website languages:
News
Articles
Literature
Video/Audio
 
About us
Our initiatives
Free hosting
Join us
Contact
 
Links
Our banners
 




Беларускі Мўзэй, Нью Ёорк, ЗША



Беларусы ў НХЛ. Сэзон 2010/2011 E-mail
Saturday, 09 October 2010
7 кастрычніка стартаваў сэзон у мацнейшай хакейнай лізе сьвету. Ужо традыцыйна сярод нейлепшых хакеістаў плянэты на лёд выйшлі і беларусы. Як і ў годзе мінулым, іх будзе чацьвёра. Прынамсі мінімум.

Па матэрыяле Ўладзіміра Бычака, газэта "Прессбол"

Так склалася, што ніхто з чацьвёркі беларусаў у мацнейшай лізе планеты не можа занесьці мінулы сезон сабе ў актыў. Так, здараліся асобныя ўспышкі ў даўжэзных цёмных тунэлях, аднак чорнага колеру, як ні круці, было больш, і карціна адпаведна пакідала панурае ўражаньне на айчынных прыхільнікаў хакею. Што ж, тым больш стымулаў выправіць памылкі мінулага і зрабіць палітру ў новым гульнявым годзе больш разнастайнай.

Гарачыя заакіянскія баталіі стартавалі 7 кастрычніка. У ноч на пятніцу па беларускім часе на лёд выйшлі два беларусы. Прычым - у адным горадзе, на адным лёдзе і па розныя бакі барыкадаў. Першую перамогу ў сэзоне атрымаў Міхаіл Грабоўскі са сваім "Таронта". Аддаўшы галявую перадачу, ён дапамог камандзе пры сваіх гледачах адолець з лікам 3:2 галоўнага раздражняльніка таронтаўцаў - канадзкіх суседзяў з "Манрэалю" яшчэ аднаго беларуса Андрэя Касьціцына. Гэта перамога стала першай для "клёнавых лістоў" у дэбютнай гульні сэзона з 2000 году! На наступны дзень дэбютаваў за "чырвоных крылаў" і Руслан Салей: яго каманда адолела "Анахайм" 4:0, а беларус правёў на лёдзе больш за 18 хвілінаў гульнявога часу.

Хай бы посьпехі крочылі з беларусамі па новым сэзоне і надалей!

Прадстаўляем кожнага з чатырох беларускіх хакеістаў, якія будуць рэпрэзэнтаваць нашу краіну ў мацнейшых хакейным чэмпіянаце сьвету на пляцоўках ЗША і Канады.

Руслан Салей

Абаронца. Узрост: 35 гадоў. Каманда: "Дэтройт". У чэмпіянатах НХЛ: 194 (43+151) ачкі, -25 па "/ -", 1017 хвілінаў штрафу ў 842 матчах. У сезоне-2009/10: 6 (1+5) ачкоў, -1 па "/ -", 10 хвілінаў штрафу ў 14 матчах за "Каларада". Гадавы заробак: 750 тысяч даляраў. Кантракт: да 2011 году.



За першыя чатыры месяцы мінулага чэмпіянату наш ветэран паўдзельнічаў толькі ў адным матчы. Хранічныя праблемы з хворай спіной і апэрацыя надоўга ўнесьлі лепшага беларускага хакеіста апошняга дзесяцігодзьдзя ў клюбны сьпіс траўміраваных. Другую сустрэчу сезону Руслан правёў толькі 13 лютага, напярэдадні адкрыцця зімовых Гульняў у Ванкуверы. Алімпіяда дапамагла капітану зборнай Беларусі вярнуць баявыя кандыцыі, і па вяртаньні ў "Каларада" Салей адыграў у матчы з "Дэтройтам" больш за ўсіх у камандзе - ажно 22 хвіліны 38 сэкундаў!

