website languages:
Навіны
Артыкулы
Літаратура
Відэа/Аўдыё
 
Аб нас
Нашы ініцыятывы
Бясплатны хостынг
Далучыцца
Кантакт
 
Сябры
Нашы банэры
 




Беларускі Мўзэй, Нью Ёорк, ЗША



Сустрэча Беларусаў Амэрыкі Адправіць на e-mail
Wednesday, 08 September 2010
4-5 верасьня ў Нью-Брансўіку, штат Нью-Джэрсі, прайшла 29-я Сустрэча Беларусаў Паўночнай Амэрыкі.

Па традыцыі, калі гаспадарамі сустрэч зьяўляюцца беларусы садовага штату, як называюць тут Нью-Джэрсі, гасьцей прымае гатэль "Хаятт". З мінулай сустрэчы тут прайшло 4 гады: пасьля 2006-га беларусы сустракаліся ў Кліўлэндзе ў 2008-м.

Па спасылцы глядзіце фотарэпартаж з Сустрэчы.

Галоўная мэта сустрэчы - безумоўна, магчымасьць убачыць старых сяброў з розных куткоў ЗША і Канады ды пазнаёміцца з новымі. Акрамя цёплых таварыскіх размоў двухдзённая праграма мерапрыемстваў прадугледжвала як працу па праблемных для краіны пытаньнях, гэтак і адпачынак культурны - баль, каб патанчыць, ды канцэрт, каб пасьпяваць разам. Вядома, толькі заплянаванымі праграмай мерапрыемствамі ўвесь адпачынак не абмяжоўваўся.

Госьці Сустрэчы, сярод якіх былі жыхары не толькі блізкіх гарадоў ды мястэчак Нью-Ёрку і Нью-Джэрсі, але і  Пэнсільваніі, Ілінойса, Мінэсоты ды канадскіх гарадоў, на працягу двух дзён маглі набыць беларускія кнігі, часопісы, кружэлкі з запісамі беларускіх выканаўцаў, значкі ды іншыя маленькія прыемныя дробязі. Беларускі Музэй у Нью-Ёрку падрыхтаваў мастацкую выставу, прадставіўшы больш за 30 карцін: пэйзажы Ягора Батальёнка і Алеся Шатэрніка, творы Генадзя Драздова, Уладзіміра Новака, Міколы Купавы, Юлі Шатэрнік, партрэты і кветкі ды беларускія лялькі зробленыя майстрам на ўсе рукі матсацтвазнаўцай Валянцінай Якімовіч. Упершыню была прадстаўлена шырокаму колу беларусаў праца Любові Карпавай: яе вышываныя абразы сапраўды ўражвалі.



Прыемна было бачыць на сустрэчы шмат людзей, якія апранулі свае беларускія строі, прыйшлі са сваімі дзеткамі цэлымі сем'ямі. Цікава, што некалькі прадстаўнікоў беларускай моладзі нават казалі, што крыху няемка адчуваюць сябе на Сустрэчы ў сваім штодзённым "амэрыканскім" адзеньні сярод такой колькасьці апранутых у нашу традыцыйную вопратку белых і чырвоных колераў. Аднак, вядома, няемкасьць гэтая калі і была, то ад яе хутка пазбавіліся: добры настрой мерапрыемства дазваляў нават новаму чалавеку адчуць сябе ў кампаніі беларусаў сваім. Асабліва гэта датычылася вячэрняй праграмы ;) Аднак аб усім - па чарзе.



Урачыста адкрыў Сустрэчу старшыня аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА) Нью-Джэрсі Юрка Азарка. За падзякамі сабраўшымся беларусам пасьледавалі вітаньні ад прадстаўнікоў улады штата: губэрнатара Крыса Крысьці, кангрэсмэна Крыстафэра Сьміта ды сэнатараў Фрэнка Лаўтэнбэрга і Робэрта Мэнэндэса.

Прыемным сюрпрызам для беларусаў у першы дзень Сустрэчы стаў візыт за дыскусыйны стол кангрэсмэна Фрэнка Палонэ. Па-дэмакратычнаму апрануты ў пацёртыя джынсы, кангрэсмэн прадэманстраваў добрае веданьне беларускай праблематыкі, закранаючы даволі глыбокія асьпекты. Вядома, што дапамагаюць гэтаму яго сваяцкія сувязі з Беларусьсю: бацькі жонкі нарадзіліся ў Беларусі. Кангрэсмэн заклікаў зьвяртацца да яго па пытаньнях, зьвязаных з Беларусьсю, паабяцаўшы падтрымліваць беларускае пытаньне на ўзроўні Кангрэсу, і выказаў словы падтрымкі намаганьням беларусаў на нашым шляху да дэмакратыі.

