website languages:
News
Articles
Literature
Video/Audio
 
About us
Our initiatives
Free hosting
Join us
Contact
 
Links
Our banners
 




Беларускі Мўзэй, Нью Ёорк, ЗША



“Зорна-паласатае” беларускае лета адкрылася канцэртам E-mail
Wednesday, 18 May 2011
14 траўня ў беларускай частцы Нью-Джэрсі – у Хайлэнд Парку - адбыўся канцэрт гурта Vertex. Інтэрнацыянальная каманда музыкаў выканала вядомыя кампазыцыі беларускіх груп, а таксама шэраг сваіх твораў. Гэтым мерапрыемствам было абвешчана адкрыцьцё беларускага летняга сэзону.

Выбрана пляцоўка для выступу была менавіта гэта, бо яе месцазнаходжаньне – вельмі зручнае як для тых, хто жыве і ў Нью-Ёрку, гэтак і для філядэльфійскіх беларусаў. Гэтыя гарады бадай можна лічыць зараз найбольш беларускімі з усіх "зорна-паласатых” пасяленьняў.

Ініцыятыва беларусаў Філядэльфіі была падтрымана прыкладна паўсотняй наведвальнікаў першага канцэрту ў такім фармаце.



Улюбёныя “Паветраны шар”, “Грай”, “Менск-Мінск” ды канешне “Тры Чарапахі” гучалі над звычайна ціхім амэрыканскім гарадком. Патанчыць ды пасьпяваць пад гэтыя кампазыцыі разам з сябрамі-беларусамі сабраліся і зусім маленькія – хто толькі робіць першыя крокі ў жыцьці, і тыя, каму ўжо знаёма роля дзядуляў і бабуляў.



Канцэрт праходзіў на адкрытай пляцоўцы – надвор’е не перашкодзіла, нягледзячы на хадзіўшыя цэлы дзень над мястэчкам хмары. А ўжо пасьля заходу сонца мелёдыі гучалі яшчэ больш рамантычна ды кранальна.



Дадавала, безумоўна, эмоцыяў і тое, што зараз музыку тых выканаўцаў, якую гралі на канцэрце ў Нью-Джэрсі, у жывым выкананьні ў самой Беларусі пачуць немагчыма ці амаль немагчыма. Але аніякія “чорныя сьпісы” дзеячоў культуры, што ізноў зьявіліся як рэакцыя ўлады на выказваньне творцамі сваёй пазыцыі, не здольныя пазбавіць глядацкай любові ды ўвагі тых, хто яе сапраўды заслугоўвае.



Пасьля канцэрту ўсіх наведвальнікаў канцэрту ў грамадзкай залі бларускай царквы, што знаходзілася побач, усіх чакала піцца. Некалькі гадзін яшчэ ішлі размовы, абмеракавньні апошніх падзеяў у Беларусі, расповяды тых, хто толькі вярнуўся з Радзімы. Ужо блізілася поўнач калі апошнія машыны ад’яжджалі з паркоўкі ў бок Нью-Ёрку, Філядэльфіі ды куды меньшых гарадкоў Нью-Джэрсі, па якіх таксама раскіданы дзесяткі тысяч беларусаў.



“Гэтая наша ініцыятыва – можна сказаць, пробнае мерапрыемства. І тое што першы блін ня сьпёкся камяком – гэта адназначна. Па тых станоўчых эмоцыях, што атрымалі падчас канцэрту і гледачы, і музыкі, і арганізатары, становіцца зразумелым, для чаго ўсё і задумвалася”, - сказаў адзін з ініцыятараў ды арганізатараў канцэрту Віталь Самсонаў.



“Сабраць беларусаў разам, стварыць умовы для знаёмстваў, для таго, каб нашы суайчыньнікі знаходзілі адін другога тут, каб дапамагалі сваім меньш дасьведчаным землякам парадамі па вучобе, пошуку працы, іншых пытаньнях – мы лічым, што менавіта такія нефармальныя мерапрыемствы дапамагаюць нараджэньню такіх адносінаў найлепш, - працягвае думкі філядэльфійскіх беларусаў-арганізатараў Дзяніс Талпека.

У бліжэйшай будучыні ўжо плянуюцца працяг такога кшталту мерапрыемстваў – толькі з больш шырокай праграмай. Спадзяемся, што з часам і ўвага мясцовых беларусаў да нашых акцыяў ўзрасьце ды мы будзем занятыя клопатамі пошуку больш вялізных пляцовак. Таму просьба да ўсіх – паведамляйце сваім сябрам ды прыходзьце разам з імі! А тыя, хто мае свае ідэі ды цікавыя прапановы наконт арганізацыі такіх масавых мерапрыемстваў – мы ласкава вітаем ды ўсяляк заахвочваем зьвяртацца да нас. Гэта можна зрабіць ці праз сайт belmov.org ці, напрыклад, праз адпаведныя групы “вКонтакте” ці ў “Facebook”.

Надалей плянуюцца масавыя выезды на рок-фэсты на цэлы ўік-энд, сплавы па рацэ, візыты ў музэі (зараз ў Філе праходзіць выстава твораў Марка Шагала), яшчэ больш беларускіх канцэртаў з беларускімі мэлёдыямі ды, безумоўна, традыцыйнае наведваньне Купальля і шмат што яшчэ цікавае.

Дык будзем разам! Усё толькі пачынаецца ;)

 
< Prev   Next >





Бясплатны хостынг