|
4 сьнежня ў Хайлэнд Парку, што ў штаце Нью Джэрсі, адбылося ўшанаванне памяці Слуцкіх змагароў.
91 гадоў назад жыхары нашай Бацькаўшчыны ў чарговы раз зрабілі спробу стварыць сваю ўласную краіну – з самакіраваннем, сваімі сімваламі ды незалежнымі вайсковымі фарміраваннямі. Змагары сваёй мэтай ставілі дасягненне самастойнасці Случчыны – месца, якое шмат стагоддзяў узгадвала самых выбітных прадстаўнікоў беларускага народу. Змаганне случчакоў ды шматлікіх жыхароў з іншых этнічна беларускіх земляў – вельмі цікавая, але дагэтуль мала вядомая гістарычная з’ява: нягледзячы на сучасныя інфармацыйныя магчымасці, шмат хто з сучасных беларусаў пра подзвіг случчакоў папросту ня ведае. У школах і ўніверсітэтах пра спробу стварэння беларускай дзяржавы ў 1920-м годзе ці не ўзгадваюць наогул, ці гэтую падзею апісваюць мімаходам адным-двума параграфамі. І таму яшчэ больш значная гэтая спроба як патрыятычнае імкненне да нацыянальнай самаідэнтыфікацыі – чаго, пагадзяцца, думаецца, амаль усе, не стае беларусам і зараз – у новым тысячагоддзі. Спроба ўсталявання тэрытарыяльнай самастойнасці, нягледзячы на непараўнальную колькасную ды збройную перавагу чужынскіх войскаў, дапамога мясцовага насельніцтва слуцкім ваярам, сумесная праца ды змаганне беларусаў-інтэлегентаў ды беларусаў-сялян – пра ўсё гэта і шмат якія іншыя абставіны ды дэталі павінна распавядацца ў навучальных установах, а таксама весціся сур’ёзная праца па высвятленні гістарычнай праўды. Беларускія дзеці павінны выхоўвацца на прыкладах слуцкіх герояў. Атрымліваецца ж так, што сучасная ўлада наадварот толькі і робіць спробы сцерці з памяці найвыбітныя прыклады нацыянальных подзвігаў. Слуцкі Збройны Чын – гэта ўзор таго сцэнарыю падзей, дзе розныя па стутусу людзі кіруюцца адзінай мэтай і, не зважаючы на жахлівыя абставіны ды перавагу сілаў супернікаў, у яднанні робяць будучыню сваёй краіны сваімі рашучымі дзеяннямі. Хто ведае, ці была б Беларусі на палітычнай мапе свету зараз, калі б не змагары Касьцюшкі ды Каліноўскага, Булак-Балаховіча ды лістападаўцы... Таму асаблівая каштоўнасць ушанавання гэтай падзеі, скарыстацца магчымасцю яшчэ раз ўзгадаць нескаронных ваяроў слуцкай зямлі, натхніцца іх мужнасцю і адданасцю сваім ідэалам. А для кагосьці – у тым ліку шмат для каго з маладых беларусаў – гэта магчымасць наогул упершыню даведацца пра падзеі 90-гадовай даўніны на Радзіме. Сапраўды, знаходзячыся па-за межамі Радзімы, неяк зусім своеасабліва ўшаноўваецца памяць “тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына” - менавіта гэтыя словы былі напісаныя на сцягу случчакоў. Зранку ў царкве Сьв. Іконы Жыровіцкай Маці Божай прайшло святое набажэнства і паніхіда па загінулых героях Слуцкага Збройнага Чыну. Святар Зінові разам з дзесяткамі прысутных памаліліся за слуцкіх герояў. 

Трэба дадаць, што за тыдзень да гэтага - як раз у дзень угодкаў Слуцкага змаганьня - у гэтай жа царкоўнай залі вёў набажэнства Япіскап Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Наваградскі і Нью Ёркскі Серафім. Яго прамова кранула ці не кожнага, хто ў той дзень наведаў службу Божую. Пасля службы ўжо ў грамадскай залі царквы пачалася ўрачыстая частка мерапрыемства. Старшыня аддзелу БАЗА Нью Джэрсі Юрка Азарка на англійскай мове – бо прысутнічалі на мерапрыемстве і амерыканскія госці – распавёў пра слуцкіх паўстанцаў, прыклад іх патрыятызму і самаадданасці.  Кіраўнік Беларускага Музею ў Нью Ёрку Алесь Вінакураў звярнуў увагу на тое, што кансалідуючым сродкам для аб’яднаня людзей можа быць мастацтва і аб’ектыўнае жаданне кожнага да ідэалаў прыгажосці. Пошук эстэтыкі – таксама падстава для выхавання любові да роднага краю і крыніца натхнення для рознастайнай дзейнасці для кожнага з нас у любы з дзён. Ён коратка распавёў пра карціны, прадстаўленыя на выставе: творы Рыгор Батальёнка, Алеся і Юлі Шатэрнік, Алеся Марачкіна, Генадзя Драздова ў думках перанеслі, напэўна, шмат каго з прысутных на прасторы роднай Бацькаўшчыны.
