website languages:
News
Articles
Literature
Video/Audio
 
About us
Our initiatives
Free hosting
Join us
Contact
 
Links
Our banners
 




Беларускі Мўзэй, Нью Ёорк, ЗША



Каля ААН беларусы зладзілі чарговы пікет E-mail
Monday, 07 December 2009
6 сьнежня ля цэнтральнага офіса Арганізацыі Аб'яднаных Нацый адбыўся пікет у падтрымку людзей, якія на Беларусі змагаюцца за дэмакратызацыю нашэй краіны, і супраць самавольства ўлады.

Беларускі Моладзевы Рух Амэрыкі

У апошнія тыдні ў Беларусі адбылося некалькі падзеяў, якія прымусілі ў чарговы раз зьвярнуць увагу на парушэньне правоў грамадзян Беларусі.

26 лістапада ў Мар'інай Горцы загінуў пры да канца невысьветленых абставінах распаўсюджвальнік незалежнай прэсы Валянцін Доўнар. Гэта здарылася на шосты дзень пасьля таго, як яго даставілі ў шпіталь пасьля здарэньня ў самым цэнтры горада. Сябры Валянціна ўпэўнены, што невядомыя зьбілі яго прутамі ці дубінамі. Міліцыя аднак настойвае, што сьмерць наступіла ў выніку паросту няшчаснага здарэньня.

2 сьнежня з юрыдычнага факультэту БДУ была адлічана  Тацьцяна Шапуцька. Пасьля вяртаньня з Брусэлю, дзе яна ўдзельнічала ў Форуме грамадзянскай супольнасьці краінаў Усходняга партнэрства. Маючы адзін з найвышэйшых сярэдніх балаў у групе ды прапусьціўшы куды меньш (24 гадзіны) за некаторых іншых студэнтаў ВНУ, справы якіх таксама разгладаліся рэктаратам, менавіта прэсавая сакратарка арганізацыі "Малады Фронт" Тацьцяна Шапуцька была адлічана з БДУ з фармулёўкай “за парушэньне статутнай дысцыпліны”.
 
3 і 4 сьнежня за ўдзел у пэрфомэнсе днём раней каля ўнівэрмагу “Беларусь” у Менску Ягора Баброва і Паўла Пракаповіча пакаралі 15 суткамі арышту, Андрэя Кузьмінскага асудзілі на 7 сутак, а проста фатаграфаваўшую акцыю актывістку “Маладой Беларусі” Насту Машчаву пакаралі штрафам у памэры 30 базавых велічыняў (каля 300 даляраў).

Удзельнікі пэрфомэнсу ўсталявалі стэнд з намаляваным на ім карыкатурнага выгляду чалавекам з вусамі і подпісам: “Ня любіш рэжым — кінь у мяне”. Побач са стэндам паставілі скрыню зь яйкамі. Знайшліся ахвотныя, і некалькі яек паляцелі ў стэнд.

Працягваюцца жахлівыя выпадкі з нападамі на моладзевых актывістаў што называецца сярод белага дня. Так, 5 сьнежня лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча ў яго кватэры схапілі невядомыя, кінулі ў машыну, адвезьлі за 70 кілямэтраў ад Менску і выкінулі ў лесе .

Па тым жа сцэнары разьвіваліся падзеі з лідэрам “Эўрапейскай Беларусі” Яўгенам Афнагелем, якога схапілі на вуліцы, пасадзілі ў машыну і праз некаторы час папросту пакінулі па-за межамі Менску.

У мінулым годзе 19 сьнежня такім чынам быў зьдзейсьнены напад на лідэра "Маладой Беларусі" Артура Фінькевіча, а сёлета перад Днём Волі 25 сакавіка за горад у лес па той жа схеме вывезьлі і выкінулі ў лесе Насту Палажанку і Дзяніса Карнова.

Пад час пікету ўзгадалі і пра парушэньне ў Беларусі права людзей на аб'яднаньне ў асацыяцыі. Апошнія навіны пра ціск на заснавальнікаў партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя ды штучныя перашкоды, усталёўваемыя дзяржаўнымі структурамі з мэтай нерэгістрацыі іншых няўрадавых арганізацый, толькі пацьверджваюць усю эфэмернасьць заяў сёньняшняга  кіраўніцтва краіны пра лібэралізацыю Беларусі.

Удзельнікі пікету віталі камісаваньне з арміі палітжаўнэра Івана Шылы . Але на сёняшні дзень застаюцца ў войску Алесь Каліта, Віталь Каратыш, Зьміцер Бяляеў, Зьміцер Хведарук, Алесь Краўчэня, Франак Вячорка Яўген Скрабец і Андрусь Цянюта, прызваныя для службы з парушэньнямі дзейснага заканадаўства краіны . Улетку 2008 г. былі прызваныя са значнымі парушэньнямі дзейнага заканадаўства.

Нагадаем, што ў Беларусі працягваюць заставацца за кратамі палітвязьні прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімір Асіпенка, затрыманыя сёлета ў лютым. Ім інкрымінуецца абвінавачваньне ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту.

Вязьнямі сумленьня былі прызнаны 11 чалавек па гэтак званай "справе чатырнаццаці", судовыя працэсы па якой сталі наступствам вулічных дэманстрацый пратэсту прадпрымальнікаў у студзені 2008 году. Да пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі былі тады асуджаны Міхась Пашкевіч, Таццяна Цішкевіч, Павел Вінаградаў, Аляксей Бондар, Міхась Крываў, Алесь Стральцоў, Алесь Чарнышоў, Міхась Субач, Максім Дашук, Аляксандр Баразенка. За парушэньне пакараньня за кратамі знаходзіцца Арцём Дубскі,  асуджаны на год пазбаўленьня волі. Знаходзячыся пад хатнім арыштам, пад вельмі пільным назіраньнем, пры самым дробным парушэнні ў любы момант асуджаныя могуць апынуцца за кратамі.

Гэтым прысудам была парушана законные, гарантаванае Канстытуцыяй краіны, права на мірныя сход і выказванне свайго меркавання.

Пад час акцыі ў Нью-Ёрку ўзгадалі імёны зьніклых бязь вестак палітыкаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, бізнэсмэна Анатоля Красоўскага і журналіста Зьміцера Завадскага. Сьмерці журналістаў Веранікі Чаркасавай і Васіля Гроднікава таксама не дасьледуюцца праваахоўчымі органамі. Як і да канца невысьветленыя абставіны сьмерці Генадзя Карпенкі.

Больш за 40 удзельнікаў пікету каля ААН выказалі словы падтрымкі людзям, якія на Беларусі працягваюць весьці барацьбу за дэмакратызацыю краіны, за культурніцкае і духоўнае разьвіцьцё Радзімы, за шанаваньне нашай мовы ды гісторыі і лепшую долю беларусаў.  

Скончылася мерапрыемства ў Нью-Ёрку ўжо традыцыйным сьпяваньнем беларускіх гімнаў "Пагоня" і "Магутны Божа".

Piket UN
 
Piket UN
 
Piket UN

Piket UN

 

 
< Prev   Next >





Бясплатны хостынг

За Беларускую Мову!

 Kinofest NYC at Ukranian Museum