website languages:
Навіны
Артыкулы
Літаратура
Відэа/Аўдыё
 
Аб нас
Нашы ініцыятывы
Бясплатны хостынг
Далучыцца
Кантакт
 
Сябры
Нашы банэры
 




Беларускі Мўзэй, Нью Ёорк, ЗША



Пра што мараць маладыя беларусы Адправіць на e-mail
Thursday, 25 January 2007
Кожны чалавек мае мару, а калі ён малады, мара пра будучыню набывае падкрэсьлена блакітна-ружовы колер. Яна становіцца паходняй, якая вядзе па ростаням жыцьця і не дае забыцца на юнацкія ідэалы. Мара дае сілы й моц трымацца на віхурах дарослага жыцьця. Канешне, для кожнага запаветная мара зьмяняецца з узростам.

З маленства мы прызвычаіліся да стэрэатыпнага: хлопчык хоча стаць лётчыкам, а дзяўчынка настаўніцай. У школе мары юнакоў зьмяняюцца. Зараз хучэй пачуеш ад падлеткаў, што яны мараць стаць бізнэсоўцамі ці ня кім іншым, як топ-мадэлямі. Па заканчэньню школы фантазіі крыху ўтаймоўваюцца, ацэньваюцца магчымасьці, і вымалёўваецца збольшага рэальны плян дзеяньняў. Час пакажа, як пільна мы будзем прытрымлівацца юнацкіх летуценьняў.

А зараз заплюшчым вочы і памарым. Мы правялі апытанку сярод беларускай моладзі ў Амэрыцы і ў Беларусі. Удзел прынялі рэспандэнты ва ўзросьце ад 16 да 28 гадоў. На пытаньне якая вашая запаветная мара мы атрымалі самыя розныя адказы. Трэба адзначыць, што вялікая колькасьць маладых беларусаў адказалі, што мараць аб вольнай Беларусі.

Юнак, Беларусь, 16 гадоў: “Я мару аб тым, каб Беларусь стала свабоднай”.

Юнак, Беларусь, 18 гадоў: “Вольная парляманцкая Беларусь пад бел-чырвона-белым сьцягам ды з “Пагоняю”.

Ёсьць і мара заснаваць сапраўдны беларускі ўнівэрсытэт па эўрапейскай мадэлі.

Дзяўчына, ЗША, 22 гады: “Я-б хацела стварыць у Беларусі сапраўдны беларускі ўнівэрсытэт. Мне бачыцца, што сапраўды беларускім ён павінен быць у дачыненьні мовы, традыцыяў, выкладаньні гісторыі. Марыцца, каб гэта была прагрэсіўная навучальная ўстанова, якая-б давала шырокія магчымасьці сваім выпускнікам, каб яна адпавядала ўзору эўрапейскіх вышэйшых навучальных установаў. Здаецца, што зараз такога ўнівэрсытэту вельмі не хапае, таму я буду марыць і далей, бо, мне падаецца, зьдзяйсьненьне маёй мары будзе вельмі карысным для Беларусі.”

Прагучала і такая думка: “ Хачу быць у гармоніі з усімі людзьмі, сабою, Богам. Да гэтага трэба імкнуцца, хаця надзвычай цяжка!” Перагуквалася моладзь у сваіх марах аб пасьпяховай кар’еры. Дзяўчына зь Беларусі падзялілася, што марыць стаць вядомай мастачкай. Былі й такія, што яшчэ ня вызначыліся аб чым яны мараць. Зьнешне ёсьць мільён рэчаў, якія жадаеш, а калі ткнуцца глыбей, то няма канкрэтнай мары. Тым ня менш, апытаньне паказала, што большасьць мараў нематар’яльныя, на першы плян выходзяць вялікія памкненьні.

Наступные пытаньне датычылася залежнасьці дасягненьня прафэсыйных амбіцыяў ад палітычнай сытуацыі ў Беларусі.