Старшыня Беларуска-Амерыканскага Згуртавання “Пагоня” Віталь Зайка прааналізаваў паўстанне случчакоў з гістарычнага пункту гледжання, распавёў пра палітычныя ўмовы, у якіх тады адбывалася жыццё нашай краіны. Рэакцыю свядомай і неабыякавай часткі насельніцтва Беларусі на спробу ўзнавіць ды захаваць самастойнасць і незалежнасць добра перадала чытаннем вершаў Наталлі Арсенневай спадарыня Валянціна Якімовіч. Яе голасам гэтая паэзія сапраўды прагучала вельмі пранікнена і шчымліва.
Расповед Сяржука Сокалава-Воюша паказаў як раз, можна сказаць, інтымную рэакцыю асобы на кантэкст мінулых падзеяў. Выкананнем сваіх твораў прадэманстрававаў, як можа натхняць любоў да Бацькаўшчыны ды яе людзей.
Каардынатар Беларускага Моладзевага Руху Амерыкі Дзяніс Талпека паглядзеў на падзеі 1920-га году вачыма новага пакалення. Сапраўды дзіўна, але на прыкладзе некаторых сваіх беларускіх знаёмых і сяброў ён паказаў, што шмат каму словаспаслучэньне “Слуцкі Збройны Чын” папросту нічога не гаворыць... І гэта паказвае наколькі істотнай з’яўляецца праца настаўніка – чалавека, які нясе веды і сваімі меркаваннямі будуе светапогляд акружаючых: за дзесяцігоддзе інтэнсіўнай выхаваўчай працы напачатку 20-га стагоддзя на нацыянальнай глебе ўзгадалася пакаленне людзей, якія зразумелі неабходнасць існавання сваёй уласнай дзяржавы для шчаслівай будучыні. А ў канцы 20-га – пачатку 21-га стагоддзя, калі магчымасцяў для стваральнай працы куды больш, пад прэсам умоў асоба настаўніка расціскаецца неакрэсленымі патрэбнасцямі ды патрабаваннямі дзяржавы ў рэканструкцыі “нова-савецкіх” мазгоў. Кліп новай песні гурта "Ляпис Трубецкой" на словы Янкі Купалы "Ня быць скотам!", які быў паказаны на экране - адзін з прыкладаў прамога звароту да беларусаў у спробе вяртання гістарычнай нацыянальнай памяці.
Белыя плямы у падручніках па гісторыі Беларусі, калі выкрэсліваюцца ці не самыя значныя часткі той самй гісторыі, накіроўваючы фарміраванне каштоўнасцяў маладога пакалення ў невядомы бок. А подзвігі матуляў, якія адпраўлялі самае цэннае, што ў іх ёсьць у жыцьці – сваіх сыноў – на амаль верную смерць... Ці можна было казаць пра гэта без дрожы ў голасе... Прагляд дакументальнага фільму пра падзеі на слуцкай зямлі ды наведванне беларускіх могілак у Нью Джэрсі, дзе знаходзіцца манумент слуцкім змагарам, завершылі праграму мерапрыемстваў дня ўшанавання іх памяці.


Ад усяго сэрца хацелася б падзякаваць арганізатараў гэтага мерапрыемства за такую ініцыятыву і за магчымасць узгадаць нашых гераічных продкаў. Сустрэча атрымалася вельмі цеплай і па-сапраўднаму святочнай. Напэўна, у кожнага яшчэ раз узнікла пачуццё гонару за мужных продкаў і надзея, што гістарычныя ліхалецці перажытыя нашай Радзімай толькі ўзмоцняць імкненне кожнага беларуса да яднання ў імкненні да вечных каштоўнасцяў незалежнасці і нацыянальнай самасвядомасці. |