|
Беларускія моладзевыя лідэры Яўген Афнагель і Зміцер Дашкевіч звярнуліся з адкрытым лістом да прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Мядзведзева ў сувязі з правядзеннем на тэрыторыі Беларусі маштабных расейска-беларускіх ваенных вучэнняў.
Ліст быў накіраваны ў асабісты блог прэзідэнта Расеі, у расейскія і беларускія СМІ.
Паважаны Дзмітрый Анатольевіч!
Зараз на тэрыторыі нашай краіны адбываюцца ваенныя вучэнні «Захад – 2009». У іх удзельнічаюць больш за 6000 расейскіх ваеннаслужачых. Упершыню за ўсю гісторыю існавання незалежнай Беларусі ў яе межах знаходзіцца такая колькасць замежных салдат. Галоўнай мэтай вучэнняў называецца падрыхтоўка да адбіцця магчымай ваеннай агрэсіі з захаду.
На наш погляд, прысутнасць такой колькасці расейскіх салдат на тэрыторыі Беларусі недапушчальна і можа з’яўляцца пагрозай незалежнасці нашай краіны.  Сябры Беларускага Моладзевага руху Амэрыкі 12 верасьня каля будынку ААН у Нью-Ёрку выказаліся супраць уводу расейскіх войскаў на тэрыторыю нашай Радзімы.
У сваіх выступах Вы часта кажаце пра тое, што Вашая мэта – пабудова новай Расеі. Таксама Вы засцерагаеце ад паўтору трагічных памылак мінулага. Аднак, мы бачым, што палітыка Расеі адносна нашай краіны не змяняецца на працягу многіх стагоддзяў.
Ні расейскія цары, ні бальшавікі не разглядалі нашую краіну як незалежную дзяржаву, не паважалі яе традыцыі і суверэнітэт. Ваш папярэднік на пасадзе Прэзідэнта РФ прапаноўваў уключыць Беларусь у склад Расеі.
На жаль, працяг такой палітыкі мы назіраем і сёння.
У сваім артыкуле «Расея, наперад!» вы пішаце, з якімі выклікамі сутыкаецца Вашая краіна. Гэта адвечная эканамічная адсталасць, хранічная карупцыя, алкагалізм, неканкурэнтаздольнасць расейскіх тавараў на сусветным рынку. З кожным годам колькасць жыхароў Расеі змяншаецца. Практычна ў кожным рэгіёне існуе мноства праблем – ад нявыплаты зарплат і пенсій да міжнацыянальных сутыкненняў.
Пры гэтым Вы лічыце патрэбным выдаткоўваць велізарныя сродкі на правядзенне бессэнсоўных з ваеннага пункту гледжання вучэнняў і падтрымку дыктатуры ў Беларусі. Мы лічым, што пагрозай для нашых краін з’яўляецца не міфічная заходняя агрэсія, а цалкам рэальны эканамічны крызіс, ва ўмовах якога марнаваць грошы на такія мерапрыемствы не варта.
Увядзенне расейскіх войскаў на тэрыторыю нашай краіны на фоне вышэйназваных унутраных праблем Расеі з’яўляецца памылкай, якая можа прывесці да непрадказальных наступстваў.
Мы, беларусы, - цярплівы і прыязны народ, які з павагай ставіцца да ўсіх сваіх суседзяў. Аднак, мы, таксама любім свабоду і гатовыя змагацца за яе.
Не будзіце ў беларусах партызан, Дзмітрый Анатольевіч!
Мы заклікаем Вас з павагаю ставіцца да нашай краіны, да яе народа і яе законам і будаваць адносіны з Беларуссю, як з нейтральнай незалежнай еўрапейскай дзяржавай.
У Вас сапраўды ёсць шанец пабудаваць новую, свабодную, квітнеючую, моцную Расею. Але гэта магчыма толькі тады, калі Ваша краіна адмовіцца ад імперскіх амбіцый і перастане быць пагрозай для сваіх суседзяў.
З павагаю,
Яўген Афнагель, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»,
Зміцер Дашкевіч, старшыня грамадскай арганізацыі «Малады Фронт» Тэкст ліста падае таксама сайт jeans-by.com . Беларускі Моладзевы Рух Амэрыкі падтрымлівае ініцыятыву каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўгена Афнагеля і старшыні грамадскай арганізацыі «Малады Фронт» Зьміцера Дашкевіча. Таксама сябры БелМува зьвяртаюцца да ўсіх неабыякавых Беларусаў накіроўваць свае меркаваньні наконт беларуска-расейскіх ваенных вучэньняў на тэрыторыі нашай Радзімы на імя прэзыдэнта Расеі праз яго афіцыйную старонку (http://letters.kremlin.ru/) ці пакідаць камэнтары ў відэаблогу Дзмітрыя Мядзьведзева (http://blog.kremlin.ru/) і ў афіцыйнай LJ-суполцы кіраўніка Расеі (http://community.livejournal.com/blog_medvedev) . |