|
Да Беларускага Грамадства ў Нью-Йорку й Аколіцы |
|
|
Tuesday, 25 March 2008 |
За апошні год абвастрылася варожасьць паміж сёньняшнім кіраўніцтвам Нью-Ёрскага Аддзелу БАЗА, а менавіта сп. В. Зайкам, і парафіяй Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне. Апошні раз такая варожасьць існавала 25 гадоў таму, калі так званыя “палітыкі”, не зважаючы на закон, хацелі перавыбраць кіраўніцтва Царквы й пазбавіць Мітрапаліта Андрэя ягонай духоўнай апекі над парафіяй. У судзе закон аказаўся важны й тыя “палітыкі” прайгралі суд і адыйшлі.
Для нас і для Беларусі БАПЦ мае вельмі вялікае рэлігійнае й палітычнае значэньне. Палітычнае значэньне таму, што тады, калі БАПЦ будзе свабодна разьвівацца на Беларусі, яна выцісьне расейскую Царкву й разам з ёй расейскі імпэрыялізм. Беларусь стане сапраўды свабоднай. Ня дзіва тады, што рэжым Лукашэнкі не дазваляе адкрыць парафіі БАПЦ на Беларусі й што да гэтага часу было некалькі спробаў зьнішчыць БАПЦ, асабліва Парафію Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне. Такія спробы працягваюцца й сёньня ды пэўна Масква не страціць жаданьня каб захапіць БАПЦ у будучыні. На працягу апошніх 50 гадоў беларускія арганізацыі, такія як БАЗА, выканалі важную й патрэбную працу, інфармуючы Злучаныя Штаты Амэрыкі пра Беларусь, дамагаючыся незалежнасьці для Беларусі, ды пратэстуючы супраць розных нясправедлівасьцяў адносна Беларусі ў амэрыканскай замежнай палітыцы. Такая праца павінна працягвацца, але той, хто ад імя БАЗА зьневажае Царкву, мае або хворую амбіцыю, або служыць Маскве. Такіх людзей неабходна выгнаць. Усе Беларусы павінны лічыць рэгулярнае наведваньне Набажэнстваў у БАПЦ як нацыянальны гонар. Гэта таксама ўзмоцніць БАПЦ, беларускую незалежную Царкву ды ўставіць вострую костку ў маскоўскае горла. Наш лёзунг ёсьць: “Належаць да БАПЦ – значыць належаць да Беларускага Народу”. Расьціслаў Гарошка Старшыня Парахвiяльнай Рады Катэдральнага Сабору Сьв. Кірылы Tураўскaгa ў Бруклiне, Н.Е. 25 сакавіка 2008 |