Але цягнік, як апынулася, беззваротна сышоў разам з 54 прапушчанымі гульнямі. Галоўны трэнер "лавінаў" і былы аднаклюбнік беларуса Джо Сакка зрабіў стаўку на моладзь, дасягнуў з ёю сэнсацыйных посьпехаў і банальна не захацеў нічога ламаць. Падражніўшы нашага абаронцу апэтытнымі хвілінамі і аддаўшы своеасаблівую даніну павагі, коўч пасадзіў Расьці, як Руслана называюць у хакейным сьвеце НХЛ, на лаўку. Ледзь ці не ўпершыню ў доўгай НХЛаўскай кар'еры той, поўны сіл і жаданьня, назіраў за гульнёй сваёй каманды збоку! У плэй-оф Сака кінуў Салею тонкую костачку, дазволіўшы засьвяціцца толькі ў адным паядынку сэрыі з "Сан-Хасэ", - на тым і разьвіталіся.

Пераход у "Дэтройт", дзеля кантракту з якім Расьці пагадзіўся на паніжэньне зарплаты практычна ў чатыры разы (!), дае магчымасьць прадэманстраваць наяўнасць баявога запалу ў арсэнале беларуса.

Па-першае, тут ніхто не будзе глядзець на беларуса як на заслужанага пэнсіянэра, - балазе сваіх аксакалаў з зашмальцаванай пашпартамі ў дастатку. Калі ў "Каларада" Салей мог адчуць сябе гэтакім сівабародым дзядуляй у асяродзьдзі шумных унукаў, то ў Мічыганскім клюбе старых, якія ідуць у бой, - цэлы атрад.

Дастаткова сказаць, што адразу сямёра асноўных штыкоў - брамнік Крыс Осгуд, абаронцы Браян Рафалскі, Ніклас Лідстрам, форварды Майк Мадана, Томас Холмстрам, Крыс Дрэйпер і Кірк Молтбі - нават старэйшыя за нашага абаронцу!

Па-другое, галоўны трэнер "Дэтройта" Майк Бэбкак не па чутках знаёмы з Салеем: пасьпяхова супрацоўнічаў з ім у "Анахайме" і захаваў аб нашым ветэране толькі самыя добрыя ўспаміны. Строгі шанавальнік дысцыпліны, ён цэніць ў Руслана прафэсыйнае стаўленьне да справы, фантастычную працаздольнасьць на трэніроўках і самааддачу на пляцоўцы. Да таго ж "Дэтройт" традыцыйна адчувае востры дэфіцыт, скажам так, "абаронцаў абарончага пляну". Тут практычна кожны, ці то форвард або гулец задняй лініі, не чураецца бегчы наперад пры першым выпадку і кідаць па чужой брамцы. Нават 26-гадовы швэд Джонатан Эрыксан, якога Бэбкок вызначыў у пару да шматвопытнага беларуса, грашыў падобным ў мінулым чэмпіянаце. Адсюль і катастрафічны паказчык карыснасці "-15", выпраўляць які закліканы Салей.

Ці атрымаецца? Дакладна прагназаваць складана, аднак акліматызацыя Расьці ў "чырвонакрылым" асяродзьдзі праходзіць пасьпяхова. І трэнеры, і аднаклюбнікі, і мічыганская прэса адклікаюцца аб выхаванцы мінскага "Юнацтва" толькі ў захопленых танах. Той, дарэчы, таксама ўсім задаволены: і мудрым словам Бэбкока, і зорнымі партнёрамі, і эўрапейскай мадэльлю гульні, традыцыйна шануемай "Дэтройтам". Але самае важнае - на заходзе кар'еры ў Салея зьявіўся сапраўдны шанец узьняць над галавою Кубак Стэнлі. На мінулым тыдні ўплывовая амэрыканская газэта "USA Today" нават назвала "Дэтройт" прэтэндэнтам нумар адзін на запаветную для кожнага профі ўзнагароду.

