|
27 сакавіка ў Нью-Брансьвіку, штат Нью-Джэрсі, прайшло ўрачыстае сьвяткаваньне Дня Волі. Беларусы Амэрыкі сабраліся, каб адзначыць 93-я угодкі Дня Незалежнасьці Беларусі.
Раніцай ў Гайленд Парку ў царкве Сьвятой Іконы Жыровіцкай Маці Божай адбыўся малебен. У гэты дзень у беларускай царкве маліліся за Беларусь, за ўсіх тых, хто змагаўся за яе незалежнасьць, ды за ўвесь беларускі народ.
Гатэль "Hyatt Regency" і на гэты раз, як шмат год запар, што сталася ўжо традыцыйным, ветліва прытуліў беларусаў ЗША на час сьвяткаваньня. Прыемныя знаёмствы, сустрэчы з землякамі, узнаўленьне былых сувязяў, размовы, абмен думкамі ды кантактамі - заўсёдная прыемная частка такога кшталту мерапрыемстваў. А наколькі прыемна сустрэць чалавека, шляхі якога нібыта згубіліся! Аказваецца і гэта магчыма: дзьве аднакласьніцы, якія ня бачыліся яшчэ з Беларусі, знайшлі адна другую менавіта тут! І гэта, нягледзячы на тое, што Тацьцяна зараз жыве ў Нью-Ёрку, у той час як Ганна – у Вірджыніі.




Беларусы падчас сьвяткаваньня Маладым людзям заўсёды вялікі гонар ды, безумоўна, і вялікая карысьць паразмаўляць з такімі вядомымі беларускімі дзеячамі як старшыня Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва Вітаўт Кіпель ды навукоўцам Янкай Запруднікам, паслухаць мудрага Антона Шукелойця, які больш 32-х год быў старшынём Галоўнай Ўправы Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, якому спакваля ўжо насоўваецца 96-ы год. 
Вітаўт Кіпель і Янка Запруднік Асабліва ў гэты сьвяточны дзень, яны з вялікім жаданьнем былі гатовыя падзяліцца сваім жыцьцёвым досьведам з новымі пакаленьнямі амэрыканскіх беларусаў, праклаўшы такім чынам сьцяжынку да ведаў, якія накапліваліся беларусамі стагодзьдзямі. Мастак Алесь Шатэрнік ды сакратарка нью-ёрскага аддзелу БАЗА Валянціна Якімовіч – таксама заўсёды ў цэнтры ўвагі любой кампаніі. 
Юрка Азарка, Антон Шукелойць і Валя Якімовіч
Адкрылася сьвята малітвай сьвятара Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы айца Зіновія ды вітальнымі выступамі ды віншаваньнямі старшыні Рады БНР у выгнаньні Івонкі Сурвілы і старшыняў аддзелаў Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня Нью-Джэрсі і Нью-Ёрку Юркі Азаркі ды Віталя Зайкі. Свае віншавальныя словы, разам з словамі падтрымкі ды ўвагі да беларусаў Амэрыкі выказалі і прадстаўнікі ўлады ЗША. Вітальныя звароты ад кангрэсмэнаў Франка Паллоне і Крыса Сьміта, сэнатараў Франка Лаўтэнбэрга і Робэрта Мэнэндэса ды губэрнатара Крыса Крысьці прачытала беларуская моладзь.

