|
27-28 лістапада з нагоды 90-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну і 100-гадовага юбілею Ларысы Геніюш ўрачыстыя мерапрыемствы прайшлі ў беларускім асяродку штата Нью-Джэрсі.
90 гадоў назад на Случчыне пачалось узбройнае змаганьне за вольную Беларусь 27 лістапада на беларускіх могілках у Іст-Брансьвіку ля помніка палеглым змагарам за свабодную Беларусь адбылося ўскладаньне вянкоў. У халодны і сонечны дзень у гэтых месцах ЗША луналі бел-чырвона-белыя сьцягі: невялічкая група мясцовых беларусаў аддала даніну памяці і павагі "Тым што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына". Менавіта гэтыя словы былі на сьцягу, які ахвяравалі змагарам у 1920-м годзе жанчыны Гарадзеншчыны.
Прадстаўнікі Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня і мясцовай беларускай грамады ўсклалі вянок да манумэнту, аддаўшы даніну павагі "Тым што змагаліся, каб жыла Беларусь". Выступіў з невялічкай прамовай дырэктар Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва Вітаўт Кіпель. Спадарыні Ганна Войтэнка і Люда Бакуновіч распавялі пра тое, як адбывалася ў 70-я гады закладаньне помніку слуцкім змагарам у Іст-Брансьвіку. Напрыканцы цырымоніі беларусы ЗША прасьпявалі "Сьпі пад курганам герояў". 
Ускладаньне вянка да манумэнту беларускім змагарам, Іст-Брансьвік, штат Нью-Джэрсі Ранак 28-га лістапада адкрыўся ў царкве Сьвятой Жыровіцкай Іконы Маці Божай у Гайлэнд Парку сьвяточнай літургіяй, падчас якой адбылася ўрачыстая паніхіда пад нацыянальным беларускім і амэрыканскімі сьцягамі, якую адправіў сьвятар Беларускай Аўтакефальнай Царквы айцец Зінові. 
Урачыстая паніхіда ў беларускай царкве ў Хайлэнд Парку З дабраславеньня сьвятара а 12-й гадзіне ў грамадзкай залі беларускай царквы пачаліся мерапрыемствы з нагоды 90-х угодкаў Слуцкага змаганьня за незалежнасьць сваёй краіны і 100-гадовага юбілею Ларысы Геніюш.
Выступілі з прамовамі старшыні аддзелаў БАЗА Нью-Джэрсі і Нью-Ёрку Юрка Азарка і Віталь Зайка. Цікавы момант выступу быў прысьвечаны прэзэнтацыі бел-чырвона-белага сьцяга Задзіночаньня Беларускіх Вайскоўцаў на чужыне са словамі "Незалежнасьць" і "Перамога" і лічбамі "1918" і "1947". Сьцяг быў зроблены ў 1947-м годзе беларусамі, якія знаходзіліся ў Нямеччыне ў адным з лагероў для "перамешчаных асобаў" у Ўіндышбергерздорфе. У 70-80-х гадах пад ім беларускія ветэраны штогод прымалі ўдзел у сьвяточных парадах у ЗША, але ўжо каля дзесяці год не зьяўляўся на публіцы. 
Юрка Азарка распавядае гісторыю сьцяга Задзіночаньня Беларускіх Вайскоўцаў на чужыне Пасьля было зачытана вітаньне старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы з нагоды адзнчэньня падзеяў на Случчыне 90-гадовай даўніны. Распавёў пра слуцкіх змагароў Вітаўт Кіпель, асабліва падкрэсьліўшы, што яны былі змагарамі за вольную Бацькаўшчыну - за сваю незалежную Беларусь, а не паўстанцамі, як усё яшчэ называюць іх і ў беларускіх дасьледваньнях тых часоў, і ў працах гісторыкаў іншых краін. Вітаў удзельнікаў мерапрыемства мастак Алесь Шатэрнік, які літаральна на мінулым тыдні завітаў на амэрыканскую зямлю з Беларусі. 
Прамоўцы на імпрэзе: Валянціна Якімовіч, Вітаўт Кіпель, Сяржук Сокалаў-Воюш, Валянціна Трыгубовіч, Віталь Зайка, Алесь Шатэрнік, Дзяніс Талпека Цікавы расповяд пра падзеі пачатку 20-га стагодзьдзя падрыхтаваў сябра Беларускага Моладзевага Руху Амэрыкі Дзяніс Талпека. Нацыянальны уздым, якому дадалі новай энэргіі падзеі 1905-га году ды пачатак першай сусьветнай вайны спрыялі адкрыцьцю першых беларускіх газэт і беларускіх школ, стварэньню сотняў беларускіх культурна-асьветніцкіх гурткоў па ўсёй краіне, а праца настаўнікаў, выданьне дзесяткаў тысяч тамоў беларускіх кніг ды адданасьць тысяч беларускіх актывістаў рабілі сваю справу - такога ўздыму сярод мясцовага насельніцтва і такой падтрымкі з боку месьцічаў ня мела, бадай, аніводнае змаганьне. Доказ таму - адсутнасьць рэквізыцыяў: сяляне самі забясьпечвалі войска харчамі ды фуражом, тысячы іх далучаліся да змаганьне за аднаўленьне Беларускай Народнай Рэспублікі, стварэньне якой было абвешчана два з паловай гады да нацыянальнага ўздыму на Случчыне.
