|
27 лістапада сёлета прыпадае 90-я гадавіна Слуцкага Збройнага Чыну - антыбальшавіцкага паўстаньня, якое пачалося на Случчыне, калі беларускія людзі падняліся на абарону ідэалаў Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).
Аддзелы ў Нью-Ёрку і Нью-Джэрсі Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня і Беларускі Моладзевы Рух Амэрыкі запрашаюць далучыцца да ўшанаваньняў памяці герояў-случчакоў. 
Сьцяг Першага Слуцкага палка. Вільня, 1921. Лявон Вітан-Дубейкаўскі, невядомая, штабс-капітан Антон Борык
Сёлета, 27 і 28 лістапада мы ўшануем памяць адважных герояў-паўстанцаў Случчыны, што ўзяліся за зброю, змагаліся і гінулі, баронячы Беларускі Народ ад паняволеньня і ад брутальнай навалы з усходу.
Запрашаем Вас ды Вашых сяброў і знаёмых узяць удзел у адзначэньні гэтай гістарычнай для Беларусі падзеі, аддаючы даніну памяці нашым слаўным і сьмелым продкам.
У суботу 27 лістапада а 12:00 (апоўдні) пройдзе ўрачыстае ўскладаньне вянкоў да помніка Беларускім Героям-Вайскоўцам на беларускіх могілках Сьвятой Жыровіцкай Іконы Маці Божай у Іст Брансвіку, што ў Нью-Джэрсі.
У нядзелю 28 лістапада а 10:00 раніцы распачнецца Сьвятое Набажэнства і Паніхіда ў памяць па Героях Слуцкага Збройнага Чыну ў царкве Сьвятой Жыровіцкай Іконы Маці Божай БАПЦ па адрэсе 9 Рывэр Роўд, Гайланд Парк, Нью Джэрзі (9 River Road, Highland Park, NJ, 08904).
А 12:00 (апоўдні) — пачатак праграмы па адзначэньні 90-й гадавіны з праглядам фільму пра Слуцкі Збройны Чын. Заплянаваны буфэт і абед.
Арганізатары сьвяточных імпрэзаў - аддзелы ў Нью-Ёрку і Нью-Джэрсі Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня пры ўдзеле Беларускага Моладзевага Руху Амэрыкі. Будзем рады бачыць Вас і Вашых сяброў, родных і блізкіх на нашых мерапрыемствах! Як дабрацца:
З Нью-Ёрка да Гайлэнд Парка даехаць можна аўтобусам ці цягніком. Шлях у дарозе займае 45-60 хвілін. І ад прыпынка аўтобуса, і ад чыгуначнай станцыі ў Нью-Брансўіку да царквы, дзе будуць ладзіцца мерапрыемствы, - ня больш за 10-15 хвілін пешшу.
Адрэса па якой будуць праходзіць выстава і пікнік: 9 River Road Highland Park, NJ, 08904
Даезд да месца мерапрыемства:
- Зь Нью-Ёрка аўтобусам з NY-NJ Port Authotity Bus Terminal (8 ave. & 41 street, New York, NY 10001) да гораду New Brunswick, прыпынак "Hyatt Regency". Час у дарозе - 50 хвілін. Прайшоўшы пешшу праз мост (не больш 5 хвілін) і, павярнуўшы на першым павароце пасьля маста налева, вы ўбачыце будынак царквы.
- Таксама да Нью-Брансўіка можна даехаць ад Penn Station, што знаходзіцца ў мідтаўне Манхэтана ў Нью-Ёрку. Кошт квітка на цягнік да Нью-Брансўіка (канцавая станцыя - Трэнтан), які ходзіць некалькі разоў у гадзіну, - 13 даляраў (дзеці і ветэраны - $5,75). Час у дарозе - ад 45 хвілін да гадзіны. Ад станцыі вы павінны ісьці па вуліцы Albany st. у бок памяньшэньня лічбаў дамоў. Праз пару хвілін вы ўбачыце па правым баку вуліцы гатэль "Hyatt Regency". Мінуўшы яго, трэба прайсьці мост і пасьля яго на першым павароце пайсьці налева. Там і знойдзеце беларускую царкву.
- Хто едзе з боку Філядэльфіі, можна скарыстацца тым жа цягніком, толькі які ідзе ўжо ў бок Нью-Ёрку з Трэнтана. Прыпынак - Нью-Брансўік. Глядзіце вышэй, як дабрацца да месца правядзеньня мерапрыемстваў.
Калі ласка прыходзьце са сваёю сям'ёю і запрашайце сяброў ды знаёмых! |