website languages:
Навіны
Артыкулы
Літаратура
Відэа/Аўдыё
 
Аб нас
Нашы ініцыятывы
Бясплатны хостынг
Далучыцца
Кантакт
 
Сябры
Нашы банэры
 




Беларускі Мўзэй, Нью Ёорк, ЗША



Справаздача Беларускага моладзевага руху Амэрыкі за красавік 2008 – сакавік 2009 Адправіць на e-mail
Saturday, 09 May 2009
25 сакавіка 2009 года Беларускаму моладзеваму руху Амэрыкі споўнілася тры гады.

За мінулы год БМРА працягваў разьвіваць тыя накірункі дзейнасьці, якія былі прыярытэнымі і ў першыя два гады існаваньня арганізацыі. Сябры руху больш увагі надалі адукацыйна-асьветніцкай, грамадскай і культурніцкай дзейнасьці. Мы працягвалі актыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцьці беларусаў Амерыкі, ладзячы акцыі, накіраваныя на разьвіцьцё Беларусі як дэмакратычнай краіны, дзе паважаюцца правы яе жыхароў. Яднаньне беларускай моладзі замежжа, і ў першую чаргу той, што жыве зараз у Амерыцы, - адзін з прыярытэтаў дзейнасьці арганізацыі. Інфармацыйная дзейнасьць з асноўным накірункам разьвіцьця беларускамоўнага інтэрнэту, тэхнічная дапамога і падтрымка сайтаў на беларускай мове таксама зрабілі крокі наперад. Працягнулася разьвіцьцё адносінаў сяброў Руху і з партнёрскімі арганізацыямі Беларусі, Амэрыкі і іншых краін сьвету.

За трэці год свайго існаваньня сябры Руху прымалі актыўны ўдзел у разьвіцьці культурнага цэнтру. Сябры Руху актыўна дапамагалі працягваць працэс рэстаўрацыі будынка беларускай царквы што ў Брукліне. Моладзь як ахвяравала грошы на гэту неабходную справу, так і непасрэдна прымала ўдзел у рэстаўрацыйных працах ды займалася грамадска-арганізацйнай працай.
На новы ўзровень выйшла жыцьцё заснаванага два гады назад у ЗША Беларускага музею ў Ню-Ёрку, што месьціцца на плошчах Сабору Сьвятога Кірылы Тураўскага. За мінулы год Злучаныя Штаты, дзякуючы падтрымцы сяброў Музэю, наведалі беларускія мастакі Яўген Шатохін, Алесь Марачкін і Алесь Шатэрнік. Яны зладзілі ў ЗША свае пэрсанальныя выставы. Была праведзена групавая выстава, на якой экспанавалася 32 працы.

Пры актыўнай дапамозе сяброў з партнёрскіх арганізацыяў упершыню на тэрыторыі ЗША экспанавалася вандруючая выстава "Мастацтва супраць дыктатуры". Яна была праведзена ў Беларускім Музэі ў Ню-Ёрку і двойчы выстаўлялася ў сталіцы ЗША Вашынгтоне (у штаб-кватэры «German Marshall Fund of the United States” і ў Fund for American Studies). Першая падобная выстава была зладжана ўлетку 2008-га году ў будынку Эстонскага парлямнту ў Таліне.

Быў утвораны кансультатыўны орган пры Музэі - Рада мастакоў. Яна будзе дапамагаць у разьвіцьці музэя і супрацоўніцтве з беларускімі мастакамі і выконваць дарадчыя функцыі, што дапаможа ў будучым палепшыць эфектыўнасьць дзейнасьці Беларускага музэю ў Ню-Ёрку.

На сёньня ўжо амаль скончаны будаўнічыя працы на плошчах, дзе будзе месьціцца музэй. Тры залі яго ўжо ў хуткім часе будуць прымаць наведвальнікаў. У бліжэйшых мэтах – зрабіць уваход у музэй.
Сябры Руху працягвалі займацца арганізацыяй грамадскіх мерапрыемстваў. Пры нашай дапамозе праводзіліся імпрэзы, ладзіліся прагляды фільмаў. Сябры Руху прынялі актыўны ўдзел у традыцыйнай Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі, якая адбылася ў штаце Агаё напрыканцы лета-2008. Рухам на Сустрэчы была праведзена выстава беларускіх мастакоў, а таксама зладжаны паказ цэлага шэрагу фільмаў пра падзеі на Беларусі – як зусім нядаўнія, так і распавядаючыя пра гісторыю нашай краіны.