Міхаіл Грабоўскі


Форвард. Узрост: 26 гадоў. Каманда: "Таронта". У чэмпіянатах НХЛ: 92 (33+59) ачкі, -11 па "/ -", 110 хвілінаў штрафу ў 164 матчах. У сезоне-2009/10: 35 (10+25) ачкоў, 3 па "/ -", 10 хвілінаў штрафу ў 59 матчах. Гадавы заробак: 2,85 мільёны даляраў. Кантракт: да 2012 году.

Ужо ў першай баталіі мінулага чэмпіянату, супраць "Манрэаля", Міхаіл зарабіў асыстэнцкі бал (як бачым, улічваючы такі ж старт і ў гэтым сэзоне, бамбардырскі пачатак сэзону ў гульні супраць сваёй былой каманды для Міхаіла становіцца добрай тэндэнцыяй). У другой, у Вашынгтоне, ён меў да фінальнай сырэны ўжо "1+1".



Шкада толькі, што пачынаньні нашага хлопца не падтрымалі партнёры: у васьмі матчах на старце сэзону "кляновыя лісты" здолелі набраць толькі ачко, з якім трывала аселі на самым дне турнірнай табліцы. Далей чаргаваліся удалыя тыдні з правальнымі. Так яны хаатычна і валтузiлiся ў глыбокіх водах ды ў рэшце рэшт так і засталіся на апошнім радку.

Магчыма, позна спахапіліся. А быць можа, клюбу проста не хапіла Грабоўскага, які 1 студзеня 2010 зламаў запясьце у выязным паядынку з "Калгары". Жорсткае сутыкненьне з Найджэлам Дэйусам надоўга адправіла ў лазарэт нашага бамбардыра і ў дадатак пазбавіла яго магчымасьці дапамагчы зборнай Беларусі на Алімпіядзе ў Ванкуверы. Туды Міхаіл ўсё роўна паляцеў - падтрымаць маральна, але, шчыра кажучы, можа, лепш бы ён гэтага не рабіў. Бо ўдзел у п'янай бойцы ды ноч, праведзеная ў паліцэйскім пастарунку, і судовы пазоў супраць яго за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, - не тая слава, якую варта шукаць слаўным заваёўнікам лядовага паўночнаамэрыканскага посьпеху.

Вяртаньне на НХЛаўскі фронт адбылося 9 сакавіка. З гэтага ж часу ўзяла адлік бамбардырская сэрыя Міхаіла з пяці сустрэчаў. За узьлётам - падзеньне: працяглая "засуха" вылілася ў "дэпартацыю" у трэцюю гульнявую тройку. Зрэшты, што гэтыя лякальныя пэрсанальныя няўдачы ў параўнаньні з пяцігадовым пралётам "Таронта" (між іншым, 13-разовы ўладальнік Кубка Стэнлі!) міма розыгрышу плэй-оф. Апошні раз "кляновыя лісты" ўдзельнічалі ў гульнях на выжыванне яшчэ да лакаўту ў сярэдзіне дзесяцігодзьдзя...

Пашчасьціць ці яму з партнёрамі адведаць кубкавага смаку наступнай вясною? Шанцы, відаць, невысокія, але яны ёсць. І ўжо ва ўсялякім выпадку Грабоўскі не павінен згубіцца на гэтым шляху. Па перадсэзонных гульнях, вядома, нельга судзіць аб моцы цяперашняй каманды Рона Ўілсана і бамбардырскім патэнцыяле Міхаіла, аднак асьцярожныя меркаваньні ўсё ж можна дазволіць.

Па-першае, радуе тое, што галоўны трэнер захаваў зьвяно беларуса з расейцам Мікалаем Кулеміным, які зараз знаходзяцца ў сапраўды выдатнай форме. Ім у дапамогу - канадзкі "жыўчык" Кларк Макартур. Ці атрымалася менавіта тая зьвязка, якая здольна будзе разьнесьці абарончыя бастыёны лепшых каманд плянэты, - убачым ужо хутка.

