website languages:
Галоўная
Навіны
Артыкулы
Літаратура
Відэа/Аўдыё
 
Аб нас
Нашы ініцыятывы
Бясплатны хостынг
Далучыцца
Кантакт
 
Сябры
Нашы банэры
 




Беларускі Мўзэй, Нью Ёорк, ЗША



Выстава Ягора Батальёнка і сустрэча з Алесем Марачкіным у “Полацаку” Адправіць на e-mail
Tuesday, 03 November 2009
6 лістапада ўвечары а восьмай гадзіне (8.00 р.м.) у грамадзкім цэнтры “Полацак”* у мястэчку Стронгсвіль штата Агаё адбудзецца адкрыцьцё выставы “Абярэг” беларускага мастака Ягора Батальёнка і сустрэча з Алесем Марачкіным. Ён таксама прадставіць шэраг сваіх твораў, што прымуць удзел у вандруючай выставе “Мастацтва супраць дыктатуры”, якая 23 лістапада, пераехаўшы з нарвэскага парлямэнту ў Осла, адкрыецца ў Кангрэсе ЗША ў Вашынгтоне.

Запрашаем усіх беларусаў Кліўленду і навакольля наведаць выставу ды сустрэчу з Ягорам Батальёнкам і Алесем Марачкіным, якія прыехалі з Беларусі ў ЗША з кароткатэрміновым візытам.

 Ягор Батальёнак нарадзіўся 19 верасьня 1946 года ў вёсцы Вялікія Труханавічы Чашніцкага раёну Віцебскай вобласьці.

Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута ў 1968-м г. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1975-га г. Сябра Саюзу мастакоў Беларусі з 1981-га года. З 1970-га да 1988-га - на пэдагагічнай працы ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчаму мастацтву. З 1989-га да 1991-га супрацоўнічаў з нямецкай фірмай па продажу твораў мастацтва "Мікалай і сын". У 1992-м годзе быў запрошаны галерэяй "Кадо" для творчай працы ў горад Віторыя (Гішпанія). У 1996-м годзе атрымаў Першую прэмію прадстаўніцтва ААН на Беларусі з удзелам у Міжнароднай выставе "Хабітат-2" у Стамбуле (Турцыя).

Персанальныя выставы:
1975 - горад Менск
1988 - гарада Менск і Мазыр
1992 - Галерэя "Кадо", горад Вікторыя (Гішпанія)
1995 - Мастацкі цэнтар "Жыльбел", г. Менск
1998 - Галерэя "Манфрэд Трумп", г. Орынген (Нямеччына)
1999 - Галерэя Алы Паўлавай, г. Дордрэхт (Галяндыя)
2002 - Галерэя мастацтва, г. Менск
2005 - Галерэя "Добрыя думкі", г. Менск

Удзельнічаў у шматлікіх сумесных выставах на Беларусі і за мяжой. Найбольш значныя з іх:
1990 - "Жыве Беларусь", г. Гайнаўка (Польшча)
1993 - Выстава мастацтва Беларусі, г. Джульянова (Італія)
1996 - Выстава беларускіх мастакоў, г. Парыж (Францыя)
2000 - Сусьветная выстава ў г. Гановеры (Германія)
     - Міжнародны салён-2000 у ЦДМ г. Масква (Расея)
     - Выстава "Вакно на Ўсход", г. Рым (Італія)
2006 - Выстава беларускіх мастакоў у Беларускім Музэі ў Нью Ёрку, г. Нью Ёрк (ЗША)
2008 - Выстава беларускага мастацтва, г. Лёндан (Англія)
2009 - Выстава беларускіх мастакоў, г. Перуджа (Італія)

Творы Ягора Батальёнка знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі, фондах Саюза мастакоў Беларусі, Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі, Мастацкім музэі імя П. Масьленікава ў г. Магілёве, Заслаўскім гісторыка-культурным запаведніку, Чашніцкім гістарычным музэі, Полацкай карціннай галерэі, Гарадзенскім гісторыка-архэалагічным музэі, фондах Міністэрства культуры Расеі, Табольскім гісторыка-архітэктурным музэі-запаведніку (Расея), Яраслаўскім мастацкім музэі (Расея), Цэнтры беларускай культуры горада Гайнаўкі (Польшча) і іншых месцах. Таксама яго творы прысутнічаюць у прыватных зборах у шмат якіх краінах сьвету - у калекцыях у Англіі, Арабскіх Эміратах, Беларусі, Італіі, Ізраілі, Нямеччыне, Галяндыі, Гішпаніі, Канадзе, Францыі, Швэцыі.

