Алена Леўчанка: Беларуская мара ў складзе фіналіста WNBA
Tuesday, 14 September 2010
На гэтым тыдні цэнтравая нацыянальнай зборнай Беларусі гуляе ў фінале чэмпіянату Жаночай НБА ў складзе "Атланты Dream". Размова з гераіняй тыдня - на нашым сайце.
Называючы перад стартам сезона-2010 "Атланту Дрым" адной з самых загадкавых і шматабяцальных камандаў жаночай НБА, амэрыканскія аналітыкі і блізка не ўяўлялі, якога фурору наробіць калектыў Мэрынэл Мідарс да сярэдзіны верасня. Дружыне, якой споўнілася толькі тры гады з моманту стварэньня і далей паўфіналу канфэрэнцыі не дабіраліся, сёньня абараняе гонар Усходняй канферэнцыі ў фінальнай сэрыі чэмпіянату.
Прыемна, што ў гэтых прэстыжных гульнях за тытул наймацнейшай каманды асацыяцыі прыме ўдзел і прадстаўніца Беларусі - цэнтравая нацыянальнай зборнай Алена Леўчанка. Аб тым, зь якімі думкамі падыходзіць да гістарычнай сэрыі наша суайчыньніца, газэта "Прессбол" даведалася ў тэлефоннай гутарцы з галоўнай гераіняй тыдня.
- Атланта, напэўна, зараз перажывае баскетбольны бум, звязаны з посьпехам "Дрым". Адчуваеш яго?
- Падтрымка адчуваецца заўсёды: шмат людзей наведваюць гульні, увесь час прыходзяць віншаваньні праз інтэрнэт, тэлефанаваньні таксама нагадваюць аб тым, што адбываецца нешта знамянальная. Так што атмасфэра і сапраўды своеасаблівая.
- Усьведамляеце, што зараз робіце гісторыю не толькі клуба, але і лігі? - Так, і гэта вельмі прыемна. Усё ж не кожны дзень выступаеш за каманду, якая дабіраецца да фіналу НБА праз тры гады пасьля яе стварэньня. Адчуваньняў ў душы процьма, і далёка не ўсе з іх я магу выказаць словамі. Бо, калі задумацца, мой сюжэт больш нагадвае казку: прыехала ў Атланту - і ўжо ў першы год выступаў стала часткай калектыву, не проста які прабіўся ў плэй-оф, а рэальна прэтэндуе на чэмпіёнства!
...Ведаю, некаторыя заўзятары ўжо пачалі бурчэць: маўляў, Леўчанка затрымліваецца за акіянам, замест таго каб са зборнай трэніравацца. Але, дазвольце, гісторыя ведае нямала людзей, якія бліскуча выступалі ў Штатах па 10-12 гадоў, аднак так і не дабраліся да фіналу года. Няўжо я не маю права паспрабаваць рэалізаваць гэты свой унікальны шанец? Тым больш чэмпіянат свету, пры ўсёй важнасьці і статусе гэтага турніру, не параўнаецца з Алімпіядай ...
- У чым сакрэт посьпеху "Дрым"? Бо пасьля не зусім роўнага рэгулярнага чэмпіянату ў плэй-оф вы не аддалі суперніцам ні сустрэчы!
- Давай пачнём з таго, што ў накаўт-раўндзе нам не далася лёгка аніводная з перамог - усюды даводзілася “пахаць”. Мацней жа аказваліся за кошт лепшай псыхалягічнай гатоўнасьці. Глядзі, сёньня адзначаю роўна год, як пачаўся сэзон. Без перапынку выступала ў Эўралізе, чэмпіянаце Турцыі, плюс абараняла колеры зборнай. Вядома, вельмі стамілася. Падобная сітуацыя ў многіх дзяўчат, якія прыехалі ў НБА. У такім стане верх бярэ не той, хто зэканоміў сілы (усё роўна штовечар кожная працуе на мяжы), а той, хто змог сябе лепш настроіць, больш эфэктыўна арганізаваць падрыхтоўку.
Напрыклад, у "Атланце" у камплекце са зьнясільваючымі трэніроўкамі ідуць відааразборы гульняў суперніц, абмеркаваньне нюансаў дзеяньняў у абароне ці ў атацы, тактычны аналіз.
- Думаецца, без недаацэнкі з боку візаві таксама не абыйшлося...
