website languages:
Галоўная
Навіны
Артыкулы
Літаратура
Відэа/Аўдыё
 
Аб нас
Нашы ініцыятывы
Бясплатны хостынг
Далучыцца
Кантакт
 
Сябры
Нашы банэры
 




Беларускі Мўзэй, Нью Ёорк, ЗША



З Богам, вераю і Беларусьсю ў сэрцы Адправіць на e-mail
Thursday, 04 February 2010
6 сьнежня ў беларускай царкве ў Хайлэнд Парку, як заўжды ў нядзелю, а 10-й гадзіне раніцы прайшло традыцыйнае набажэнства. А пасьля яго ў грамадзкай залі адбылася сустрэча з беларускім мастаком Алесем Шатэрнікам.

Сьвятар айцец Зінові ў сваёй пропаведзі распавёў пра Маці Божую ды пра любоў нашых матуль да сваіх сыноў і дачок - пра любоў, мацнейшай за якую на зямлі бадай і няма нічога.

Пасьля багаслужбы на ніжнім паверсе, як і заўжды, сабраліся нашыя людзі абмеркаваць апошнія навіны ды падзяліцца штодзённымі клопатамі. На гэты раз да нашай сяброўскай кампаніі ізноў далучыўся вядомы беларускі мастак. Наогул становіцца ўжо добрай традыцыяй для беларускай аўтакефаліі супраца з нашымі мастакамі. Вось і на гэты раз адбылася сустрэча наведвальнікаў царквы са скульптарам і жывапісцам Алесем Шатэрнікам.

Ён распавёў пра свае ўражаньні ад наведваньня Злучаных Штатаў, ад сустрэч з мясцовай беларускай грамадой, падзяліўся сваімі думкамі наконт праблемаў, перад якімі стаіць беларускае грамадзтва - у тым ліку і тут у нашай амэрыканскай дыяспары.

Падчас расповяду пра візыт у Вашынгтон, дзе нядаўна ў Кангрэсе праходзіла выстава "Мастацтва супраць дыктатуры", Алесь Шатэрнік заўважыў на сымбалі ў залі, дзе экспанаваліся творы 11-ці беларускіх мастакоў, надпіс "Мы верым у Бога!"

Бог і вера - тое, на чым павінна трымацца грамадзтва. Толькі з Богам і з верай у сэрцы - з верай у лепшую будучыню, у свае сілы - яно можа быць свабодным. А без свабоды ня будзе і мовы, і культуры, і гісторыі - таго на чым трымаецца кожная нацыя. Ня будзе іх - ня быць і краіне...

Для некаторых наведвальнікаў сталася сюрпрызам, што скульптар і жывапісец Алесь Шатэрнік, які называе сваю музу маўклівай, яшчэ і піша творы літаратурныя. Яго кніга "Сонцакрыж" - гэта спадучэньне "Сьвету" - карцін, "Формы" - скульптур і "Слова", якое гаворыць:

"Зямля і Неба!..
Бацька і Маці.
Сонца і Крыж...
Дзе сляды нашыя? Ці не ў промнях Сонцакрыжа?
Бацька Крыж!
Маці Сонца!
Промні Сонцакрыжа!

Гэта травінка, гэты каменьчык.
Сонца адбітак, у крыніцы праменьчык.
Свет над Бажніцай на захад ці ўсход.
Гэта і смутак, і радасць, і ўзлёт...

Гэта жыцьцё і Душа чалавека
Над Беларуссю лунае спрадвеку.
Час і прастора ў кругазварот,
Сімвалам-Верай адзначан народ"
.

Алесь Шатэрнік за прайшоўшы час знаходжаньня ў ЗША пасьпеў рэканструяваць адну з іконаў з выявай Хрыста, што знаходзілася ў парафіі Царквы Жыровіцкае Іконы Божае Маці. Асабліва складанай была для творцы праца з вачыма, бо тое сьвятло, якое зыходзіць з іх - гэта погляд сьвяты.

"Такі талент можа быць толькі ад Бога! Я ўпэўнены, што мы разам яшчэ шмат чаго можам зрабіць карыснага"
, - айцец Зіновій шчыра падзякаваў творцу за яго працу. І сапраўды - ужо праз некалькі хвілінаў спадару Шатэрніку была знойдзена новая прастора для творчасьці: шыльда над уваходам у царкву патрабуе ўвагі майстра.

Чарговым крокам па разьвіцьці супрацы БелМузэя і Беларускай Аўтакефаліі стаў падарунак Беларускага Музэю ў Нью-Ёрку хайлэндпаркаўскай парафіі двух твораў на царкоўную тэматыку, зробленых фотамастаком Сяргеям Ардэнам.

...Праз некалькі хвілін выстава "Мастацтва супраць дыктатуры" пакінула беларускую царкву і накіравалася далей - у новыя гарады і краіны - распавядаць пра беларускую культуру, нашых людзей, нашу гісторыю ды прыцягваць увагу да сытуацыі ў Беларусі.

А ўвага беларусаў да сваёй краіны зараз вельмі патрэбна. Бо без беларусаў ня будзе самой Беларусі...

І толькі з Богам і верай у сэрцы мы зможам аднавіць нашу Беларусь.

 

Ales shaternik in NJ

 

Ales shaternik in NJ

 

Ales shaternik in NJ

 

 

 
< Папяр.   Наст. >





 Kinofest NYC at Ukranian Museum

Бясплатны хостынг

За Беларускую Мову!