Хлопец, Беларусь: “Амбіцыі я нават баюся спрабаваць ажыцьцявіць, бо можна няслаба атрымаць па галаве ў прамым і пераносным сэнсах. Пляны далёка наперад не складаю, аднак калі трохі прыкінуць, то ўсё-ткі можна рызыкнуць распачаць уласную справу паводле спэцыяльнасьці, нягледзячы на ўсе перашкоды.”

Юнак, ЗША, 28 гадоў: “У адрозьненьне ад Беларусі, ЗША - свабоднае ад перажыткаў грамадзтва, дзе можна добра стартануць, каб забясьпечыць свае амбіцыі, тут усё залежыць ад сябя і крышачку шанцаваньня.”

Дзяўчына, ЗША, 23 гады: “У Беларусі ўсё падавалася складаным і неажыцьцявімым. Марыла, але ня верыла, што нешта спраўдзіцца. У Амэрыцы адчуваецца іншая атмасфэра. Я да нечага імкнуся і ёсьць упэўненасьць, што мае пачынаньні будуць мець плённае завяршэньне. Да таго-ж няма палітычнага ды ідэалягічнага ўціску, можна свабодна выказвацца, працаваць, ствараць пляны на будучыню.”

Амаль усе апытаныя выказалі ўпэўненасьць, што пераўтварэньне мараў у рэальнасьць залежыць ад палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Гэта ў чарговы раз даказвае старажытнагрэцкае выказваньне, што як-бы чалавек ні спрабаваў схавацца ад палітыкі, яна сама знойдзе яго.

Ці бачыце Вы рэальныя шляхі дасягненьня Вашай мэты? Так гучала наша наступнае пытаньне. Адказы былі вельмі прадказальнымі. Моладзь, што жыве ў Амэрыцы ў пераважнай большасьці ўпэўненая ў магчымасьці ажыцьцявіць сваю мару. Адчуваецца іх вялікі аптымізм і датычна зьмены палітычнай сытуацыі ў Беларусі.

Дзяўчына, ЗША, 21 год: “Чым хучэй Беларусь стане дэмакратычнай краінай, тым хучэй беларуская моладзь знойдзе шляхі да самарэалізацыі не толькі ў Амэрыцы, але і ў Беларусі. Вось гэтага і чакаю, бо для мяне гэта вельмі актуальна. ”

Маладыя людзі зь Беларусі адказалі на гэтае пытаньне, ў асноўным ужываючы ўмоўны лад.

Дзяўчына, Беларусь, 24 гады: “Мала, што залежыць ад мяне. Здаецца, што гады студыяваньня ва ўнівэрсытэце прайшлі марна, бо дыплём аказаўся паперкаю, якую прыстасаваць у жыцьці я не магу. На сёньняшні дзень я хучэй знаходжуся ў чаканьні пераменаў, чымся ў мэтанакіраваным пошуку.”

Прысутнічала і цьвёрдасьць ў адказах рэспандэнтаў.

Юнак, Беларусь: “Бачу. Трэба напачатку атрымаць адукацыю. Не выляцець з унівэру. Зьмяніць пануючы дзяржаўны лад.”

Юнак, Беларусь, 16 гадоў: Юнак, Беларусь, 16 гадоў: “Так. Такія шляхі я бачу.”

Пацікавіліся мы, ці адчувае беларуская моладзь патрэбу прымаць удзел у грамадзкім жыцьці. Падаецца, што гэтае пытаньне выклікала ў большасьці рэспандэнтаў неспадзяваны інтарэс. Высьветлілася, што пад часам зьнешнюю бязьдзейнасьцю хаваецца вялікі патэнцыял. Нават розьніца ў геаграфічных каардынатах не паўплывала на адказы. Наадварот, стварылася ўражаньне, што адарванасьць ад Радзімы толькі больш распаліла грамадзянскую адказнасьць у маладых беларусах.