- Нас, напэўна, многія і цяпер не ўспрымаюць сур'ёзна. Перад пачаткам плэй-оф усе толькі і ўздыхалі: "Ах, як добры "Вашынгтон”!” У наступным раўндзе захапленьні прысьвячаліся "Нью-Ёрку". Зараз з "Сыэтлам" тая ж гісторыя... Што ж, нам гэта толькі на карысьць!
- Наколькі цяжка пераносіш дыскамфорт, зьвязаны з дэфіцытам гульнявога часу? Бо выглядаеш жа не горш за Санчу Літл або Эрыкі Дэ Соузы...
- Тут дзейнічае закон: навічок павінен працаваць у разы больш, каб атрымаць час, адпаведны таму, які маюць, хто хжо даўно ў Штатах выступае і сябе добра зарэкамэндаваў. Але нават пры такой самааддачы нічога не можа быць гарантавана... Напрыклад, я прапусьціла пару гадоў кар'еры - і ўжо прайграю па іміджы тым, хто скончыў каледж, стварыў там сабе імя, пасьля чаго перайшоў у НБА. Але я стараюся гэтым галаву не забіваць, а проста працую. Разам з тым гляджу на рэчы пазытыўна: якім бы ні быў досьвед (хай і цяжкі ў псыхалягічным пляне), але ж ён, напэўна, пойдзе на карысьць у далейшай кар'еры. Гуляць больш, натуральна, хочацца. Але ж ёсць яшчэ адна сэрыя плэй-оф, каб гэта выправіць!
- Крыўды на Мідарс у цябе няма? Бо ў шэрагу выпадкаў яна элементарна карыстаецца тым, што Леўчанка - гэта чалавек, які ня ўмее рабіць працу цяп-ляп...
- Тут ёсць шмат спрэчных пытаньняў, аб якіх казаць не бачу сэнсу - ад мяне ў дадзеным выпадку нічога не залежыць. Крыўдна толькі, што сэзон заканчваецца, а я да гэтага часу аніяк не магу вызначыць свой статус у камандзе. То трэнер актыўна выкарыстоўвае ў якасці шостага гульца, то не выпускае зусім. Нібы гэта залежыць ад змен у яе настроі...
- Сэрыя з "Сыэтлам" можа падарыць міру дуэль Алены Леўчанкі і Ларэн Джэксан. Ня супраць зладзіць з ёй рэпетыцыю спатканьня на чэмпіянаце свету?
- А чаму б і не! З ёй ужо не раз даводзілася змагацца як на ўзроўні зборных, так і ў фармаце клюбных турніраў, - і кожны раз для мяне гэта быў сапраўдны выклік. Джэксан – цудоўная баскетбалістка. Сустракаючыся з ёй на пляцоўцы, адчуваеш драйв і разумееш, што атрымліваеш шанец вырасьці прафесыйна. Так што мне падабаецца ёй супрацьстаяць. За плячыма Ларэн класны сезон. Так што мэта ў мяне на будучую дуэль простая: дазволіць ёй зрабіць нашмат меньш, чым яна пасьпявала ў папярэдніх гульнях.
- Згадваньне чэмпіянату сьвету само сабой выводзіць на размову аб зборнай Беларусі. Ці сочыш за яе выступамі?
- Увесь час знаходжуся на сувязі з дзяўчынкамі, удакладняю падрабязнасьці таго, што адбываецца на зборах і ў спарынгах. Вядома, хацелася б самой паўдзельнічаць у трэніроўках, паглядзець, што ды як, пазнаёміцца з маладымі, зьяўленьню якіх у камандзе, дарэчы, вельмі радая. Але, падобна, уваходзіць у курс справы прыйдзецца ўжо ў баявых умовах.
Ну а што тычыцца вынікаў перадсэзонных гульняў... Мы традыцыйна запрагаем павольна, так што трагедыі рабіць не спяшалася б. Тым больш у каманды ёсьць сіла духу, вопыт і дастатковае адчуваньне ў дзяўчат адна другой: усе ж мы выступаем разам ужо шмат гадоў! Таму ў патрэбны момант мы здольныя паказваць патрэбныя вынікі. Бачыла, што ў беларускай прэсе і на форумах ўжо пачалі падымаць паніку: маўляў, камандзе не хапае збалансаванасці, узаемаразумення. Хацелася б звярнуцца да такіх "знаўцаў": спадары, пытаньні камандных узаемадзеяньняў павінны турбаваць вас у апошнюю чаргу! Бо ў нас як? Калі зборная спатыкаецца на чэмпіянаце, то ў яе паляцяць крытычныя стрэлы - маўляў, мы ж казалі, што яны задралі насы. А калі ўсё пройдзе добра, то маментальна "дарадчыкі" прымуцца сцвярджаць, быццам, дзякуючы іх увазе да праблем, усё атрымалася...
