|
Беларусы Злучаных Штатаў працягваюць адзначаць Дзень Волі, знаходзячыся за тысячы кіламетраў ад Бацькаўшчыны.
"Наша Ніва" 25 сакавіка выкладчыца Надзея Сычугова правяла адкрыты занятак у Паўднёва-Заходнім каледжы ў г. Уінфілд , штат Канзас з нагоды святкавання 92-й гадавіны Дня Волі. Мерапрыемства было праведзена ў межах курсу «Гісторыя і культура Беларусі», тэматыка занятку і дата самым цудоўным чынам супала з адным з найважнейшых дзён у гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя. 
Бел-чырвона-белы сцяг сярод дзяржаўных сцягоў на тэрыторыі універсітэту
Падчас лекцыі амерыканскія студэнты даведаліся пра гісторыю стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі, яе лёс, а таксама пра існаванне ўраду БНР, які да гэтага часу дзейнічае ў эміграцыі. Студэнтаў ўразіў той факт, што яны неаднойчы маглі бачыць на тэрыторыі кампусу жаншчыну паважанага ўзросту ў элегантным шэрым гарнітуры, якая з'яўляецца дзеючым Прэзідэнтам Рады БНР: Івонку Сурвілу. Яна была ўдзельніцай разнастайных мерапрыемстваў, зарганізаванымі Цэнтрам Беларускіх Даследванняў .
 Надзея Сычугова (чацвертая справа ў 1-м шэрагу) з амерыканскімі студэнтамі
Быў зроблены акцэнт на разуменне лёсавызначальнай ролі 25 Сакавіка для далейшага існавання незалежнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь. Спадарыня Надзея распавяла пра сучаснае ганебнае становішча гэтага свята ў Беларусі, брутальныя паводзіны беларускіх уладаў падчас мітынгаў з нагоды яго святкавання. У якасці прыклада, яна распавяла пра свой асабісты досвед удзелу ў святкаванні Дня Волі, і што толькі, дзякуючы хуткасці яе ног ды падарунку лёсу ў выглядзе раптоўна адчыненых дзвярэй пад'езду, яна не была арыштаваная спецназам. Гэты аповяд выклікаў буру эмоцыяў і абурэнняў з боку студэнтаў.
 Аўдыторыя была ўпрыгожаная беларускімі нацыянальнымі сімваламі
Пасля быў прадэманстраваны дакументальны фільм Уладзіміра Арлова і Юрыя Хашчавацкага «Дзень Волі». Студэнты паглыбіліся ў зусім не знаёмую амерыканскаму ўспрыняццю, атмасферу падзеяў першай сусветнай вайны, вір кастрычніцкай рэвалюцыі і ўмоваў абвяшчэння незалежнасці БНР. Пабычылі на свае ўласныя вочы, як адбываецца святкаванне Дня Волі на вуліцах Мінску. |