website languages:
Навіны
Артыкулы
Літаратура
Відэа/Аўдыё
 
Аб нас
Нашы ініцыятывы
Бясплатны хостынг
Далучыцца
Кантакт
 
Сябры
Нашы банэры
 




Беларускі Мўзэй, Нью Ёорк, ЗША



БНР і беларуская дыяспара Адправіць на e-mail
Thursday, 25 March 2010
Павел Марозаў і грамадзкая супольнасьць "Трэці Шлях" зірнулі на ролю беларускай дыяспары ў гістарычна-аналітычным кантэксьце разьвіцьця сучаснай Беларусі, як нашчадка Беларускай Народнай Рэспублікі, незалежнасьць якой была абвешчана роўна 92 гады назад.

Павел Марозаў, "Трэці Шлях"

 Пазыцыя. Беларуская народная рэспубліка, створаная 25 сакавіка 1918 года, зьяўляецца першай зь беларускіх дзяржаваў, якая дэкляравала дэмакратычны канстытуцыйны лад, а не манархію , а таксама тым фактарам, які вымусіў камуністаў стварыць федэратыўную беларускую рэспубліку з фармальнымі рысамі наднацыянальнага ўтварэньня. Беларусь менавіта ад таго моманту несупынна зьяўляецца дэ-юрэ самастойным суб'ектам міжнароднага права: спачатку як БНР, потым як БССР, цяпер - Рэспубліка Беларусь Нягледзячы на кароткую гісторыю існаваньня БНР адыграла значную ролю ў станаўленьні беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Рада БНР сёньня зьяўляецца альтэрнатыўным культурным нацыянальным цэнтрам для беларусаў і да моманту дэмакратычных перамен у Беларусі павінна працягваць актыўна абараняць беларускія нацыянальныя інтарэсы, культуру і гісторыю як у Беларусі, так і за яе межамі.

Беларуская дыяспара сёньня — гэта мільёны беларусаў па ўсім сьвеце. Гэта вялізная міграцыйная рэзэрва, крыніца інвестыцый і кваліфікаваных адмыслоўцаў для сваёй краіны, прылада абароны беларускіх нацыянальных інтарэсаў за мяжой, зона захаваньня беларускай нацыянальнай гісторыі і культуры. Беларуская дыяспара можа і павінна граць больш прыкметную ролю ў працэсе дэмакратызацыі сваёй краіны, у тым ліку шляхам уплыву на існуючую ўладу і дэмакратычныя сілы з мэтай прытрымліваньня імі прынцыпаў дэмакратыі, права, захаваньня нацыянальнай культуры, мовы, гісторыі. Акрамя таго, наша дыяспара абавязаная згуртавацца на аснове такіх базавых каштоўнасцяў як дзяржаўная незалежнасьць, культура, мова, гісторыя, дэмакратыя і рынкавая эканоміка Беларусі. Гэта дасць магчымасць пераадолець у пэрспэктыве тыя канфліктныя лініі падзелу і тую слабую нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў за мяжой, што мы маем зараз.

Беларуская народная рэспубліка

Дзяржаўная пазыцыя адміністрацыі Лукашэнкі ў дачыненьні да БНР сёньня простая – гэта калабарацыянісцкае ўтварэньне нямецкай акупацыйнай адміністрацыі, якое не аказала прыкметнага ўплыву на беларускую нацыю і ў афіцыйным дыскурсе прынята зьвязваць нашу дзяржаўнасьць толькі з абвяшчэньнем БССР. Тым ня менш, гэтая пазыцыя не адлюстроўвае аб'ектыўную гістарычную рэальнасьць і не адказвае інтарэсам беларускай нацыі.

 Станаўленьне БНР адбывалася ў вельмі цяжкіх умовах. Нашу краіну перасякала лінія фронту сусьветнай вайны, на яе тэрыторыі размяшчаліся войскі варожых нам краін – Расіі і Нямеччыны, якія ваявалі адзін з адным. Беларусы ўжо панесьлі вялізныя людзкія страты, эканоміцы і інфраструктуры вайной была нанесена цяжкая шкода. Акрамя таго, мараль і сьвядомасьць людзей знаходзіліся пад актыўным уплывам камуністычнай прапаганды, у краіну пранікалі бальшавіцкія ідэі, якія знаходзілі свае пажыўное асяродзьдзе ў вайсковых шэрагах і маргіналізаваным насельніцтве. Пры гэтым ідэі беларускай нацыянальнай культуры, мовы і дзяржаўнасьці не знайшлі шырокай падтрымкі ў насельніцтва з прычыны імперскай палітыкі Расіі і непрацягласьці перыяду нацыянальнага адраджэньня.