І 60 выніковых балаў Міхаіла па сістэме "гол+пас" ужо не здаюцца чымсьці абсалютна недасягальным для беларускага нападніка. Па-другое, Міхаілу трэба кроў з носу рэабілітавацца за вельмі неадназначны мінулы сезон, у якім ён закінуў толькі дзесяць шайбаў. Калі пералічыць на зарплату форварда, то атрымаецца, што кожная каштавала клюбу амаль трыста тысячаў "зялёных" - пагадзіцеся, залішне вялікая раскоша для аўтсайдэра канфэрэнцыі. Аўтсайдэра, якому, магчыма, не даруюць яшчэ аднаго пагружэньня на самае дно.

Андрэй Касьціцын

Форвард. Узрост: 25 гадоў. Каманда: "Манрэаль". У чэмпіянатах НХЛ: 141 (67+74) ачко, 13 па "/ -", 119 хвілінаў штрафу ў 245 матчах. У сэзоне-2009/10: 33 (15+18) ачкі, +1 па "/ -", 32 хвіліны штрафу ў 59 матчах. Гадавы заробак: 3,25 мільёны даляраў. Кантракт: да 2011 году.



У мінулым рэгулярным чэмпіянаце Андрэй адкрыў лік закінутай шайбай у чацвёртай гульні. Аднак неўзабаве пасьля таго посьпеху быў прызнаны крайнім у сэрыі паразаў клубу, усё часцей стаў праціраць лаву запасных і, як вынік, спрэс пазбавіўся так неабходнай упэўненасці. Дадаць станоўчых эмоцыяў, натуральна, не магла і спасылка ў чацьвёртую тройку з лягічнай стратай як гульнявога часу. У Дзень усіх Святых, 31 кастрычніка, Касьціцын-старэйшы правёў у прынцыповай бітве з "Таронта" толькі 7 хвілінаў 32 секунды...

Толькі ў канцы лістападу Андрэю ўдалося вярнуць павагу трэнераў і, выдаўшы на-гара выніковую сэрыю з чатырох гульняў, ён прабіўся ва ўдарнае зьвяно да Томаша Плеканеца і Майка Камалеры. І тут - траўма нагі пасьля спробы заблякаваць кідок суперніка. Прапусціўшы толькі тры сустрэчы ды не разгубіўшы і крыху здабытага паразуменьня з партнёрамі, у сьнежні Андрэй зьдзейсьніў яшчэ адзін бамбардырскі спурт, пяць гульняў запар кладучы балы ў сваю выніковую скарбонку! Але ў ноч пад Новы год атрымаў сумніўны падаруначак ад Дзеда Мароза. У бітве з "Фларыдай" траўма калена, потым апэрацыя і выхад са строю да сярэдзіны лютага.

Далей - з пераменным посьпехам. У фінале чэмпіянату фактычна ніяк: у апошняй сустрэчы "рэгуляркі" супраць "Таронта" Жак Мартэн ўвесь трэці перыяд пратрымаў старэйшага з братоў нашай наваполацкай сваяковай зьвязкі ў рэзерве. А вось на старце плэй-оф атрымалася ўжо ўвайсці ў гісторыю з пазытыўнага боку: 17 красавіка ў Вашынгтоне нарадзіўся першы беларускі хет-трык у кубкавых НХЛаўскіх баталіях!

За "Вашынгтонам" ня вытрымаў амнрэальскага ціску яшчэ і "Піцбург", але фінал канферэнцыі застаўся за "Філядэльфіяй". З аднаго боку, паход за Кубкам Стэнлі, няхай і не скончыўся здабыццём срэбнай чашай над галавою, але відавочна парадаваў відавочна заўзятараў, не чакаўшых такой спрытнасьці каманды ў Кубку Стэнлі пасьля ня вельмі добрага рэгулярнага сэзону.

