|
7 лютага ў Ню-Ёрку а 14-й гадзіне ў дзень, калі актывісты Іван Шыла, Франак Вячорка і Зьміцер Хведарук прымалі прысягу ў беларускім войску, Беларускі Моладзевы Рух Амэрыкі правёў 90-хвілінную акцыю падтрымкі маладзёнаў і выказаў сваё "супраць" палітычнаматываваным прызывам, якія ладзяцца на Беларусі. Каля будынку ААН пад шматлікімі бел-чырвона-белымі сьцягамі сабралося больш за паўсотні чалавек.
У гэты ж час у Вашынгтоне каля беларускай амбасады была праведзена акцыя супраць перасьледу ўладамі беларускіх грамадзян. На мітынгу ў сталіцы ЗША беларусы Амэрыкі асудзілі афіцыйнае кіраўніцтва Беларусі за працяг гвалтоўнай палітыкі ў адносінах грамадзянскай супольнасьці, а таксама выступілі за стварэньне ў Беларусі прафэсыйнага войска. Невялічкая група мітынгуючых, пратэстуючы супраць гвалтоўнага адпраўленьня ў войска моладзевых лідэраў, трымала плакаты "No army recruiting on political grounds in Belarus", "Illegal recruiting is a new punishment for democrats".
На мітынгу ў Ню-Ёрку прысутнічалі вядомыя дзеячы беларускага адраджэньня Алесь Марачкін, Зянон Пазьняк, Алесь Шатэрнік і Сяржук Сокалаў-Воюш.
Сабраўшымся арганізатары акцыі распавялі пра факты парушэньняў пры прызыве беларускіх сыноў у войска, зазначыўшы, што палітычны перасьлед людзей на Беларусі працягваецца і пасьля абвешчаных уладамі Беларусі крокаў на лібэралізацыю і дэмакратызацыю краіны.
Зянон Пазьняк распавёў пра апошнія навіны з Беларусі і адзначыў, якую карысьць можа прынесьці краіне нават адзін чалавек, моц якога значна павялічваецца, калі ён атрымлівае падтрымку. Спадар Зянон узгадаў гістарычныя факты, калі беларускія шляхцічы ішлі ў расейскае войска і станавіліся афіцэрамі дзеля таго, каб мець магчымасьць уплываць на сытуацыю на Радзіме ды выхоўваючы беларусаў, адданых сваёй краіне і, гледзячы і думаючы пра будучыню, змагацца за тое, каб у адзін з дзён Бацькаўшчына стала вольнай.
Прыляцеўшы ў Злучаныя Штаты толькі за дзень да акцыі для адкрыцьця сваёй пэрсанальнай выставы, Алесь Марачкін узгадаў пра моманты, калі трымаў на руках маленькага Франака, які сёньня на беларускай мове сваю прысягу скончыў сьвятымі словамі "Жыве Беларусь!"
Сябра Рады БНР Юрась Юркевіч, які за дзень да падзеі прыляцеў з Таліна, адзначыў вартасьць словаў падзякі ў любы час, асабліва ў такі складаны, які перажывае сёньня Беларусь. Ён падзякаваў беларускіх актывістаў за смеласьць, а прыйшоўшых на акцыю - за іх падтрымку. Падзяку за падтрымку атрымалі прысутныя і ад актывіста з Салігорску Дзяніса Талпека, якую ім перадалі родныя Івана Шылы і яго салігорскія сябры.
Мікола Сагановіч нагадаў пратэстуючым, што ў першыя дні лютага нарадзіліся такія сыны беларускай зямлі як Кастусь Каліноўскі і Тадэвуш Касьцюшка, на прыкладах жыцьцёвага лёсу і заваёваў якіх якіх вучацца сёньня Іван, Франак, Зьміцер і тысячы іншых беларусаў. Беларусы Амэрыкі маглі ў мінулы ўік-энд таксама прыняць удзел у мерапрыемстве, якое ладзілася ў мінулы ўік-энд Беларускім Музэем у будынку Беларускай Аўтакефальнай царквы ў Саборы Сьвятога Кірылы Тураўскага.
Клічамі "Жыве Беларусь!" пад бел-чырвона-белымі сьцягамі беларусы Амэрыкі выказалі падтрымку Івану, Франаку і Зьміцеру, сказаўшы пры гэтым сваё "супраць" палітычнаму перасьледу моладзевых актывістаў у роднай краіне.
www.belmov.org
www.belmovdc.org







|