Дык вось, давайце кожны вызначыцца і зробіць выбар: з намі ён ці бяз нас. Бо сапраўдныя заўзятары (якім мы шчыра і бязмежна ўдзячныя) гатовыя быць з камандай і ў часы смутку, і ў радасьці. Калі ж вам такая пазыцыя не па душы, фармуйце свой лягер. Таму што на важных міжнародных спаборніцтвах зборнай неабходная падтрымка, няхай нават у яе нічога не атрымліваецца. Кажу зараз не толькі канкрэтна пра чэмпіянат свету, але і з прыцэлам на будучыя турніры.Бо з адных узьлётаў жыцьцё складацца не можа.
- У любым выпадку твой цвёрды намер згуляць за Беларусь на чэмпіянаце свету - выдатная навіна. Дарэчы, ты магла б пра яе распавесьці ў рэпартажы на якім-небудзь федэральным канале ЗША. Мяркуючы па роліках ў інтэрнэце, падчас першых спробаў падобнага роду ў ролі вядучай адчувала сябе ўпэўнена...
- Я прыхільнік таго, што калі падаецца шанец паспрабаваць сябе ў нечым новым, ім нельга не скарыстацца. Што на баскетболе не трэба замыкаць жыццё, я зразумела, калі год не гуляла пасьля апэрацыі і сутыкнулася з пэрспектывай зусім не вярнуцца на пляцоўку. Таму, аднавіўшы кар'еру, не лічу ганебным адцягнуць увагу на які-небудзь новы выклік, асабліва калі ён блізкі мне па духу. Рана ці позна ўсё роўна прыйдзецца прызнаць: надыходзіць час скласці красоўкі ў скрыню, і шукаць сабе новае месца ў жыцьці. Не хачу цягнуць да "дэдлайна"...
Запрашэньне на тэлебачаньне было спантаннай і рызыковай ініцыятывай, аднак мне спадабалася. Тое ж магу сказаць і аб выступе ў ролі прафесыйнай мадэлі ў ходзе аднаго з fashion-паказаў. Справа не столькі ў выніку, колькі ў самім працэсе: ты робіш тое, чаго ніколі раней не рабіла. А раптам пры гэтым знойдзеш у сабе яшчэ нейкі схаваны талент? Шкада расцерушыць сваё жыццё на дробязі, так і не паспрабаваўшы раскрыць таленты! - Прасцей кажучы, цяперашні амерыканскі ваяж выдаўся для цябе багатым як на падзеі, так і ў пляне ўзбагачэньня асабістым вопытам. Засталося толькі атрымаць матэрыяльную аддачу ў выглядзе чэмпіёнскага пярсцёнка...
- Было б выдатна так закальцаваць гэты баскетбольны год. Так, "Сыэтл" у гэтым сэзоне аніводна разу не саступіў дома. Але ж нічога немагчымага ў жыцьці няма! Калі "зачапіць" "Сторм" хоць бы раз у першай пары матчаў, то наўрад ці нехта будзе ўпэўнены ў выніку сэрыі...
Спалохала толькі, што фінал тут ідзе да трох перамог. Бо калі высвятленьне адносін працягнецца да апошняга паядынку, то завяршыцца амэрыканскі сэзон 21 верасня ў Сыэтле, і я толькі 22-га вярнуся ў Атланту. А праз дзень стартуе чэмпіянат сьвету ў Чэхіі. Пасьпець бы...
1-я і 2-я гульні адбудуцца ў Сыэтле 12 і 14 (9 рм па часе ўсходняга ўзьбярэжжа) верасьня. 3-я і, калі трэба, 4-я сустрэчы пройдуць у Атланце 16 (8 рм) і 19 верасьня (3 рм). Вырашальная пятая гульня сэрыі, калі лік пасьля першых чатырох будзе 2:2, пройдзе ізноў у Сыэтле - 21 верасьня а 9 рм.
Запрашаем беларускіх прыхільнікаў спорту, хто жыве ў навакольлі Атланты ці Сыэтлу, падтрымаць беларуску і яе каманду ў вырашальных сустрэчах сэзону!
Cтаць прыхільнікам Алены Леўчанка ў сацыяльнай сетцы Facebook можна па спасылцы - Yelena Leuchanka Dream Girl.