website languages:
News
Articles
Literature
Video/Audio
 
About us
Our initiatives
Free hosting
Join us
Contact
 
Links
Our banners
 




Беларускі Мўзэй, Нью Ёорк, ЗША



Натальля Арсеньнева: Беларускі лёс E-mail
Tuesday, 22 September 2009
20 верасьня ў грамадзкай залі Сабора Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Брукліне адбылася імпрэза, прысьвечаная Натальлі Арсеньневай, дзень народзін якой адзначаўся як раз у мінулую нядзелю. Шмат гадоў імя Натальлі Арсеньневай заставалася пад забаронай на Беларусі. Яе творчасьць не вывучалі ў Беларускіх школах. Больш за тое, яе савецкая ўлада, як і шмат каго з дзеячоў Беларускага Адраджэньня і Беларускай пасьляваеннай эміграцыі, запісала ў сьпіс "ворагаў народа".


Нарадзілася паэтка ў далёкім ад Беларусі Баку ў сям'і "расейскага ўрадаўца" - так яна называла сама свайго бацьку, які працаваў тады ў мытным камітэце. Аднак памятае сябе Натальля ўжо толькі з Вільні - горад, які шмат стагодзьдзяў гадаваў лепшых Беларускіх сыноў і дачок; горад, які яна заўсёды лічыла сваім родным; горад, дзякуючы якому яна спазнала Беларусь.

Усё жыцьцё яе непарыўна зьвязана з Беларусяй. Разам з Беларусяй паэтка перажывала ўсе тыя выпрабаваньні - страшэнныя і часам папросту нечалавечыя, якія паўставалі перад ёй. І калі напачатку сваёй творчасьці яна глядзіць на сьвет як назіральнік, засяроджваючы ўвагу на прыгажосьці нашага краю: Беларускія восень, вечар і неба паўстаюць перад намі ва ўсім сваім чараўніцтве. Інтымныя і пейзажныя матывы - яе даваенная лірыка.

То потым у яе баязьлівай (так Арсеньнева піша ў сваіх успамінах) натуры праяўляецца яе ваярскі характар: праца ў холадзе, голадзе, пад штодзённай рызыкай для жыцьця ў акупаваным Менску - лепшы і самы прадуктыўны перыяд яе творчасьці. Паэтка піша вершы, працуе ў рэдакцыі газэты, удзельнічае ў жыцьці Беларускага Тэатру, стварае разам з кампазітарам Шчагловым (Куліковічам) опэры, перакладае з Ангельскай, Нямецкай, Францускай на Беларускую мову лепшыя здабыткі сусьветнага мастацтва, перакладзена з Лацінскай "Песьня пра Зубра" Міколы Гусоўскага...

Менавіта ў гэты страшэнны ваенны час паэтка напісала самы вядомы твор. Яе "Малітва" за Беларусь стала гімнам Свабодных Беларусаў: "Магутны Божа" сьпяваюць у цэрквах, касьцёлах, храмах, на акцыях волі Беларусы ва ўсіх частках сьвету.

...І яна церпіць за сваю дзейнасьць, за прынцыповую пазыцыю, за сваю любоў да Беларусі: ссылка ў Казахстан, разлучэньне з мужам Францішакам Кушалем (асоба яго таксама заслугоўвае шмат увагі за яго дзейнасьць на карысьць Беларускім ідэалам), які правёў каля двух гадоў у маскоўскай турме, сьмерць сына, разарванага бальшавісцкай бомбай, сьмерць маці, сваякоў, сяброў ды калег...

І як вынік гэтае любові да роднае зямлі - вымушанае разьвітаньне з Беларусяй... Гучыць страшна. Але такі лёс нашай Беларусі ў 20-м стагодзьдзі: лепшыя ці былі зацкаваны і забіты ў лягерах, ці застэлены ў патыліцу з пісталетаў НКВД, ці, ратуючыся, вымушаны былі пакідаць Радзіму.

У 1944-м усяго праз некалькі дзён пасьля Ўсябеларускага Кангрэсу, на якім рабілася чарговая спроба абвяшчэньня Беларускай дзяржаўнасьці, Арсеньнева з сям'ёй пакідае Беларусь. І ўжо ніколі ня вернецца на Радзіму: у свае 87 гадоў яна нарэшце дачакаецца абвяшчэньня Беларусі незалежнай краінай, аднак стан здароўя ўжо не дазволіць ёй пабачыць родныя мясьціны.

Але нават знаходзячыся далёка ад Беларусі, яна не пакідала яе: актыўна ўдзельнічала ў культурнай і асветніцкай дзейнасьці ў лагерах ДП, была выкладчыцай у Беларускай гімназіі ім. Я. Купалы, пасьля пераезду ў 1949-м годзе ў ЗША працавала ў газэце "Беларус", на радыё "Свабода", у Беларускім інстытуце навукі і мастацтва ў Нью Ёрку. Ужо ў ЗША Арсеньнева стварыла цэлы шэраг тэкстаў грамадзянскай лірыкі ды гістарычнай беларускай тэматыкі.

У 1970-1980-я гг. адышла ад актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцьці Беларускай эміграцыі, але падтрымліваючы сувязі з Беларускамоўным асяроддзем і ўдзельнічаючы ў жыцьці Беларусаў замежжа.

...І толькі з наступленьнем "гарбачоўскай адлігі" у СССР у сярэдзіне 80-х творы паэткі ізноў робяцца вядомымі і папулярнымі на Радзіме, пачынае вывучацца яе творчасьць, друкуюць кнігі з яе творамі.

Зараз, пад час панаваньня антыбеларускай улады ў краіне, ужо пасьля яе сьмерці (1997-мы год, у Рачэстэры, штат Нью Ёрк) яе імя ізноў стала ўсё часьцей трапляць у сьпісы "нелаяльных уладзе" творцаў...

Яўна не такой хацела б бачыць Натальля Арсеньнева тую Беларусь, якая яна ёсьць сёньня...

Яўна не такой уяўлялі незалежную Беларусь праз дзевяць дзесяткаў гадоў і заснавальнікі Беларускай Народнай Рэспублікі, фільмы пра ідэалы якой - "Далёка нам яшчэ да БНР" і "Дзень Волі" - паглядзелі наведвальнікі Сабора сьвятога Кірылы Тураўскага ў Брукліне пасьля таго як у дзень народзінаў Натальлі Арсеньневай паслухалі яе лепшыя творы.

 

natalia arsenieva 1

 

natalia arsenieva 2

 

natalia arsenieva 3

 

 

 
< Prev   Next >





Бясплатны хостынг