Антон Шукелойць: і на сьвяткаваньні - за працай!
Пра дзейнасьць аддзелу БАЗА ў Вашынгтоне распавяла яго старшыня Алеся Кіпель. Як заўсёды эмацыйны выступ зрабіў аксакал беларускага нацыянальнага дэмакратычнага вызвольнага руху спадар Антон Шукелойць, які зазначыў, што ў гэтым годзе - 80-я ўгодкі яго актыўнай палітычнай дзейнасьці на карысьць Беларусі.
Шыкоўны падарунак гасьцям сьвяткаваньня зрабіла знаўца і майстар па вырабу традыцыйнага беларускага аддзеньня Валя Якімовіч. Яна прывезла сваю калекцыю строяў. Яе складалі як аўтэнтычные, так і зробленае яе рукамі адзеньне. Прысутныя на сьвяце апранулі іх і прадэманстравалі на сцэне. Там былі мужчынскія і жаночыя строі Цэнтральнай Беларусі, Заходняга і Усходняга Палесься, Віцебскіх і Гарадзенскіх мясьцінаў, а таксама з Гомельшчыны. Гэтае дэфіле беларускіх жаночых і мужчынскіх строяў розных рэгіёнаў Беларусі надоўга застанецца ў памяці, як саміх удзельнікаў паказу нацыянальнай адзёжы, гэтак і ўражаных гледачоў. 

Беларусы танчаць
Культурная частка сьвята была і ў гэтым годзе ізноўку досыць разнастайнай. Канцэрт, які адбыўся з удзелам нашых знакамітых беларускіх музыкаў Валянціны Пархоменкі, Алеся Казака і іхнай дачкі - маладой сьпявачкі Волі Казак (Olyia), а таксама Зьміцера Сьляповіча відавочна ўзьняў усім настрой. 
Алесь Казак і Валянціна Пархоменка Беларусы змаглі паслухаць родныя сьпевы ды патанчыць як пад хуткія мэлёдыі, гэтак і пад павольныя, адасобіўшыся ў пары з партнёрам. А як засьпявалі Казакі на тры галасы!
Ой, пайду я на ту гору. Пагляджу на ту даліну. Даліна шырока, каліна высока, Аж да долу гольле гнецца А пад тою каліною Стаіць хлопец зь дзеўчыною.
То па целе нібыта мурашы пабеглі! Ну, да чаго ж таленавіты наш народ што ў паэзіі, што ў сьпевах! Вельмі шкада было толькі, што афіцыйная частка з прамовамі занадта зацягнулася і таму давялося скараціць канцэртную праграму, бо шмат хто ўжо сьпяшаўся на працу і ў ня блізкі шлях дадому.
А яшчэ пасьля канцэрту ў размовах беларусаў давялося пачуць, што колькі мы ўжо знаходзімся ў Амэрыцы і дзе толькі і ў чыім выкананьні ня чулі амэрыканскага гімну, але выкананьне галоўнай амэрыканскай мэлёдыі голасам Волі Казак - гэта сапраўды нешта заварожваючае! 

На выставе БелМузэя Падчас сьвяткаваньня Дня Волі Беларускагім музэем у Нью-Ёрку былі прадстаўленыя творы вядомага беларускага скульптара і мастака Алеся Шатэрніка, якія ўпрыгожвалі хол гатэля ды прыцягвалі ўвагу беларускіх амэрыканцаў на працягу ўсяго сьвяточнага дня. Гэтак жа гарнулі да сябе і працы беларускай мастачкі-вышывальшчыцы Любові Карпавай, якая жыве ў ЗША. Выкананыя зь любоўю, на высокім прафэсыйным узроўні, вышытыя каляровым ніткамі і бісерам выявы сьвятых выклікалі захапленьне. Ды і не могуць такія творы выклікаць нейкіх іншых эмоцыяў і думак апроч пазытыўных. Кожная з прац спадарыні Любові – сапраўдны шэдэўр, які рабіўся месяцамі! 
Сябры суполкі БАЗА Вашынгтону перадалі твор Тацьцяны Вакарынай з Гомлі Беларускаму Музэю ў Нью-Ёрку. На здымку: кіраўнік аддзелу БАЗА Вашынгтону Алеся Кіпель і сябра рады БелМузэя Мікалай Сагановіч з жонкай Лінай
Кіраўніца суполкі БАЗА Вашынтону Алеся Кіпель перадала ў фонд БелМузэя ў Нью-Ёрку, які ладзіў падчас Дня Волі сваю чарговую выставу, працу гамельчанкі Тацьцяны Вакарынай “Двор па-за Гомляй”. Маладая беларуская аўтарка ўсё жыцьцё змагаецца з цяжкай хваробай, знаходзячы сябе ў стварэньні твораў мастацтва: піша карціны, малюе, робіць лялькі ды ювелірныя вырабы. Дзякуй ёй вялікі за гэткі каштоўны падарунак БелМузэю!
Нажаль, на гэты раз ізноўку наш гістарычны сьвяточны беларускі дзень быў азмрочаны навінамі, якія прыходзілі з Беларусі на працягу апошніх дзён перад 25-м сакавіка. Гэта і чарговыя вельмі жорсткія палітычна матываваныя прысуды ўдзельнікам пасьлявыбарчых акцыяў, і ўжо, можна сказаць, традыцыйныя зачысткі, якія праводзяцца спецслужбамі краіны: вобшукі, прэвэнтыўныя размовы, затрыманьні ды выклікі на допыты ў КДБ і арышты... 