Падчас расповяду былі зачытаны цытаты з успамінаў непасрэдных удзельнікаў збройнага чыну на Случчыне Антона Сокала-Кутылоўскага, Васіля Русака, Юркі Лістапада, бацькі аднаго з прысутных на мерапрыемтве ў Гайлэнд Парку Барыса Данілюка Тодара Данілюка, Лявона Рыдлеўскага, Аляксея Кабычкіна. Пад словы пра першага загінулага ў змаганьні - жыхара Старобіна Валодзькі Піліпа, пра тое як на вёрсты расцягнуўся ланцуг дабравольцаў, пра першае знаёмства месьцічаў з беларускімі песьнямі ды пра ўсьведамленьне саміх сябе не "тутэйшымі, якія размаўляюць на простай мове", а беларусамі, ускалыхнулі эмоцыі: у некаторых з прысутных на вачах зьявіліся сьлёзы, а ў прамоўцы дрыжэў голас.
"Мы - кожны з нас сваімі дзеяньнямі можа наблізіць мары беларусаў усіх часоў аб сваёй краіне да зьдзяйсьненьня. Дык будзем жа дастойныя слуцкіх змагароў і беларускай Беларусі!" - скончыў свой выступ сябра БелМува.
Фільм тэлекампаніі "Белсат" "Слуцкі збройны чын" таксама працягнуў ланцужок з мінуўшчыны ў сёньняшнія часы, дзякуючы кадрам кінахронікі і расповяду пра падзеі 90-гадовай даўніны у спалучэньні з момантамі аднаго з апошніх адзначэньняў Слуцкага Збройнага Чыну на Случчыне.
100-годзьдзе Ларысы Геніюш
Другая частка мерапрыемства была прысьвечана беларускай пясьнярцы Ларысе Геніюш. Сяржук Сокалаў-Воюш з сынамі падрыхтавалі праграму, на працягу якой можна было пачуць і голас самой паэткі, і песьні на яе вершы - у тым ліку ў выкананьні сучасьных музычных творцаў. Адной з песьняў удзельнікі імпрэзы падпявалі ўголас. 
Падчас імпрэзы ў гонар Ларысы Геріюш А асабліва ўскалыхнуў залю шыкоўны голас Вальжыны Цярэшчанкі - перадаць эмоцыі і думкі Ларысы Геніюш у яе атрымалася, як кажуць, на ўсе 100. Чыталі вершы паэткі беларуская дзяячка Валянціна Якімовіч і Віталь Зайка. Пра працу над шыльдай, якую ўсталявалі на доме, дзе жыла паэтка, распавёў Алесь Шатэрнік - аўтар і рэалізатар праэкту. Дасьледчыца Валянціна Трыгубовіч, якая прыехала з Беларусі як раз у дзень правядзеньня мерапрыемстваў у Нью-Джэрсі, была, як і Сяржук Сокалаў-Воюш, асабіста знаёмая з Ларысай Геніюш. Таму і яе расповяд быў змястоўным, эмацыйным і цёплым. Яна на працягу апошняга паўгоду была сябрам арганізацыйнага камітэту па адзначэньні 100-годзьдзя пясьняркі ў Беларусі. За гэты час выдадзены новыя тамы з яе творамі - у тым ліку тымі, якія яшчэ не выдаваліся раней у друкаваным выглядзе, праведзены дзесяткі ўрачыстасьцяў па ўсёй краіне. Спадарыня Валянціна адзначыла, што ўсё гэта было зроблена без капейкі дзяржаўных грошаў і аніякай падтрымкі з боку ўладаў. Наадварот, рабіліся спробы перашкодзіць правядзеньню мерапрыемстваў. Гэта кажа, што, нажаль, ужо і ў незалежнай Беларусі Геніюш застаецца дысыдэнткай. Гэта сьведчыць пра тое, што беларуская Беларусь, за якую змагаліся 90 гадоў назад слуцкія змагары ды да якой ўсё жыцьцё імкнулася Ларыса Геніюш, нас яшчэ чакае недзе наперадзе.
І ў нашых сілах зрабіць нарэшце думкі і мары змагароў-ваяроў і змагароў-песьняроў рэчаіснасьцю.
Мерапрыемствы да Слуцкага збройнага чына былі арганізаваны аддзеламі БАЗА Нью-Джэрсі і Нью-Ёрку пры дапамозе Беларускага Моладзевага Руху Амэрыкі. Арганізатары выказваюць удзячнасьць за дапамогу ў правядзеньні імпрэзы парафіянам і кіраўніцтву царквы Сьвятой Жыровіцкай Іконы Маці Божай у Гайлэнд Парку. 


  |