Кангрэсмэн Фрэнк Палонэ

Потым у прыватнай размове кангрэсмэн сказаў, што быў прыемна ўражаны колькасьцю беларусаў, апранутых у нацыянальныя строі, ды спрабаваў высьветліць, напрыклад, наколькі адрозьніваюцца паміж сабой расейская і беларуская мовы.

Другая частка дыскусійнага стала прайшла па групах. Ушанаваньне памяці Ларысы Геніюш ды размова пра жыцьцёвы шлях паэткі, дапамога апазыцыйным сілам у Беларусі ды роля эміграцыі ў змаганьні за вольную Беларусь - па гэтых трох тэмах працавалі ўдзельнікі сымпозіюму. Праз паўтары гадзіны інтэнсыўнай працы мадэратары сваіх груп пазнаёмілі ізноў сабраўшыхся ўсіх разам з вынікамі і асноўнымі высновамі ды прапановамі.

Першая група працавала па тэме аб ахвярах рэжыму і распрацоўвала прапановы аб дапамозе такім людзям. Група напачатку высьветліла, каго можна назваць ахвярамі рэжыму. Вядома, што ахвяры - гэта тыя, хто пацярпеў: вылецеўшыя з працы з-за сваіх палітычных поглядаў, студэнты, выключаныя з навучальных устаноў за ўдзел у акцыях пратэсту, тыя, хто прайшоў праз гэтак званы палітычны прызыў, некаторых родных і сваякоў пацярпелых, безумоўна, таксама можна прылічыць да ахвяраў. Наогул сьпіс беларускі можна працягваць амаль бясконца: правы парушаюцца кожны дзень: няма свабоды слова, суды - не незалежныя, людзі ня маюць магчымасьці аб'ядноўвацца ў прафсаюзы ды грамадзкія арганізацыі ды ствараць палітычныя партыі, перасьледуюцца людзі і па рэлігійным прызнаку.

На пытаньне, хто ж яны, гэтыя ахвяры, большасьць пагадзілася, што на сёньня гэта адукаваная моладзь. Бо яна больш актыўная, прымае ўсё большы ўдзел у грамадзкім жыцьці краіны, яны лепш ведаюць гісторыю і культуру сваёй краіны з дапамогай новых тэхналёгіяў і інтэрнэту, абыходзячы мэтады савэтызаваньня і ідэалягічнай прамыўкі мазгоў.

Вядома, што гэтыя людзі маюць патрэбу ў падтрымцы. Такія праграмы, як распачатая ў 2006-м годзе праграма Каліноўскага - для студэнтаў, выключаных з ВНУ за палітычную актыўнасьць - добры прыклад дапамогі. Існуе таксама патрэба дапамагаць людзям, неабгрунтавана аштрафаваным за сваю грамадзкую дзейнасьць. Існаваньне такіх фондаў і праграм дазволіць людзям больш актыўна ўдзельнічаць у пабудове грамадзкай супольнасьці ў Беларусі.



Тэматыка размовы другой групы перапляталася з першай. Роля эміграцыі ў змаганьні за вольную Беларусь - заўсёдная тэма Сустрэч беларусаў Паўночнай Амэрыкі.

І ў гэты раз разгарнулася кіпучая дыскусія пры вельмі актыўным удзеле Антона Шукелойця. Ён даў шырокі агляд цяперашняга становішча ў дыяспары і краіне. Дзеяч-гісторыя сказаў, што роля эміграцыі залежыць, па-першае, ад становішча ў самой Беларусі. Менавіта падзеі на Беларусі аказваюць найбольшы ўплыў на дыяспару. Як сябе паводзіць дыяспара - гэта своеасаблівая праэкцыя Беларусі. Зараз усё большы ўплыў на сытуацыю ў дыяспары будзе аказваць эміграцыя 1990-2000-х гадоў. Апошнія зараз спрабуюць інтэгравацца ў амэрыканскае жыцьцё, у жыцьцё амэрыканскіх беларусаў старэйшых пакаленьняў. "Гэтай моладзі трэба дапамагаць, тады здолеем перадаць тыя ідэі, з якімі змагаліся за Беларусь Касьцюшка, Каліноўскі, браты Луцкевічы, слуцкія паўстанцы". Толькі пры іх дапамозе можна будзе вырашаць тыя шматлікія складаныя пытаньні, якія стаяць перад намі.