Ізноў за ўзьняты над галавою ў цэнтры Менску нацыянальны беларускі бел-чырвона-белы сьцяг ды выгукнутае “Жыве Беларусь!” можна “загрымець на суткі”...
...Напрыканцы сьвяткаваньня 93-й гадавіны Дня Волі была прынята рэзалюцыя. У ёй ушаноўваюцца чын і памяць беларускіх дзеячоў, што паклалі свае сілы і жыцьцё на адбудову Незалежнай Беларусі; вітаюцца усе суродзічы на Бацькаўшчыне і ў сьвеце, якія падтрымліваюць ідэалы Акту 25 Сакавіка 1918 году; асуджаецца антынацыянальны аўтарытарны рэжым, што кідае за краты ўсіх нязгодных стаяць на каленях, вынішчае беларускую культуру, пазбаўляе будучыні пакаленьне маладых беларусаў.
Беларусы ЗША патрабуюць вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных у Беларусі, і адстаўкі ўраду незаконнага прэзідэнта Лукашэнкі, адзначаючы “што беларусы ЗША падтрымліваюць ідэю Незалежнасьці Беларусі, яе нацыянальныя мову і культуру, імкнуцца дапамагчы дэмакратычным сілам аднавіць правы і свабоду яе грамадзянаў, надаць належную ўвагу беларускай культуры ў Беларусі, пазбавіць яе дыктатарскага рэжыму ды паспрыяць уваходу Беларусі ў склад эўрапейскай і сусьветнай дэмакратычнай супольнасьці”.
Рэзалюцыя заканчваецца словамі:
“- Заклікаем урад ЗША ўзмацніць дапамогу нацыянальным дэмакратычным сілам у Беларусі і падвысіць узровень заангажаванасьці ў справе садзейнічаньня аднаўленьню правоў і свабодаў для ейных грамадзянаў;
- Заклікаем усіх беларусаў і выхадцаў зь Беларусі ў ЗША, а таксама амэрыканцаў зь беларускімі каранямі працягваць дапамагаць дэмакратычнай апазыцыі Беларусі ў форме збору фінансавых сродкаў, падтрымкі заканадаўчых ініцыятываў датычных Беларусі, удзелу ў кампаніях салідарнасьці й пратэсту, працы з сваімі сэнатарамі й кангрэсмэнамі, інфармаваньня іх пра становішча ў Беларусі, падкрэсьленьня адмоўнай ролі Расеі ў беларускім пытаньні.
Толькі разам, аб’яднаўшыся, мы ўсе тыя, каму дарагая Беларусь і ейная будучыня, зможам дабіцца пералому сёнешняга становішча ў Беларусі, зможам наблізіць канец рэжыму, што ёсьць апошняй дыктатурай у Эўропе”.
 |