Але з іншага боку - шэраг памылак Андрэя ў баталіях з "пінгвінамі" прывялі да жорсткіх санкцыяў. Як вынік, за рэкордам нарадзіўся і антырэкорд: 2 траўня ў Піцбургу Касьціцын-старэйшы правёў на лёдзе у добрым здароўі толькі... 1 хвіліну 43 секунды.

Зараз за Андрэем ізноў зарэзервавана месца на флангу ў галоўнай тройцы нападзеньня з Плеканецем і Камалеры. Аднак толькі ад беларуса залежыць, наколькі доўга працягнецца супрацоўніцтва і наколькі пасьпяховым яно стане. Калі нешта не заладзіцца або раптам адолее туга па брату, то ў "Манрэаля" ужо гатовы запасны варыянт: у перадсэзонных гульнях не аднойчы і даволі ўдала пазіцыю навапалачаніна займаў датчанін Ларс Эльлер. Апошняга канадцы атрымалі ад "Сэнт-Луіса" у якасьці кампэнсацыі за галкіпера Яраслава Галака і пакідаць у глыбокі рэзерве, падобна на тое, не зьбіраюцца.
Ды і навошта, калі ў мінулым чэмпіянаце АХЛ 21-гадовы нападаючы набраў 57 (18+39) ачкоў у 70 матчах. Недаацэньваць канкурэнта нельга, і чарговая доўгая затрымка на старце сэзону старэйшаму брату пагражае адгукнуцца ў туляньні ў не зусім прывабных з пункту гледжаньня выніковасьці і іміджу бамбардыра трэцім-чацьвёртым гульнявых спалучэньнях.

Сяргей Касьціцын

Форвард. Узрост: 23 гады. Каманда: "Нэшвіл". У чэмпіянатах НХЛ: 68 (24+44) ачкоў, +10 па "/ -", 123 хвіліны штрафу ў 155 матчах. У сэзоне-2009/10: 18 (7+11) ачкоў, +4 па "/ -", 8 хвілінаў штрафу ў 47 матчах за "Манрэаль". Гадавы заробак: 550 тысячаў даляраў. Кантракт: да 2011 году.



Пачатак канца манреальскай гісторыі Касьціцына-малодшага распачаўся яшчэ ўвосень 2009-га. Ужо ў трэніровачным лягеры гадаванец наваполацкага хакею патрапіў у лютую няміласьць да галоўнага трэнера "Канадыенс" Жака Мартэна, які без дадатковых словаў пасьпяшаўся сьпісаць "злоснага парушальніка дысцыпліны" з НХЛаўскага карабля на сумніўны АХЛаўкі баль. Сяргей тады ехаць у "Гамільтан" адмовіўся і ва ўльтыматыўнай форме запатрабаваў абмену ў іншую каманду. За што неадкладна быў дыскваліфікаваны.

Стараньнямі тагачаснага генеральнага мэнэджера "Хабс" Боба Гейні полымя канфлікту так-сяк пагасіць атрымалася. Бунтару паабяцалі разгледзець яго ўмовы, а самога ўгаварылі часова далучыцца да "бульдогаў" у тым самым фарме - АХЛаўскім Гамільтане.

Цярпеньня беларуса хапіла на тры тыдні. Па іх заканчэньні Сяргей спакаваў валізкі, сеў у машыну і ірвануў у хакейную Мекку Канады - высьвятляць адносіны з Гейні. Той як мог па-бацькоўску падбадзёрыў, і уцякач вярнуўся ў тыя ж  гамільтанскія сутарэньні. Як высьветлілася, яшчэ на месяц - да 24 лістапада. Траўмы Браяна Джыонта і Скота Гомеса разам са зьневажальным 13-м месцам ва  Усходняй канферэнцыі (з 15-ці!), на якое апусьціліся "хабы", фактычна вымусілі Мартэна амніставаць беларуса і даць яму яшч адзін шанец. Шанец быў зайграць у трэцім-чацьвёртым спалучэньнях, бо месцы ў астатніх былі ўжо зарэзэрваваныя. Шанец гэты быў азмрочаны крыўдным пашкоджаньнем нагі, якое здарылася на перадгульнявой раскатцы 31 сьнежня 2009-га - у той жа дзень, калі і брат патрапіў у сьпіс траўміраваных.

