21-я Алімпійскія гульні распачаліся сёньня ў канадзкім горадзе-касмапаліце Ванкувэры. Алімпійскі агонь над горадам запаліў адзін з лепшых хакеістаў Вялікі Уэйн Грэцкі, які, заўважым, мае беларускія карані.
Падзея, да якой будзе прыкавана ўвага ўсяго сьвету, выклікае, як заўжды, велізарнае павышэньне зацікаўленасьці да разьвіцьця падзей на спартыўных пляцоўках і ў Беларусі. 49 нашых спартоўцаў, рыхтуюцца прадэманставаць свае найлепшыя здольнасьці.
Чатыры белыя Алімпіяды, у якіх прымалі ўдзел спартоўцы з незалежнай Беларусі прынесьлі нам 6 мэдалёў. Срэбраныя кругляшы ў нашу скарбонку паклалі канькабежац Ігар Жалязоўскі ды біятланістка Сьвятлана Парамыгіна ў нарвэскім Лілехамэры-94. Біятланіст Аляксей Айдараў у японскім Нагана-98 выйграў бронзавы мэдаль. У амэрыканскім Салт-Лэйк Сіці ў 2002-м фрыстайліст Аляксей Грышын таксама ўзыйшоў на трэцюю прыступку п’едэсталу. Яшчэ два мэдалі прынёс Беларусі наш пакуль адзіны неаднаразовы незалежны алімпійскі прызёр Дзмітрый Дашчынскі – бронзу ён выйграў у Нагана, на прыступку вышэй узьняўся праз 8 гадоў у італьянскім Турыне-2006.
Ці зьявіцца ў Ванкувэры ў незалежнай Беларусі свой першы зімні алімпійскі чэмпіён мы даведаемся ўжо скора.
Найбольшыя спадзяваньні ў нас зьвязаны з нашымі фэнамэнальнымі і самымі мэталаёмкімі лятаючымі лыжнікамі. Фрыстайлісты Антон Кушнір (лідэр агульнага заліку Кубка Сьвету на сёньняшні дзень), нашыя ўжо амэдаленыя Аляксей Грышын ды Дзмітрый Дашчынскі і здольны таксама заняць самыя высокія месцы ў Ванкувэры Цімафей Сьлівец. Лятаючыя прадстаўніцы цудоўнага полу Ассоль Сьлівец і Алла Цупер могуць стаць у кампанію да пакуль адзінай нашай жынчыны мэдалісткі Алімпіяд Сьвятланы Парамыгінай.
Безумоўна, пад час спаборніцтваў мы ўсе будзем узгадваць і нашага фрыстайліста Зьміцера Рака, які, атрымаўшы цяжкую траўму на спаборніцтвах , вымушаны быў завершыць спартыўную кар’еру і ўжо некалькі гадоў праходзіць цяжкі працэс узнаўленьня і вяртаньня да жыцьця. Дасягненьні нашых лятаючых беларусаў, вядома, будуць яму найлепшай падтрымкай. Усе нашы хлопцы і дзяўчыны будуць выступаць і за яго. Пажадаем ім посьпехаў!
Спадзяваньні мэдальныя ў нас ёсьць, безумоўна, і ў біятлоне, слаўныя традыцыя якога зараз працягвае наша прыгажуня Дар’я Домрачава. Гонкі з яе ўдзелам на біятлонным стадыёне будуць прыцягваць найбольшую ўвагу беларускіх заўзятараў спаборніцтваў страляючых лыжнікаў. Спадзявацца мы будзем, канешне, і на сюрпрыз ад іншых дзевяці прадстаўнікоў нашай біятлоннай дружыны.
У іншых відах Алімпіяды нашы шанцы на мэдалі, бадай, больш падобныя на летуценьні. Аднак лыжнікі Сяргей Далідовіч і Леанід Карняенка ўжо ўзыходзілі на вышэйшыя прыступкі спаборніцтваў на Чэмпіянатах і Кубках Сьвету. Чаму б не здзейсьніць яшчэ раз гэта на Алімпіядзе?
Асаблівую ўвагу будзе выклікаць у беларусаў ізноў турнір хакеістаў. Пасьля незабыўнага цуда ад нашых хакеістаў у Салт-Лэйк-Сіці і ўвайшоўшага ў гісторыю кідка Ўладзіміра Копаця нашы тады здолелі трапіць у чацьвёрку мацнейшых хакейных зборных сьвету. На Алімпіяду ў Турыне беларускія хакеісты патрапіць ня здолелі. І вось мы ізноў на Алімпіядзе!
Пажадаем нашым спартоўцам здароўя ды ўдачы.
Кожная наша перамога ды дасягненьне нашых атлетаў павышае самаадзнаку беларусаў і прыносіць нам непамерную колькасьць пазытыўных эмоцый, усьмешак ды радасьці. Давайце падтрымаем нашых спартоўцаў на галоўных у жыцьці спаборніцтвах і дашлем праз тыя тысячы кілямэтраў, якія нас раздзяляюць з Ванкувэрам, найлепшыя пажаданьні нашым лыжнікам і лыжніцам – лятаючым, страляючым ды горным, нашай адзінай камандзе ў гульнявых відах – хакеістам, а таксама нашай адзінай канькабежцы.