Юнак, Беларусь, 18 гадоў: “Змагацца і яшчэ раз змагацца!”

Дзяўчына, ЗША, 21 год: “Прымаць удзел у грамадзкім жыцьці неабходна. Калі кожны зразумее, што ад яго залежыць, якой будзе ягоная краіна, тады мы “зоймем свой пачэсны пасад між народамі”. Нават жывучы не ў Беларусі, я намагаюся быць у цэнтры беларускіх падзеяў. Мяне таксама вельмі цікавіць жыцьцё беларускай дыяспары як ў Амэрыцы, гэтак і ў іншых краінах сьвету.”

Юнак, ЗША, 21 год: “Хачу стварыць аб’яднаньне беларускай моладзі ў ЗША.”

Толькі адзінкі маладых людзей сказалі, што яны не цікавяцца грамадзкім жыцьцём. Астатнія-ж станоўча адказалі на пытаньне. Моладзь зь Беларусь часта дадавала, што баіцца прымаць удзел у грамадзкіх жыцьці з-за перасьледу, але пры належных умовах з ахвотаю-б займалася такою дзейнасьцю. Некаторыя дадалі, што грамадзкая праца дае ім магчымасьці для самарэалізацыі.

У канцы апытанкі мы паспрабавалі выявіць, наколькі гатовая моладзь узяць на сябе адказнасьць і абавязкі ў грамадзкіх справах. Мы спыталі, ці лічаць маладыя беларусы сябе патэнцыйнымі грамадзкімі лідэрамі. Станоўчыя адказы падзяліліся з адмоўнымі. Слушна адзначыць, што лідэрства ў любой асобе залежыць ад рысаў характару. Тым ня менш жаданьне быць у першых радох, “трымаць руку на пульсе жыцьця” ў моладога пакаленьня, якое прыйдзе на зьмену старому, цесна зьвязанае з будучым Беларусі.

Юнак, Беларусь: “Не лічу. Я, хучэй, проста грамадзянін, але са сваёй самастойнай пазыцыяй. Лідэры мусяць быць героямі, станавіцца імі праз свае ўчынкі.”

Дзяўчына, ЗША, 21 год: “Лічу. Я з маленства займалася грамадзкімі справамі (школьнымі, потым унівэрсытэцкімі), спадзяюся, што гэты вопыт дапаможа мне стаць добрым лідэрам у сталым жыцьці.”

Дзяўчына, ЗША, 22 гады: “Здаецца, што яскравага лідэра зь мяне не атрымаецца, затое я магу плённа працаваць у камандзе. Калі паўстане такая неабходнасьць, то я буду працаваць поруч з таленавітым грамадзкім лідэрам.”

Дзяўчына, Беларусь, 21 год: “Я магла-б стаць грамадзкім лідэрам, але для гэтага павінна быць вельмі важкая прычына, каб я вырашыла зьвязаць сваё жыцьцё з грамадзкаю працаю.”

Юнак, Беларусь, 18 гадоў: “Хоць лічу сябе ад прыроды чалавекам сьціплым, адказваю, што ўважаю сябе лідэрам.”

Юнак, ЗША: “Так, лічу сябе лідэрам, але не патэнцыйным, а рэальным, бо зьбіраю вакол сябе цікавых асобаў, намагаюся ўдзельнічаць у розных мерапрыемствах, каб рэалізоўваць заплянаваныя задачы.”

Нашая апытанка паказала, якая цікавая і неардынарная беларуская моладзь. Беларусь гадуе людзей зь вялікім патэнцыялам і магчымасьцямі. Спадзяёмся, што кожны з удзельнікаў апытанкі зможа ажыцьцявіць сваю мару.

А цяпер расплюшчыце вочы. Памарылі? Час ператвараць мары ў жыцьцё.

Каруся Каханоўская
Газэта "Беларус"
 
< Папяр.   Наст. >





Бясплатны хостынг