Чым больш інтэнсыўная ды якасная праца будзе рабіцца тут, чым цікавей яна будзе для маладых беларусаў, тым больш іх будзе ў беларускай амэрыканскай грамадзе, тым большым будзе іх узаемадзеяньне з амэрыканскімі ўладамі і тым большы будзе іх уплыў на падзеі ў Беларусі, і на дэмакратызацыю краіны.

Безумоўна, сіла ў самой еднасьці, у адчуваньні сябе беларусамі. Дапамагаючы адзін аднаму, яднаючыся на беларускай культурнай спадчыне мы будзем адчуваць сябе блізкімі па духу. Гэта дазволіць падтрымліваць адносіны з прадстаўнікамі амэрыканскай улады, што дапаможа прасоўваньні патрэбных Беларусі пытаньняў. Выкарыстоўваць усе магчымасьці гэтай краіны - вельмі сур'ёзны рэсурс, які, магчыма, і зараз недаацэньваецца кіраўнікамі арганізацый дыяспары.

Трэцяя дыскусійная група размаўляла пра Ларысу Геніюш. Яна - тая, каго можна назваць сапраўдная ахвярай савецкага рэжыму, дысыдэнтка, пацярпелая, змагарка. Паэтка, якая сваё жыцьцё пражыла для Беларусі і імя якой і сёньня амаль невядомае ў Беларусі, дастойна заняць месца побач з такімі беларускімі клясыкамі як Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Уладзімір Караткевіч. Калі Васіля Быкава называюць сумленьнем Беларусі, то Ларыса Геніюш - духоўная маці Беларусі.



Яна і зараз застаецца нерэабілітаванай, нягледзячы на дзесяткі зваротаў да ўладаў краіны. Яе творы ў чарговы раз выключылі са школьнай праграмы: сёньняшнія ўлады разумеюць пагрозу вывучэньня яе жыцьця для сябе маладымі беларусамі.

Вядома, што прыйдзе час, калі будуць у нашых гарадах названы вуліцы імём няскоранай паэткі, калі яе творчасьць і жыцьцёвы шлях будуць вывучаць акадэміі і ўнівэрсітэты. І каб гэты час прыйшоў як мага хутчэй, трэба расказваць пра яе сваім сябрам, самому вывучаць яе творы, нагадваць пра яе ўладам.

Па адносінах улады да Ларысы Геніюш можна разумець, наколькі ўлада зьяўляецца беларускай, наколькі яна шануе нашу гісторыю і культуру.

Удзельнікі Сустрэчы дамовіліся, што ўжо ў бліжэйшы час будзе арганізавана вечарына, прысьвечаная паэтцы. Гэта будзе чарговым невялічкім узнёскам ва ўшанаваньні яе імя.

Паслухаўшы ўдзельнікаў дыскусійных групаў, афіцыйная частка першага была абвешчана завершанай.

Праз тры гадзіны, а 7-й увечары беларусы прагледзелі дакумэнтальны фільм "Няскораная", прысьвечаны 100-годзьдзю Ларысы Геніюш, падрыхтаваны тэлеканалам "Белсат".



А пасьля невялічкага перапынку пачалася, бадай, самая вясёлая частка - танцы і песьні. Адпачываўшыя на вясельлях у суседніх залях ірляндцы і індусы прызнаваліся, што беларуская жывая музыка Валянціны Пархоменкі, Алеся Казака і сьпявачкі Волі, выканаўшай некалькі кампазыцый са свайго альбому сольна, ды заліхвацкія танцы ды карагоды ім спадабаліся нават больш за іх вясельныя "двіжухі" :)

Прыемна, што беларусаў сталі ведаць пасьля таго вечару ў сьвеце больш і што і адпачываць культурна мы ўмеем лепш за лёгкіх на пад'ём прадстаўнікоў зялёнай Ірляндыі ;)

Нядзеля, 5 верасня, распачалася для беларусаў у царкве Іконы Жыровіцкай Маці Божай  ў Гайленд Парку. Багаслужэньне праводзілі Уладыка Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы япіскап Наваградскі і Паўночна-Амерыканскі Святаслаў ды сьвятар айцец Зінові. Поўная заля вернікаў стала цудоўным пачаткам цёплага сонечнага восеньскага дня.