Агульная падтрымка адзін аднаго абавязкова дапаможа нам усім дасягнуць найлепшых вынікаў. І не толькі ў спорце.
Беларусь, Ты лепш за ўсіх!
Будзьма беларусамі! Будзьма разам!
Спаборніцтвы з удзелам беларусаў (*)
(*) – час усходняга ўзьбярэжжа ЗША (Нью Ёрк).
Наша дэлегацыя падчас адкрыцьця Аліпіяды ў Ванкувэры на чале са сьцяганосцам хакеістам Алегам Антоненка
Біятлон. Жанчыны. Мужчыны. 13 лютага, субота, а 16-й гадзіне. Жанчыны. Спрынт. 7,5 км. 14 лютага, нядзеля, а 14:15. Мужчыны. Спрынт. 10 км. 16 лютага, аўторак, а 13:30. Жанчыны. Гонка перасьледваньня. 10 км. 16 лютага, аўторак, а 15:45. Мужчыны. Гонка перасьледваньня. 12,5 км. 18 лютага, чацьвер, а 13-й гадзіне. Жанчыны. Індывідуяльная гонка. 15 км. 18 лютага, чацьвер, а 16-й гадзіне. Мужчыны. Індывідуяльная гонка. 20 км. 21 лютага, нядзеля, а 13:45. Мужчыны. Масавы старт. 15 км. 21 лютага, нядзеля, а 16-й гадзіне. Жанчыны. Масавы старт. 12,5 км. 23 лютага, аўторак, а 14:30. Жанчыны. Эстафета. 4х6 км. 26 лютага, пятніца, а 14:30. Мужчыны. Эстафета. 4х7,5 км.
Гарналыжны спорт. Жанчыны. 14 лютага, нядзеля, а 13-й гадзіне. Камбінацыя (хуткасны спуск, слалам). 20 лютага, субота, а 13-й гадзіне. Супергігант. 24 лютага, серада, а 13-й гадзіне. Гіганцкі слалам. 26 лютага, пятніца, а 13-й гадзіне. Слалам.
Лыжныя гонкі. Жанчыны. Мужчыны. 15 лютага, панядзелак, а 13-й гадзіне. Жанчыны. Гонка з раздельным стартам, каньковы ход. 10 км. 15 лютага, панядзелак, а 15:30. Мужчыны. Гонка з раздельным стартам, каньковы ход. 15 км. 17 лютага, серада, а 13:15. Жанчыны. Спрынт, клясічны ход. 1,5 км. 17 лютага, серада, а 13:45. Мужчыны. Спрынт, клясічны ход. 1,5 км. 19 лютага, пятніца, а 16-й гадзіне. Жанчыны. Дуатлон. 15 км. 20 лютага, субота, а 16:30. Мужчыны. Дуатлон. 20 км. 22 лютага, панядзелак, а 13:45. Жанчыны. Камандны спрынт, каньковы ход. 25 лютага, чацьвер, а 14-й гадзіне. Жанчыны. Эстафета. 4х5 км. 27 лютага, субота, а 14:45. Жанчыны. Масстарт, клясічны ход. 30 км. 28 лютага, нядзеля, а 12:30. Мужчыны. Масстарт, клясічны ход. 50 км.
Канькабежны спорт. Жанчыны. 16 лютага, аўторак, а 16-й гадзіне. 500 м.
Хакей. Мужчыны. 17 лютага, серада, а 15-й гадзіне. Беларусь – Фінляндыя. 19 лютага, пятніца, а 15-й гадзіне. Беларусь – Швэцыя. 20 лютага, з суботы на нядзелю, уначы а 12-й гадзіне. Беларусь – Нямеччына. 23 лютага, аўторак, а 15:00, 20:00, 22:00 і 00:00. Кваліфікацыйныя гульні за выхад у чвэрцьфінал. 24 лютага, серада, а 15:00, 19:30, 22:00 і 00:00. Чвэрцьфіналы. 26 лютага, пятніца, а 15:00 і 21:30. Паўфіналы. 27 лютага, субота, а 22-й гадзіне. Гульня за бронзавыя мэдалі. 28 лютага, нядзеля, а 15-й гадзіне. Фінал.
Фрыстайл. Жанчыны. Мужчыны. 20 лютага, удзень а 13-й гадзіне. Жанчыны. Кваліфікацыя. Акрабатыка. 22 лютага, увечары а 21-й гадзіне. Мужчыны. Кваліфікацыя. Акрабатыка. 24 лютага, увечары а 22:30. Жанчыны. Фінал. Акрабатыка. 25 лютага, увечары а 21-й гадзіне. Мужчыны. Фінал. Акрабатыка.