|
У Ню-Ёрку 2 жніўня пасьля нядзельнай царкоўнай службы ў грамадскай залі Сабора Сьвятога Кірылы Тураўскага, што ў Брукліне, адбылася сустрэча Зянона Пазьняка і Сяргея Навумчыка з беларускай мясцовай грамадою. Выступоўцы расказалі прысутным пра гістарычныя падзеі, якія адбываліся напрыканцы 80-х – пачатку 90-х гадоў.
Зянон Пазьняк распавёў шмат цікавейшых падрабязнасьцей дзён, у якія тварылася навейшая гісторыя Беларусі. Калі да вырашальнай перамогі – абвяшчэньня дзяржаўнага суверэнітэту – прыводзілі як палітычна вывераныя дзеяньні і разьлік, так і разуменьне псыхалёгіі апанэнтаў прадстаўнікамі малаколькаснай апазыцыі Вярхоўнага Савету.
Сяргей Навумчык разьвеяў міфы аб суверэнітэце, якія пануюць у беларускім грамадстве. Пра нібыта “зваліўшуюся з неба” незалежнасьць (а пра дзесяткі тысяч загубленых жыцьцяў каліноўцаў, лістападаўцаў, людзей, якія загінулі падчас сусьветных войнаў ды якіх забівалі энкавэдысты ў Курапатах, вы забыліся?), пра камуністаў “ініцыятараў праэкту Дэклярацыі аб Суверэнітэце”, пра цэлы шэраг “змагароў за незалежнасьць”, якія чамусьці пачалі зьяўляцца толькі ў апошнія гады, пра “вызначальную ролю заходніх краін” ды “вярхоўны дазвол Расеі” на беларускую незалежнасьць. З дапамогай расповяду былога дэпутата, а зараз супрацоўніка “Радыё Свабода” спадара Сяргея Навумчыка наведвальнікі сустрэчы змаглі зрабіць адпаведныя высновы.
...Шмат было ўжо сказана і напісана за амаль ужо два дзесяцігодзьдзі пра прыняцьце Дэклярацыі аб Дзяржаўным Суверэнітэце 27 ліпеня 1990 году, пра абвяшчэньне 25 жніўня незалежнай краіны – Рэспублікі Беларусь, якая стала нашчадкам Вялікага Княства Літоўскага ды Беларускай Народнай Рэспублікі, пра нюансы галасаваньня па прыняцьцю бел-чырвонага-белага нацыянальнага сьцяга. Але ж расповяд, як кажуць, з першых рук заўсёды дае тое пачуцьцё прысутнасьці, ад якога час ад часу захоплівае дыханьне, калі разумееш тую мізэрную мяжу што аддзяляла посьпех ад няўдачы. Дух тых дзён быў выдатна перададзеы выступоўцамі. Такія сустрэчы, дзе на жыцьцёвых прыкладах распавядаецца пра перамогі нацыянальнага духу, волі ды розуму над маргінальнасьцю мышленьня ды апантанасьцю бяздушных выканаўцаў заўсёды прыдаюць дадатковай моцы. Нават у становішчы, калі, здаецца, ніякага выхаду папросту няма, дзякуючы падтрымцы адзін аднаго ды аб’яднаньню канструктыўных людзей, думак ды сілаў перамога можа быць дасягнута. Прыклад дзеяньняў дэпутацкай групкі ад БНФ на пачатку 90-х, якая мела толькі 8% галасоў у Вярхоўным Савеце, - лепшае таму пацьверджаньне.
Дзяніс Талпека
www.belmov.org  
|