Другі дзень, па прызнаньні арганізатараў, звычайна зьбірае большую колькасьць удзельнікаў. Так было і ў гэты раз: каля сотні беларусаў адпачнулі ў гэтыя дні ў Нью-Брансўіку разам.

Дабраславіў Сустрэчу і прачытаў малітву за прысутных і за Беларусь япіскап БАПЦ Сьвятаслаў.

Віншавальныя лісты даслалі ўдзельнікам 29-й Сустрэчы губэрнатар Крыс Крысьці, кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт ды сэнатар Робэрт Мэнэндэс. Прывядзем урыўкі іх зваротаў:

"Я рады вітаць удзельнікаў 29-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі, якія сабраліся на уік-энд на Дзень Працоўных у Нью-Брансўіку. Перапрашаю, што я ня здолеў у гэты дзень быць разам з Вамі.

Я маю гонар быць Губэрнатарам аднаго з найбольш разнастайных штатаў ва ўсёй краіне. Беларуская грамада Нью-Джэрсі робіць свой пачэсны ўзьнёсак у разьвіцьцё штату. Я высока ацэньваю намаганьні кожнага з Вас па распаўсюду і падтрымцы ідэалаў дэмакратыі і свабоды ў Беларусі"
, - падкрэсьліў губэрнатар.

Кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт узгадаў пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, тэзісна пералічыўшы галоўныя, ды распавёў пра сустрэчу гадавой даўніны: "У ліпені 2009-га я з другімі сябрамі Кангрэсу меў пэрсанальную сустрэчу з Лукашэнкай у Менску. Мы падкрэсьлілі, што разьвіцьцё амэрыканска-беларускіх стасункаў будзе залежыць ад дэманстрацыі прагрэсу ў пытаньні забесьпячэньня абароны правоў чалавека і паляпшэньня іншых дэмакратычных працэсаў у краіне. Але Лукашэнкавая варожасьць да ідэі аб праваз чалавека была непрыхавана аднастайнай.

Менавіта таму мы павінны працягваць дапамагаць беларускім людзям. Вось чаму Акт аб Дэмакратыі ў Беларусі, прыняты ў 2004-м і 2006-м гадах, аўтарам якіх я зьяўляўся, даў прэзыдэнту краіны новыя магчымасьці і інструмэнты працягнуць падтрымку беларускай грамадзкай супольнасьці і ўвесьці санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

Дзякуй Вам за Вашу працу на карысьць беларускага народу. Я з аптымізмам гляджу наперад і спадзяюся, што падтрымка, якую Вы здолееце даць сваім суайчыньнікам, будзе вырашальнай для будучыні Беларусі"
.

Робэрт Мэнэндэз сказаў пра ролю арганізацыі БАЗА для беларускай грамады ў ЗША і беларускай краіны: "Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне - гэта некамэрцыйная арганізацыія, якая створана для прамоцыі беларускай культуры і адукацыйных функцыяў у Злучаных Штатах. За ўсе гэтыя гады арганізацыя прыняла ўдзел у шматлікіх акцыях у падтрымку незалежнай і дэмакратычнай Беларусі. (...)

Беларусь мае доўгую і складаную гісторыю змаганьня за сваю незалежную дэмакратычную краіну. Калі Вы зьбіраецеся на гэты ўік-энд, мы нагадваем такім чынам што барацьбу гэтую людзі Беларусі вядуць і ў сёньняшні дзень. Я шаную беларуска-амэрыканскую грамаду за яе доўгатэрміновы ўзьнёсак у распаўсюд ідэалаў дэмакратыі і правоў чалавека.

Як Ваш амэрыканскі Сэнатар, я працую па паляпшэньні жыцьця ўсіх нью-джэрсійцаў. Мае найлепшыя пажаданьні зрабіць гэту Сустрэчу запамінальнай і пасьпяховай!"


Антось Шукелойць падзякаваў прысутных за захаваньне традыцыі і пажадаў, каб і наступныя пакаленьні беларусаў ЗША працягвалі шматгадовую эстафету выхадцаў з сінявокай, якія эмігравалі ў вольны сьвет. Сказаўшы пра Ларысу Геніюш, 100-годзьдзе якой адзначаецца ў гэтым годзе, ганаровы старшыня БАЗА ўзгадаў і другіх дзеячоў, якія нарадзілі 100 гадоў назад, адзначыўшы іх ролю ў жыцьці беларускай дыяспары: Вітаўта Тумаша і Леаніда Галяка.



