|
У суботу 16-га студзеня а першай гадзіне (1 p.m.) дня ў Нью-Ёрку насупраць галоўнага офісу ААН будзе праведзена акцыя, прысьвечаная Дню Беларускай Салідарнасьці.
Яна традыцыйна пройдзе ў памяцяць аб людзях, якія змагаліся за вольную і дэмакратычную Беларусь, і для падтрымкі тых беларусаў, якія працягваюць сёньня ісьці па пракладзеным паўстанцамі Касьцюшкі і Каліноўскага, чытачамі купалаўскай "Нашай Нівы", заснавальнікамі БНР, слуцкімі ваярамі ды палегшымі ў Курапатах і мільёнамі іншых беларусаў на працягу нашай насычанай тысячагадовай гісторыі шляху. Гэта шлях да дэмакратычнай Беларусі, у якой будуць паважаць чалавека, ганарыцца беларускай спадчынай і будуць думаць пра лёс нашай роднай краіны і будучыню ды дабрабыт усіх беларусаў. Калі ласка распаўсюджвайце інфармацыю пра акцыю, што адбудзецца ў суботу ў Нью-Ёрку, сярод сяброў, знаёмых ды ўсіх тых, хто думае пра лёс нашай Бацькаўшчыны! Для тых жа, хто ня здолее наведаць нашае мерапрыемства, просім проста падумаць 16-га студзеня пра нашу родную Беларусь, узгадаць тых людзей, якія пацярпелі за сваю любоў да Беларусі, і падтрымаць тым самым беларускі вольны дух. Мы хочам прадэманстраваць гэтай акцыяй, што дух свабоды і перамен прысутнічае ў Беларусі і свабода і лепшае жыцьцё абавязкова стануць здабыткам беларусаў. Беларусь - гэта тое, што нас аб'ядноўвае. Будзем разам у гэты дзень, дзе б мы не знаходзіліся! Дзякуй вялікі за вашу падтрымку Беларусі! Адрэса, па якой будзе праведзена чарговая акцыя, прысьвечаная Дню Беларускай Салідарнасьці: 760 United Nations Plaza,New York City, NY 10017 (паміж E 42 i E 43 Street на 1 Avenue) Дата: субота, 16 студзеня, 2010Час: 1:00PM to 2:00PM Сустрэнемся ў суботу 16-га студзеня! Хай вечна жыве Беларусь! --- |