі патрэбна ў такія цяжкія моманты нават самым моцным духам людзям! === Далучайцеся да групы БелМува на Facebook Дадатковая інфармацыя: - у адмысловай падзеі на Facebook.com - https://www.facebook.com/events/329569420420470/ |