"Спасьцігаючы каханьне" Беларускага "Свабоднага тэатра" у Вашынгтонe
Monday, 21 September 2009
Вечарам 16 верасьня ў Вашынгтонe Georgetown University Theater і Performance Studies Program, пры ўдзеле Woolly Mammoth Theatre Company і грамадзянскай ініцыятывы "Мы помним" прадставілі ў ЗША прэм'еру спектакля Беларускага "Свабоднага тэатра" "Спасьцігаючы каханьне".
Перад пачаткам прадстаўленьня да гледачоў зьвярнулaся Натальля Калядa. Яна разам з Мікалаем Халезіным зьяўляецца стваральнікам гэтай п'есы. Па сведчаньні самаго аўтара, драма напісана на аснове жыцьцёвых фактаў, рэальнай гісторыі каханьня Ірыны і Анатоля Красоўскіх. Гэта надае твору не толькі вострае сацыяльнае гучаньне, але і значную палітычную афарбоўку.
Спектакль «Спасьцігаючы каханьне» даў старт міжнароднай акцыі дзеячаў культуры ў падтрымку канвенцыі ААН супраць гвалтоўных знікненьняў. Каб акрэсліць праблему зніклых людзей, аўтары выкарысталі многія жыцьцёвыя факты іншых краін, у тым ліку фотафакты.
Далікатна i чульліва расказана ў спектаклі "Спасьцігаючы каханьне" гісторыя Ірыны Красоўскай. Яе вобраз на сцэне ўвасобіла выдатная актрыса Ганна Сaламянская. Яе гераіня – цэнтральны пэрсанаж, які сімвалізуе сабой жанчыну, каханую і моцную асобу.
Надзвычайным тэмпераментам і эмацыянальнасьцю вылучаюцца вобразы, якія ўвасобіў актор «Свабоднага тэатру» Алег Сідорчык. Гледачы мелі магчымасьць пабачыць імгненныя пераўтварэньні з добрай, ласкавай бабулі да эгаістычнага, халоднага бацькі Ірыны, з гарэзлівага няўседнага хлапчука-сябра да каханага мужа.
Неабходна заўважыць, што драма неймаверна глыбокая і сімвалічная. Яна знайшла водклік у душах кожнага гледача. Адгукаюцца рэхам у памяці словы галоўнага героя, калі ён распавядае пра яго смерць. І жахлівы холад пранзае сэрца, бо гэта не легенда, гэта праўда жыцця. У свеце заўсёды знойдуцца пачварныя хцівыя людзі, якія будуць прагнуць улады і грошай, не зважаючы нават на тое, што дзеля дасягненьня сваёй мэты ім, літаральна, прыйдзецца хадзіць па трупах.
Натуральна, што ў крызісныя моманты чалавецтва звяртаецца да Бога. Менавіта тут сканцэнтраваны той патэнцыял, які падпітвае надзею людзей на лепшую будучыню напрацягу стагодзьдзяў. Таму менавіта ў спектакль уключана малітва за бязвінна асуджаных, напісаная польскім святаром.
Спектакль крануў, бо паказаны людзі з нашага, сёньняшнега жыцця. І таму, калі глядзіш "Спасьцігаючы каханьне" разумееш, што і тое што здарылася з галоўнай гераіняй, магло здарыцца з кожным з нас (не дай жа Божа). A ці не гэта галоўнае, калі ты выходзіш з тэатра нешта зразумеўшы?!