website languages:
News
Articles
Literature
Video/Audio
 
About us
Our initiatives
Free hosting
Join us
Contact
 
Links
Our banners
 




Беларускі Мўзэй, Нью Ёорк, ЗША



Дзяды, якія вярнулі Беларусь E-mail
Friday, 31 October 2008
"Сябры, сёньня мы сабраліся, каб памянуць нашых продкаў. Усіх, хто жыў на гэтай зямлі і лёг у яе за 1000 гадоў беларускай гісторыі.



Мала знойдзецца на сьвеце народаў, шлях якіх быў бы такім пакутлівым, як шлях беларусаў.


Заваёўнікам на працягу стагодзьдзяў удавалася зьнішчаць лепшых людзей Беларусі. Лік гэтых ахвяраў бясконцы -- ад забітага Рагвалода і атручанага князя Уладзімера Полацкага да паўстанцаў 1863 году, выдатных партыйных і савецкіх дзеячоў рэспублікі Мікалая Галадзеда, Алеся Чарвякова і Зьміцера Жылуновіча.

Кожнага другога жыхара страціла Беларусь у гады страшных войнаў 17-га стагодзьдзя. Амаль кожнага трэцяга ў ліхалецьці Паўночнай вайны, кожнага чацьвертага ў Вялікай Айчыннай.



Мы яшчэ ня ведаем нашых стратаў у гады сталінскага генацыду, але ўжо разумеем, што гэтыя часы сталінскай крывавай вакханаліі, калі вынішчалася лепшая частка грамадзтва, былі разам з фашысцкай акупацыяй самымі жахлівымі старонкамі нашай гісторыі.



Толькі ў Курапатах, па няпоўных яшчэ зьвестках зьнішчана каля 200 тысячаў людзейі розных нацыянальнасьцяў, бязьвінных ахвяраў сталінскага тэрору.

Прыйдзе час, і мя ўсьвядомім, што тут пад Менскам у 30-ыя гады адбывалася адна з масывых страшных трагедый 20-га стагодзьдзя.



Прыйдзе час, і ў балючай памяці чалавецтва назва Курапаты зойме месца побач з назвамі Бухенвальд і Асьвенцым.


Гора тым народам, памяць якіх сьпіць альбо закалыхана дрэмле. Гістарычная памяць разам з роднай мовай -- гэта крылы нацыі. Птушка з абрэзанымі альбо перабітымі крыламі ніколі ня здолее падняцца ў неба. Беспамяцтва спараджае нацыянальны нігілізм і вандалізм, якія спраўляюць свой баль на руінах нацыянальных сьвятыняў.

Беспамяцтва спараджае рабскую псыхалёгію.




Успомнім падманутых беларускіх сяланаў, якія выдавалі на расправу ў рукі царскім карнікам паўстанцаў Каліноўскага.

Успомнім тых, хто ачмурэла патрабаваў крывавых прысудаў ворагам народу ў 1930-ыя гады.


Людзі без памяці і сёньня гатовыя па падказцы сталіністаў абвясьціць самазванцамі і ворагамі перабудовы тых, хто ня хоча мірыцца з фальсыфікацыямі беларускай гісторыі, са зьняважальным становішчам роднай мовы, з пагрозаю экалягічнай катастрофы, сьмяротнае дыханьне якой мы адчулі пасьля чарнобыльскай драмы. 

Задумаемся, хто перашкаджае несьці народу праўду пра Курапаты.




Задумаемся, з чые маўклівае згоды плянуецца будаўніцтва новай атамнай станцыі на зьнявечанай беларускай зямлі пад Віцебскам.

Задумаемся, хто і дзеля чаго сарваў адкрыцьцё ў Менску народнага ўнівэрсытэту гісторыі і культуры Беларусі, якія сілы ўсімі даступнымі ім сродкамі дыскрэдытуюць створанае нядаўна грамадзкае гісторыка-асьветніцкае таварыства "Мартыралёг Беларусі", якое ставіць сьвятую мэту паіменна выставіць колькасьць ахвяраў, што загінулі на беларускай зямлі ў гады сталінскага генацыду. 



Сёньня, калі лепшыя сілы партыі і грамадзтва на чале з Міхаілам Гарбачовым вядуць нялёгкую барацьбу за перабудову, мы павінны ясна зразумець, што сілы рэакцыі зробяць усё магчымае, каб пусьціць цягнік дэмакратызацыі пад адкос. Гісторыя дала беларусам бадай апошні шанец -- застацца народам, які жыве на сваёй зямлі і сам вырашае свой лёс.




Не выкарыстаць гэты шанец -- значыць учыніць злачынства і перад памяцьцю продкаў і перад наступнымі пакаленьнямі.

Ушануем нашых герояў, ушануем мужных і сумленных людзей, што спрадвеку жылі на беларускай зямлі.



У гэты надзвычай адказны для будучыні Айчыны час яны побач з намі"
.



Уладзімер Арлоў, 20 гадоў назад на тых самых Дзядах, якія вярнулі Беларусь на гістарычны шлях, калі тысячы Беларусаў йзноў узьнялі над Нашай Роднай Зямлёю Наш Сьцяг і далі зразумець усім што Беларусь была, ёсьць і будзе.



«І ўпершыню, маўкліва сьцяўшы рот, з натоўпу глянуў люд. Амаль народ»,  - напісала тады "Літаратура і Мастацтва".

Мы зараз - незалежная краіна. Але й зараз ня можам пазбавіцца ад гэтага ганебнага "амаль"...

 

 

 
< Prev   Next >





Бясплатны хостынг