|
21 сакавіка адбылася ўрачыстая перадача бюста беларускага пісьменьніка Васіля Быкава прадстаўнікам аднаго з найбольш вядомых унівэрсітэтаў Нью-Ёрка Columbia University.
Беларускі Моладзевы Рух Амэрыкі Прынцыповая дамоўленасьць аб перадачы бюста пісьменьніка Васіля Быкава Калюмбійскаму Ўнівэрсітэту была дасягнута напрыканцы мінулага году Беларускім Музэем у Нью-Ёрку і прадстаўнікамі беларускай дыяспары. Учора з удзелам аўтара бюста мастака і скульптара Алеся Шатэрніка і беларусазнаўцы старшыні Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва Вітаўта Кіпеля адбылася перадача бронзавай скульптуры бібліятэцы Калямбія Юнівёрсіці. Бюст нашаму пісьменьніку будзе ўсталяваны ў сусьветна вядомай бібліятэцы Калямбія Юнівёрсіці - Butler Library, калекцыі якой налічваюць больш за два мільёны асобнікаў. Па словах дырэктара дэпартамэнта бібліятэкі расейскіх, эўразійскіх і ўсходне-эўрапейскіх вучэньняў Калюмбійскага ўнівэрсітэту Робэрта Дэвіса, урачыстае адкрыцьцё ў будынку Батлераўскай бібліятэкі адбудзецца праз некалькі тыдняў. Пра падрабязнасьці ўчорашняй перадачы бюста Васіля Быкава сусьветна вядомаму ўнівэрсітэту - у размове карэспандэнта "Польскага радыё для замежжа" Арцёма Багданава і прэсавага аташэ Беларускага музэю ў Нью-Ёрку Дзяніса Талпекі .
- Я ведаю, што бюст быў створаны яшчэ 4 гады таму. Чаму зараз адбылася ягоная перадача ў Калюмбійскі ўнівэрсытэт?
- Дагэтуль бюст знаходзіўся каля трох гадоў у будынку Беларускай аўтакефальнай царквы ў Нью-Ёрку, у Брукліне. Але напрыканцы мінулага году было прынятае рашэньне аб перадачы бюста ў Калюмбійскі ўнівэрсытэт, пра што дамаўляўся спадар Вітаўт Кіпель. Было дасягнутае афіцыйнае пагадненьне. І вось адбылася гэтая значная для ўсіх беларусаў сьвету падзея. А наконт працы Алеся Шатэрніка – то мне вядома, што гэтая задума прыйшла да яго адразу пасьля сьмерці Васіля Быкава ў 2003 годзе. Як адзначае спадар Шатэрнік, зрабіць выяву такога чалавека, як Васіль Быкаў – пачэсная справа для кожнага скульптара. А ініцыятыва аб зьяўленьні бюста ў ЗША чатыры гады назад зыходзіла ад беларусаў Амэрыкі. пераважна моладзі, якая тады згуртавалася вакол ідэі аб перадачы бюста – яшчэ нават ня зробленага – зь Беларусі ў ЗША. Пачалася праца над скульптурай – і ў выніку ў 2006 годзе скульптура зьявілася ў ЗША.
- Чаму быў абраны менавіты гэты ўнівэрсытэт? Як успрыняло такую ідэю кіраўніцтва ўнівэрсытэту?
- Вялізную ролю ў тым, што бюст перададзены менавіта ў Калюмбійскі ўнівэрсытэт, адыграў спадар Вітаўт Кіпель, які ўжо даўно знаёмы з Робэртам Дэвісам, дырэктарам унівэрсытэцкай бібліятэкі. Менавіта Робэрт Дэвіс дапамагаў Вітаўту Кіпелю ў стварэньні кнігі “Беларусы ЗША”. Калі напрыканцы мінулага году было прапанавана ўсталяваць бюст Васіля Быкава, зь яго боку адразу была згода, а кіраўніцтва ўнівэрсітэту, можна сказаць, ухапілася за магчымасьць мець у сябе гэты твор мастацтва.
- Дзяніс, распавядзіце, калі ласка, хто прысутнічаў на ўрачыстасьці?
- На адкрыцьці, апроч аўтара бюста Алеся Шатэрніка, былі дырэктар бібліятэкі Робэрт Дэвіс-малодшы, вядомы беларусазнаўца Вітаўт Кіпель, дырэктар Беларускага музэю ў Нью-Ёрку Алесь Вінакураў, беларускія мастачкі Юлія Шатэрнік і Алена Тылькіна. Таксама было некалькі амэрыканцаў, эмігранты зь Беларусі, Украіны, Армэніі… Сапраўды, можна адзначыць, што гэтая падзея выклікала зацікаўленасьць. Паводле словаў Робэрта Дэвіса, бюст “прапішацца” ва ўнівэрсытэцкай бібліятэцы Butler Library, якая налічвае больш за 2 мільёны тамоў. Паколькі ва ўнівэрсытэце навучаюцца сотні студэнтаў з усяго сьвету, то гэты бюст нагадае ім пра Беларусь і Васіля Быкава. Гэта, лічу, сапраўдны гонар для ўсіх нас, беларусаў.
- На вашую думку, перадача й адкрыцьцё бюста Васіля Быкава ў Калюмбійскім унівэрсытэце Нью-Ёрку – наколькі гэта значная падзея ў жыцьці беларусаў Амэрыкі?
- Лічу, што вельмі значная. Таму што мы цудоўна ведаем, наколькі ў Беларусі на афіцыйным узроўні асоба Васіля Быкава недаацэненая. Што на Радзіме ёсьць толькі мэмарыяльная дошка на віцебскай вучэльні, дзе ён вучыўся, і бюст у прыватным музэі Анатоля Белага ў Старых Дарогах. Вуліца, здаецца, ёсьць толькі адная – у Менскім раёне. За такі стан рэчаў нам павінна быць усім сорамна. 



     |