У гэтых умовах, нягледзячы на тое, што ініцыятары БНР дапусцілі шэраг стратэгічных і тактычных пралікаў, актыўная дыпляматычная дзейнасць і арганізацыя беларускага войска прымусілі суседзяў лічыцца з воляй беларусаў на самавызначэньне. У Савецкай Расіі гэта вылілася ў абвяшчэньне БССР, што ў выніку дало беларусам інстытуцыянальную магчымасьць стаць у 1991 незалежнай дзяржавай. Таму сёньня, улічваючы значнасьць БССР, мы павінны весьці гісторыю нашай сучаснай дзяржаўнасьці ад Беларускай Народнай Рэспублікі, прызнаючы ў якасці яе прадстаўніка раду БНР у выгнаньні.

Беларуская дыяспара

Беларуская дыяспара прыкметна адрозніваецца ад шэрагу дыяспар нашых суседзяў, напрыклад, украінцаў, палякаў, а таксама ад габрэйскай дыяспары. Беларусы замежжа ўяўляюць сабою напластаваньні-злепкі самога беларускага грамадзтва розных пакаленьняў. Дыяспары ўласцівыя хуткая страта роднай мовы, нізкая нацыянальная ідэнтычнасць, адсутнасць групавых інтарэсаў і як вынік — згуртаванасьці. Гэтыя працэсы паскараюцца асабліва сёння, калі старэйшае пакаленьне пасьляваеннай эміграцыі сыходзіць, а маладое пакаленьне, выхаванае ў СССР або ў Рэспубліцы Беларусь, у большасьці сваей не матываванае або не мае магчымасьці заставацца беларусамі за межамі сваёй Радзімы.

Праблемы беларускай дыяспары падобныя да праблем беларускага грамадзтва. Гэта раздробненасць і часам адкрытая варожасьць паміж групамі беларусаў у дыяспары, і па лініі рускамоўныя, беларускамоўныя, і па лініі хваль міграцыі, і па лініі за Лукашэнку або супраць.

Мы не можам пагадзіцца з такім становішчам рэчаў. Моцная дыяспара можа граць крытычную ролю ў падтрымцы сваёй краіны. Так, напрыклад, амэрыканскі ірляндзкі бізнэс быў слупом так званага «ірляндзкага эканамічнага цуду», дыяспары балтыйскіх краін і Польшчы зрабілі вельмі шмат для таго, каб вырваць свае народы з-пад уплыву СССР, нават у выпадку з Косава – менавіта пазыцыя албанскага лобі ў ЗША шмат у чым вызначала амэрыканскую стратэгію падтрымкі косаўскай незалежнасьці. А што зрабіла беларуская дыяспара для сваёй краіны? Ці валодае яна сёньня такімі магчымасьцямі для ўплыву, якія могуць вызначыць дэмакратычную будучыню Беларусі і яе нацыянальную незалежнасьць. Так, пры правільнай пастаноўцы пытаньня такія магчымасьці ёсць.

Сытуацыю, якая склалася, можна і трэба змяніць, бо ў дыяспару прыйшло маладое энэргічнае пакаленьне беларусаў з нацыянальнай самасьвядомасьцю і жаданьнем зрабіць сваю Радзіму нармалёвай еўрапейскай дэмакратычнай краінай. Таму пазыцыя Трэцяга Шляху простая. Падтрымаць працэс сумеснай працы гэтага пакаленьня дыяспары, яго ўзаемадзеяньне са старэйшым пакаленьнем, культурнай нацыянальнай элітай і дэмакратычнымі сіламі Беларусі з мэтай стварэньня агульнай плятформы адстойваньня нацыянальных інтарэсаў і захаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў.

---

Запрашаем усіх беларусаў, якія пражываюць паблізу Нью-Ёрку, прыняць удзел у адзначэньні нашага нацыянальнага сьвята Дня Волі - 92-х угодкаў абвяшчэньня незалежнай Беларусі.  У суботу 27-га сакавіка а першай гадзіне (1 p.m.) дня ў Нью-Ёрку насупраць штаб-кватэры ААН пройдзе сьвяточны мітынг, прысьвечаны Дню Незалежнасьці Беларусі.

---

Чытайце таксама на нашым сайце:

Значэньне БНР: усяму пачатак, аўтар: Ільля Куніцкі

Праўда і няпраўда пра БНР (фота, малюнкі), незвычайнае выданьне грамадзянская кампаніі «Гавары праўду!»

 
< Папяр.   Наст. >





Бясплатны хостынг