|
16-17 красавіка Беларускім моладзевым рухам Амерыкі было арганізавана падарожжа на раку Дэлавэр і ў Родны Кут.
Праграма ўік-энду, распрацаваная беларусамі Амерыкі была надзвычай насычанай і цікавай. Першая частка – гэта 16-кіламетровы ваяж па рацэ Дэлавэр на каяках ды лодках. Потым жа, калі “веславальны” шлях быў пройдзены і адна частка вандроўнікаў накіравалася дадому, моладзь, ладзіўшая гэты некароткі, але такі сапраўды беларускі трып на абшарах далёкай Амерыкі, на ўсе 100% выканала запланаваную ўік-эндавую праграму па-сяброўску беларускага адпачынку. Сябры БелМува ў той вечар наведалі цудоўнае беларускае мястэчка ў штаце Ню-Ёрк. Так-так, не зьдзіўляйцеся, менавіта беларускае! ;) Але – аб усім па чарзе. Пачатковы пункт падарожжа – надзвычай прыгожае месца на рацэ Дэлавэр, як раз на межах штатаў Пенсільванія, Ню-Джэрсі ды Ню-Ёрк: узвышкі, лясы, то надзвычай хуткая, то па-беларуску спакойная рака, цішыня і захапляючыя краявіды. Усё гэта ў сукупнасьці з бел-чырвона-белым сьцягам, які быў замацаваны на адным з каякаў, у той уік-энд нагадвала пра Беларусь. Па-летняму лагоднае сонейка, лёгкі брыз, сяброўскія жарты ды дапамога тым, хто толькі распачынаў сваю веславальную практыку, нягледзячы на розны ўзрост і зацікаўленасьці дзевятнаццаці ўдзельнікаў падарожжа, збліжалі людзей, зь якіх шмат хто бачыў адзін аднаго ўпершыню ў жыцьці. Дапамагалі гэтаму, безумоўна, добры настрой ды тое, што ўсіх нас аб’ядноўвае – наша Беларусь ды матчына мова. Родны Кут для кожнага з нас гэта нешта сваё, але для беларусаў, што знаходзяцца за мяжой, нацыянальныя каштоўнасьці ўспрымаюцца ўсё ж неяк па-іншаму, чым калі жывеш на Беларусі. Кожную навіну з Радзімы чакаеш з адмысловай надзеяй, кожны дзень, які пражыты далёка ад сінявокай, нават калі ў сьпешцы замежнага жыцьця няма і хвіліны, каб прыпыніцца і ўзгадаць родную старонку – менавіта такія вечары дадаюць дадатковай моцы, каб працаваць на карысьць роднай краіны. Родны Кут Юліі Андрусішынай, маці вядомага беларускага песьняра Данчыка, стаў 17 жніўня тым домам, які нагадаў кожнаму з адзінаццаці беларускіх маладзёнаў пра свае родныя старонкі. Гэтаму, безумоўна, дапамаглі і сьпевы Данчыка, Сяржука-Сокалава Воюша ды Леаніда Барткевіча запісаў пачатку-сярэдзіны 90-х, і тая цеплата і гасьціннасьць, зь якой спадарыня Юля частавала наведвальнікаў, распавядала пра справу беларускай эміграцыі ды жыцьцё сваё ды сваіх родных і сяброў. Фотаздымкі, якімі ўпрыгожаны гасьцінная, дадавалі сустрэчы яшчэ большага ўражаньня: людзі, якія наведвалі гэты дом раней, зрабілі для Беларусі шмат карыснага. Цяпер жа – мэта маладых людзей, што наведалі амерыканкі беларускі Родны Кут, дапамагаць ім чым толькі можна, пераўтвараць у жыцьцё свае задумкі, ствараць і рабіць тое, што дазволіць і Беларусі афіцыйнай з часам стаць на верны шлях разьвіцьця. Падарожжа на Дэлавэр-рэвэр 16-17 жніўня ды беларускі ўік-энд у штаце Агаё, што будзе ладзіцца 30-31 жніўня – добрая магчымасьць для беларусаў Паўночнай Амерыкі адзначыць 17-я ўгодкі Дня Беларускай Незалежнасьці 25 жніўня. Таму, па-першае, падзяка усім, хто прыняў удзел у падарожжы на Дэлавэр-рывэр! Вам для гэтага давялося адоець няблізкі шлях! А, па-другое - запаршаем яшчэ раз усіх беларусаў Амерыкі прыняць удзел у сьвяткаваньні Дня Беларускай Незалежнасьці ў мястэчку Стронгсвіль у беларуска-амерыканскім грамадскім цэнтры “Полацак”, штату Агаё, 30-31 жніўня. Будзем рады бачыць Вас на нашых мерапрыемствах! З найлепшымі пажаданьнямі, Цішка Дзенісюк,
Беларускаі Моладзевы Рух Амерыкі www.belmov.org

 |