Вярнуўся Сяргей на лёд толькі 23 студзеня. Але Жака Мартэна Касьціцын-малодшы ня ўразіў і ізноўку накіраваўся на лядовыя прасторы ў чацьвёртым спалучэньні. У лютым, праўда, жахлівая эпідэмія траўмаў расчысціла для Сяргея дарогу ў першую тройку, аднак, нават праводзячы на пляцоўцы па 17-19 хвілінаў за вечар, ён набіраў ачкі не з такой рэгулярнасьцю, як таго хацелі трэнеры каманды.

А потым скончыліся і апошнія цуды. Склаў паўнамоцтвы генеральнага мэнэджэра заўсёдны заступнік Сяргея Боб Гейні. Адгрымелі алімпійскія бітвы. Загаілі раны старэйшыя таварышы па зброі. У перадапошняй гульні чэмпіянату Сяргей правёў на лёдзе 5 хвілін 35 секунд. У апошняй, супраць "Таронта", не выходзіў на пляцоўку зусім. Роўна як і на працягу большай часткі стадыі гульняў на выжываньне - у плэй-оф Сяргей з 23 красавіка да 18 траўня так і не згуляў.

Летні развод з самым тытулаваным клубам лігі быў перадвызначаны.

"Нэшвіл" - выдатнае месца для таго, каб ўсё пачаць спачатку. Ціхі зацішны куток, дзе можна забыцца на манрэальскія скандалы, усё ведаючыя і ўседасьведчаныя газэты, засяродзіцца на працы і не словам, а справай падцьвердзіць права прафэсыяналам звацца.

У гэтым пляне вельмі істотна, што галоўны трэнер "драпежнікаў" Бары Тротц верыць у талент Касьціцына-малодшага. І не бяда, што ў ходзе перадсэзоннай падрыхтоўкі ён перасоўваў маладога хакеіста з тройкі ў тройку. Бо тут, нават гуляючы ў трэцім спалучэньні, можна разьлічваць на стабільныя хвілін пятнаццаць гульнявога часу і папаўненне ачковага багажу. У распараджэньні Тротца няма яркага і стаячага значна вышэй іншых ўдарнага спалучэньня форвардаў. У "Нэшвіле" не зьбіраюцца да страты пульса перагружаць лідэраў. І таму тут чакаюць закінутых шайбаў ад кожнай тройкі.

Такі расклад павінен даць дадатковай матывацыі Сяргею Касціцыны. Напэўна, натхняюць яго і ўдалыя прыклады іншых уцекачоў з "Манрэаля". Калі Гіём Лятандрэс, перабраўшыся ў "Мінесоту" у мінулым сэзоне, здолеў наколаціць 25 галоў у 55 матчах, то чаму нашаму хлопцу гэта не пад сілу? Калі Глен Мэтраполіт, які большую частку часу дзейнічаў у чацьвёртым спалучэньні "канадыенс", набраў 11 ачкоў за дзевяць сустрэчаў у форме швейцарскага "Цуга", то, напэўна, не такія ўжо і дрэнныя стрымліваючыя брыгады былі ў "хабаў", як гэта магло камусьці падацца.

Галоўнае - каб здароўе не падводзіла. Нядзельны спарынг супраць "Вашынгтона" Сяргей прапусціў з прычыны траўмы нагі, якую атрымаў на трэніроўцы напярэдадні.

Магчыма, зламаў палец...

 
< Prev   Next >





Бясплатны хостынг