Спадар Антось закрануў праблемы, якія стаяць перад Беларусьсю зараз. Узгадаў і пра тое, што беларусы сабраліся ў гэты дзень ня толькі ў Нью-Брансўіку, але і паблізу ў Саўт-Рывэры.

Нягледзячы на свой узрост, беларускі дзеяч крануў усіх прысутных глыбінёй сваіх разваг.  Па цішыні ў залі, якая ўсталявалася, можна было зразумець, што перад прысутнымі гаворыць сапраўдны чалавек-скарб. Зрабіўшы аналіз становішча ў беларускім амэрыканскім асяродзьдзіі, ён правёў цікавыя гістарычныя паралелі, якія мелі месца ў розныя эпохі. Называючы тых, хто змагаліся за нашу Бацькаўшчыну ў розныя перыяды, ён заўважаў, што і яны часта памыляліся.

Спадар Шукелойць падкрэсьліў, што існуючыя супярэчнасьці - гэта часовыя зьявы: горшае  рана ці позна праяўляе сябе і на іншым узроўні і адыходзіць, а лепшае застаецца і дае добрыя расткі.  Ганаровы старшыня БАЗА выказаў упэўненасьць, што тыя маладыя васількі, якія зараз ёсьць у беларускай грамадзе пры адпаведнай працы будуць буйна квітнець у беларускім полі.

Таксама віталі беларусаў сваімі зваротам старшыня Нью-Ёркскага аддзелу БАЗА Віталь Зайка, Уладыка Ўкраінскай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы ў ЗША Архіяпіскап Аляксандр, каардынатар Кангрэса Новай Беларускай Дыяспары Еўропы і ЗША і сябра Рады БНР Павел Марозаў.

Уладыка Ўкраінскай Аўтакефаліі Аляксандр даслаў свае вітальныя словы з Дэтройту: "Сардэчна вітаю ўсіх удзельнікаў 29-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі 4-5 верасьня 2010 году ў Нью-Брансўіку, штат Нью-Джэрсі, і малітоўна жадаю ў еднасьці і аднадумнасьці прыняць важныя канструктыўныя рашэньні ў пытаньнях аб ролі эміграцыі ў змаганьні за вольную Беларусі, і тым падтрымаць барацьбу нескаронага Беларускага народу на Бацькаўшчыне.

Жыве Беларусь! Са шчырым братэрскім вітаньнем і з малітваю за ўсіх Вас"
.

Зьвярнуўся да прысутных з вітальным словам з Эўропы Павел Марозаў: "Шчыра вітаю вас і жадаю вам плённай працы і добрых вынікаў вашай сустрэчы. Для мяне заўсёды прыемна працаваць з беларусамі Паўночнай Амэрыкі, і я лічу Вас адной з найбольш пасьпяховых беларускіх дыяспар у свеце.

Зараз няпросты час як для нашай краіны, так і дыяспары. Не ўсё добра і ў вас, ёсць непаразуменне паміж тымі, хто жадае працаваць, рабіць больш для развіцця нашай культуры, мовы, і тымі, хто жадае толькі ўсё кантраляваць. Шчыра спадзяюся што ваша пазіцыя пераможа, і наша дыяспара ў Паўночнай Амэрыцы хутка будзе зноў адзінай"
.

Напрыканцы афіцыйнай часткі мерапрыемства была прынята Рэзалюцыя 29-й Сустрэчы.

"Аксамітны вечар" Сяржука Сокалава-Воюша

У другі дзень канцэртная праграма, прапанаваная "Трыё Казакоў" была больш клясычнай, але і ў нядзелю шэраг песьняў выклікаў сапраўдны фурор на невялічкай танцавальнай пляцоўцы перад сцэнай. Выступ знакамітага беларускага ансамбля разам з беларускім музыкай, фальклярыстам Зьміцерам Сьляповічам, яго сольны нумар, песьні Сяржука Сокалава-Воюша, сольны выступ Волі - чатырохгадзінная праграма праляцела, як адно імгненьне.

 

 
< Папяр.   Наст. >





Бясплатны хостынг