 Алесь Мара (Аляксей Марачкін) — вольны мастак. Нарадзіўся 30 сакавіка 1940 г. у вёсцы Папоўшчына (Новая Слабада) на Магілёўшчыне.

Скончыў Язёрскую дзесяцігодку (1958), Віцебскі пэдагагічны інстытут — мастацка-графічнае аддзяленьне (1962), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут — аддзяленьне жывапісу (1972).

Працаваў школьным настаўнікам маляваньня і крэсьленьня ў вёсцы Рубель Столінскага раёна, горадзе Жодзіна, Менску. Выкладаў у БДТМІ, быў загадчыкам катэдры жывапісу Беларускай акадэміі мастацтва. Дацэнт.

Сябра Беларускага саюзу мастакоў з 1977 г. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1966 г. Геаграфія выстаўнай дзейнасці: Беларусь, Польшча, Літва, Чэхія, Славакія, Фінляндыя, Нямеччына, Францыя, Вялікабрытанія, Італія, Расія.

Працуе ў розных жанрах жывапісу, графіцы. Для творчасьці характэрныя асацыятыўна-алегарычнае мысьленьне, асэнсаваньне беларускай гісторыі і традыцыі. Стварыў сэрыі жывапісных партрэтаў дзеячоў гісторыі і культуры Беларусі, "Маляваныя дываны", нізкі "Легенды і паданьні Беларусі", творы сацыяльна-палітычнага гучаньня, натурморты, пэйзажы.

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музэі, у Дырэкцыі выставаў Міністэрства культуры, музэях Віцебска, Магілёва, Горадні, Чэрыкава, у прыватных калекцыях у Беларусі і ў замежжы.

Адзін з арганізатараў і першы кіраўнік творчай суполкі "Пагоня" Беларускага саюзу мастакоў, якая ў 2001 г. ганаравала яго срэбным мэдалём "Адраджэньне Беларусі". Узначальваў да 2009 г. Задзіночаньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Мае дзяржаўны мэдаль Францыска Скарыны (1992) — за высокія дасягненьні ў галіне нацыянальнага адраджэньня і прапаганды культурнай спадчыны беларускага народа.
 

Выстава і сустрэча з мастакамі ў грамадзкім цэнтры «Полацак» у Стронгсвілі будзе ладзіцца Беларускім Музэем у Нью Ёрку пры спрыяньні беларускай суполкі Кліўлэнду.

Шчыра запрашаем усіх беларусаў Кліўлэнду і навакольля прыняць удзел у сустрэчы! Вы будзеце мець магчымасьць пазнаёміцца з вядомымі беларускімі мастакамі, задаць цікавячыя вас пытаньні, паразмаўляць пра Беларусь.

Будзем рады бачыць вас на выставе!

Belarusіan Museum in New York
http://belmuseum.org/

 
 
 

 401 ATLANTIC AVENUE, BROOKLYN, NEW YORK 11217

===

* - Адрэса Беларуска-Амэыканскага Грамадзкага Цэнтру "Полацак": 11022 Webster Rd., Strongsville, OH 44136

Дата: 6 лістапада 2009

Час: 8:00 PM

Месца: Прыёмная заля Беларуска-Амэыканскага Грамадзкага Цэнтру "Полацак"

Кошт квітка: $10.00

Вячэра будзе пададзена а палове на восьмую вечара (7:30 PM).

Пасьля адкрыцьця выставы будзе паказаны фільм пра палітычную і культурную сытуацыю ў Беларусі.

 
< Папяр.   Наст. >





Бясплатны хостынг

За Беларускую Мову!

 Kinofest NYC at Ukranian Museum