Пры актыўным удзеле нашай арганізацыі двое беларускіх маладзёнаў былі ўзнагароджаны ордынам Свабоды імя Кастуся Каліноўскага. Пасьля Зьміцера Дашкевіча, які атрымаў ўзнагароду год назад, зараз яны былі ўручаны Андрэю Кіму і Івану Шыле.

За трэці год свайго існаваньня Рух працягнуў дзейнасьць па аб'яднаньні беларускай моладзі, якая жыве за межамі краіны. Да нашай арганізацыі дадаліся новыя людзі, якія зацікаўлены ў зьменах на Беларусі і маюць жаданьне рабіць усё ад іх магчымае, каб такія зьмены адбыліся як мага хутчэй.
Рух аказваў усебаковую падтрымку моладзі, якая зьвярталася да БРМА. У тым ліку дапамога аказвалася і па іміграцыйных пытаньнях.

За мінулы год сябры Руху ў каардынацыі з дэмакратычнай супольнасьцю Беларусі (асноўны партнёр - «Малады Фронт») праводзілі палітычныя акцыі на тэрыторыі ЗША – у Вашынгтоне, дзе актыўна працуе сталічная філія нашай арганізацыі, ды Ню-Ёрку. У час кампаніі да верасьнёвых выбараў-2008 у так званую «палатку» БМРА даслаў лісты кандыдатам у прэзыдэнты ЗША Бараку Абаме, Джон Маккэйну і тады яшчэ кіраўніку краіны Джорджу Бушу. У іх мы зьвярталі ўвагу палітыкаў на сытуацыю на Беларусі.

Адзін з галоўных накірункаў дзейнасьці Руху - разьвіцьцё беларускамоўнага інтэрнэту. Рух ужо чацьвёрты год (дзейнасьць была распачата яшчэ да афіцыйнага ўтварэньня арганізацыі) на простых умовах прапаноўвае бясплатны хостынг ды тэхнічную дапамогу для беларускамоўных сайтаў, а таксама падтрымку ў іх распрацоўцы і адміністраваньні. Пачыналі з аднаго сэрвера, зараз іх колькасьць узрасла ўчацьвёра. Палепшыліся якасьць абслугоўваньня, абсталяваньне, бясьпека ды тэхнічнае забесьпячэньне, мы дапамагаем пры распрацоўцы сайтаў ды  атрыманьні даменных імёнаў. Вялізную дапамогу ў гэтым нам аказваюць партнёры - «Трэці шлях» і «German Marshall Fund of the United States».

Дзякуючы менавіта гэтай дзейнасьці на сёньня больш за сотня сайтаў неджяржаўных арганізацый, палітыкаў, палітычных партыяў, рухаў, моладзевых арганізацыяў, прыватных асоб і іншых маюць цудоўную магчымасьць выйсьці са сваёй інфармацыяй у сьвет. Колькасьць сайтаў, якія карыстаюцца прапанаванымі намі паслугамі, за год узрасла на чвэрць.

Запрашаем далучацца да нашых праэктаў усіх, хто мае жаданьне працаваць на карысьць Беларусі і дапамагаць разьвіцьцю стасункаў новай беларускай дыяспары. Разам мы зможам зрабіць значна больш.

Беларускі моладзевы рух Амэрыкі выказвае падзяку сваім партнёрам на Беларусі і ў замежжы – актывістам грамадскай ініцыятывы «Трэці шлях» і «Малады Фронт», Беларускай Aўтакефальнай царкве, «German Marshall Fund of the United States» і «Fund for American Studies».

Беларускі Моладзевы Рух Амэрыкі

www.belmov.org
www.belmovdc.org

 
< Папяр.   Наст. >





Бясплатны хостынг